25 красавiка 2024, Чацвер, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Паспрачаўся, што зраблю»: мянчук будуе плывучы дом на Чыжоўскім вадасховішчы

24
«Паспрачаўся, што зраблю»: мянчук будуе плывучы дом на Чыжоўскім вадасховішчы
ФОТА: TUT.BY

Унікальны хаўсбот будуецца паволі, ад душы.

Уладзімір ужо амаль два месяцы будуе свой дом на вадзе. Ён паставіў на беразе Чыжоўскага вадасховішча намёт, кемпер і з раніцы да вечара майструе. «Дадому толькі мыцца хаджу», - смяецца мужчына. Ён распавёў tut.by, як паспрачаўся з жонкай, што пабудуе плывучую дачу.

У сацсетках задаліся пытаннем, «хто жыве на вадасховішчы» ў Чыжоўцы. Нядаўна непадалёк ад былой вёскі Карзюкоў з'явіўся невялікі дом. Пабудова трымаецца на вадзе, ля самага берага. Неяк яна выплыла ў цэнтр вадаёма і зрабіла фурор.

- Сабакары з берага нам махалі, крычалі! А мы выйшлі на сярэдзіну вадасховішча, лазню запалілі, памыліся — проста выдатна! - распавядае Уладзімір, які будуе плывучы дом.

У сям'і ёсць кватэра на вуліцы Галадзеда, а тут, на вадзе, будзе месца для адпачынку.

— Я будую хаўсбот, — тлумачыць мужчына задуму. — Еўропа ўжо амаль 90 гадоў жыве на вадзе, справа пастаўленая на канвеер. Але ў нас гэта не развіта, хоць Беларусь і краіна азёр, сінявокая. Я шмат падарожнічаў, пабачыў такіх дамоў. Неяк з жонкай на уікэндзе ў Парыжы здымалі дом на вадзе - запала ў душу! І мы гэтую мару насілі ў сэрцы доўгія гады. Час ідзе, ужо і ўнучцы споўнілася два гады. Жонка кажа: «Можа, лецішча купім?». Я сказаў:«Ты ж зямлю не любіш, давай я лепш на Чыжоўскім пабудую!». Можна сказаць, паспрачаўся з ёй. У Менску хаўсботаў няма, ёсць на Менскім моры, але там больш дарагі еўрапейскі варыянт, мой плывучы дом будзе прасцейшым.

На задуму Уладзіміра, тут з'явіцца сямейны домік на 48 «квадратаў», у якім змесцяцца сталовая, спальня, туалет, душ, лазня, тэхнічная зона. Лазню абсталяваў у першую чаргу - ужо можна парыцца.

Дом мужчына паставіў на ваду месяца паўтара таму. Плануе скончыць будоўлю да вясны.

— Не патоне?

— Не патоне! Пад ім металаканструкцыі вельмі сур'ёзныя, рэзервуары вялікага ціску стаяць: выпрабоўваў іх мінулай зімой, усё надзейна. Зраблю і дадатак - супраць нахілу. Рухавік — электрычны матор, будзе працаваць на сонечных батарэях, усё экалагічна.

Уладзімір тлумачыць, што хаўсбот - не човен, рэгістраваць у Дзяржаўнай інспекцыі маламерных суднаў яго не трэба. З пункту гледжання закона - гэта плыт або пантонная пераправа.

У раённай управе МНС і адміністрацыі жыхара Чыжоўкі падтрымалі. Маўляў, законам не забаронена, будуйце.

— Праўда, тут недалёка, ля вадасховішча, ёсць школа алімпійскага рэзерву. Хадзіў да іх не раз, прасіў у арэнду месца для хаўсбота. Там усё ж камеры, ахова. Ні за што не пагадзіліся, а шкада, - хвалюецца мянчук. - Пакуль што даводзіцца начаваць побач з будоўляй, каб не раскралі матэрыялы.

Каркас будучага дома - з фінскай фанеры, ён уцеплены, ёсць каналізацыйныя трубы і водаправод. На будоўлю ўжо сышло прыкладна дзевяць тысяч даляраў. Уладзімір мяркуе, што напэўна выдаткуе яшчэ столькі ж.

- Зусім бюджэтна дом на вадзе не пабудуеш. Усё ўпіраецца ў вагу, трэба абдумваць кожны крок. Калі дрэва - то трэба браць самае лёгкае, лістоўніцу, прычым апрацаваную, каб матэрыял не гніў. Калі шкло - энэргазберагальнае, дзверы - шчыльныя, уцепленыя, але лёгкія.

Інфармацыю па будаўніцтве плывучых дамоў беларус знаходзіць на еўрапейскіх форумах уладальнікаў хаўсботаў. Праўда, не ўсе хочуць даваць парады.

- Людзі зарабляюць на іх грошы, таму многае - сакрэт фірмы. Я нават спрабаваў уладкавацца на працу на завод у Кракаве, дзе хаўсботы робяць. Так хацелася зразумець — што да чаго, - прызнаецца Уладзімір.

Мужчына дзеля мары кінуў працу. Якую менавіта — не распавядае.

- Мая прафесія не звязаная з працай рукамі. У нейкі момант зразумеў, што надакучыла ўсё, набіраю вагу. Ведаеце, 48 гадоў — я ў такім узросце, калі мужчына ці ўпадае ў дэпрэсію, або заводзіць палюбоўніцу, або знаходзіць нейкае захапленне. І калі я пачаў будоўлю, то страціў 16 кіло вагі! Адчуваю сябе выдатна. Сям'я вельмі падтрымлівае.

Уладзімір ужо гатовы правесці экскурсію. Вось тут будзе спальня, тут сталовая.

- Зраблю барную стойку з талеркамі, келіхамі, якія будуць у паветры вісець, - ну я так уяўляю! А вось тут будзе рукамыйніца, а там — дзвюхфаерачная газавая пліта. Акно ў спальні будзе вялікае. Зраблю навес на другім паверсе, пастаўлю пад ім арэлі, шэзлонг, мангал з вяндлінай.

Мужчына ўжо купіў водную станцыю. Яна будзе перапампоўваць праз фільтры ваду з вадасховішча - чатыры ступені ачысткі. Яе плануе выкарыстоўваць для душа, мыцця, прання. Знаёмы ўладальнік хаўсбота, італіец, падказаў, як правільна арганізаваць туалет.

- У іх там гэта гатовае прадаецца, а тут даводзіцца самому вынаходзіць. Спецыяльныя бактэрыі будуць расшчапляць фекаліі, у возера будзе выходзіць ужо вычышчаная шэрая вада. Цяжкая фракцыя будзе збірацца ў касеты і ўтылізавацца асобна, - тлумачыць Уладзімір.

На зіму мужчына зняў з плывучага дома матор. Цяпер узгадвае, як хадзіў па вадасховішчу да Серабранкі, рыбаліў там з сябрамі. Тое, што гэты вадаём ўважаецца за тэхнічны, мужчыну не бянтэжыць.

- Вада брудная? Тут максімум ёсць перавышэнне ў цяжкіх металах у старых карасях, якія закопваюцца ў глей. Астатняя рыба, якую я даставаў, чыстая. А водзіцца тут судак, шчупак, падлешчык, лешч, лін, белы амур, ракі, печкуры — усё ёсць. Раз на год рыбу з Чыжоўскага вадасховішча я нашу ў лабараторыю, даследаванні паказваюць, што ўсё чыста.

Здаваць у арэнду свой плывучы дом Уладзімір не збіраецца.

- Будую яго паволі, ад душы. Так што і адпачываць тут будзем самі, гэта ж маё тварэнне.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках