25 красавiка 2024, Чацвер, 16:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць асноўных высноваў міжнародных назіральнікаў аб «выбарах» у Беларусі

40
Пяць асноўных высноваў міжнародных назіральнікаў аб «выбарах» у Беларусі

На што звярнулі ўвагу назіральнікі?

Пасля "выбараў", 18 лістапада, на прэс-канферэнцыі міжнародных назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, ПА АБСЕ, ПАРЕ за "выбарамі" ў Беларусі былі зробленыя папярэднія высновы і заключэнні аб правядзенні парламенцкіх "выбараў". Што гэта за высновы? Пра гэта піша ПЦ "Вясна".

1) не адпавядаюць дэмакратычным стандартам

Так, назіральнікі БДІПЧ АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы заявілі, што нягледзячы на спакойную абстаноўку правядзення "выбараў", яны не адпавядаюць важным стандартам дэмакратычных выбараў.

Міжнародныя назіральнікі адзначылі агульную непавагу да асноўных свабод сходаў, аб'яднанняў і выказвання меркаванняў. Нарматыўная прававая база, у рамках якой праходзіла галасаванне, давала недастатковыя гарантыі правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

"Гэтыя "выбары" прадэманстравалі поўную адсутнасць павагі да дэмакратычных абавязацельстваў", — сказала спецыяльная каардынатарка і кіраўніца групы кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Маргарэта Седэрфельт. "У краіне, дзе ўлада і незалежнасць парламента абмежаваная, а асноўныя свабоды выбаршчыкаў і кандыдатаў стрымліваюцца, існуе небяспека ператварэння парламенцкіх "выбараў" у фармальнасць".

2) непразрысты выбарчы працэс

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама блізу 6,8 мільёна выбаршчыкаў было зарэгістраванае для галасавання, але спісы выбаршчыкаў не з'яўляюцца агульнадаступнымі, што прыводзіць да поўнай адсутнасці празрыстасці.

Кіраўнік дэлегацыі ПАРЕ Лорд Бленкатра адзначыў, што ў Беларусі адсутнічае цэнтральны рэестр выбаршчыкаў. Таксама ён звярнуў увагу ў кантэксце празрыстасці і на скрыні для галасавання:

"На абсалютнай большасці ўчасткаў былі непразрыстыя скрыні, як і сам выбарчы працэс".

Акрамя гэтага, ён адзначыў неналежнай якасці пломбы на скрынях для галасавання, якія можна было лёгка ўскрыць.

Таксама паўплывала на вынікі міжнародных назіральнікаў аб непразрыстасці "выбараў" абмежаванне доступу назіральнікаў да некаторых ключавых элементаў выбарчага працэсу (напрыклад, падлік і праверка галасоў), што супярэчыць абавязацельствам АБСЕ і міжнародным стандартам.

3) неканкурэнтныя выбары

Нягледзячы на тое, што ў "выбарах" узяла ўдзел вялікая колькасць кандыдатаў, але празмерна абмежавальны працэс рэгістрацыі ўскладніў удзел апазіцыі. На думку міжнародных назіральнікаў, абмежаваная колькасць агітацыйных мерапрыемстваў праводзілася ў неспрыяльных варунках, якія агулам не забяспечвалі паўнавартаснай і канкурэнтнай палітычнай барацьбы. Як адзначыла спецыяльная каардынатарка і кіраўніца групы кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Маргарэта Седэрфельт, што "ў Беларусі не была створаная канкурэнтная абстаноўка для выбараў".

Кіраўнік дэлегацыі ПА АБСЕ Дзітмір Бушаці дадаў, што вынікі аб неканкурэнтных "выбарах" былі зробленыя на падставе пратэстаў апазіцыі і адсутнасці апазіцыйных прадстаўнікоў у выбарчых камісіях усіх узроўняў. "Гэта падрывае давер да гэтых выбараў" — адзначылі міжнародныя назіральнікі.

Міжнародныя назіральнікі агулам адзначылі незбалансаваны склад выбарчых камісій.

Праваабаронцы чарговым разам прыйшлі да высновы, што парламенцкія "выбары" прайшлі з грубымі парушэннямі беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў.

4) адсутнічаў плюралізм СМІ

Як было адзначана на прэс-канферэнцыі, значная колькасць сродкаў масавай інфармацыі, якія фінансуюцца дзяржавай, абмяжоўвае прастору для незалежных СМІ, зніжаючы плюралізм СМІ.

У Беларусі толькі некаторыя СМІ асвятляюць палітычныя пытанні, і на практыцы плюралізм абмежаваны. Істотная колькасць СМІ субсідуецца дзяржавай, што абмяжоўвае ўстойлівасць незалежных СМІ. Паклёп і публічныя абразы застаюцца злачынствамі. СМІ ў асноўным устрымлівалася ад асвятлення кандыдатаў і іх праграм, што абмяжоўвала магчымасць выбаршчыкаў атрымліваць інфармацыю аб перадвыбарнай агітацыі.

"Прапарцыйна высокая лічба дзяржаўных СМІ, а таксама ціск на незалежныя СМІ, блогераў і іншых незалежных каментатараў маюць эфект, які стрымлівае свабоду слова", — сцвярджала кіраўніца місіі ў назіранні за выбарамі БДІПЧ Корыен Ёнкер. "Зусім нядзіўна, што многія незалежныя журналісты мяркуюць, што яны павінны займацца самацэнзурай, каб пазбегнуць магчымага пераследу".

5) праігнараваныя папярэднія рэкамендацыі міжнародных назіральнікаў

На прэс-канферэнцыі асабліва было падкрэслена, што міжнародныя назіральнікі вельмі расчараваныя тым, што Беларусь праігнаравала іх рэкамендацыі, звесткі пасля парламенцкіх "выбараў" у 2016. "Такім чынам пазбавіўшы сваіх грамадзян, выбаршчыкаў, і кандыдатаў, магчымасці поўнага ўдзелу ў дэмакратычным працэсе", — падкрэсліў кіраўнік дэлегацыі ПАРЕ Лорд Бленкатра.

Агулам заканадаўчая база не ўтрымлівае дастатковых гарантый правядзення выбараў у адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі і пагадненнямі, што абумоўлівае неабходнасць маштабнай і ўсёахопнай рэформы. Абмежаваныя намаганні, накіраваныя на перагляд выбарчага заканадаўства пасля папярэдніх "выбараў", не былі рэалізаваныя. Шэраг ключавых рэкамендацый БДПІЧ і Венецыянскай камісіі Рады Еўропы застаюцца нявыкананымі, у тым ліку, аб незбалансаваным складзе выбарчых камісій, абмежаванняў правоў выбаршчыкаў і кандыдатаў, недастатковасці ахоўных механізмаў правядзення галасавання і падліку галасоў і абмежавання правоў назіральнікаў.

З поўным тэкстам папярэдніх высноваў місіі міжнародных назіральнікаў можна азнаёміцца тут. Поўны даклад аб высновах і заключэннях міжнароднай місіі ў назіранні за парламенцкімі "выбарамі" ў Беларусі будзе прадстаўлены ў студзені 2020 года.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках