Зміцер Вайцюшкевіч зладзіць канцэрт да Дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
- 20.11.2019, 18:05
- 10,723
Спявак запрашае на канцэрт 26 лістапада а 19.00 у Палацы культуры «МАЗ».
На дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча спявак Зміцер Вайцюшкевіч зладзіць канцэрт, на якім прагучаць песні на вершы аўтара. Канцэрт пройдзе ў Палацы культуры «МАЗ» 26 лістапада, квіткі можна набыць на сайце kvitki.by.
На канцэрце прагучаць песні Змітра Вайцюшкевіча ў суправаджэнні «WZ-Orkiestra» на вершы Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край», «Мора гранітныя хвалі», «Заяц варыць піва», «Архангелы» і інш., паведамляе «Белсат».
«Уладзімір Сямёнавіч з'яўляецца для мяне адным з некалькіх паэтаў, дзякуючы творчасці якіх я склаўся сам як творца і як асоба. Цягам усяго свайго музычнага шляху я кожны раз вяртаюся да спадчыны Караткевіча, бясконца знаходзячы там нешта новае, знаходзячы там карані сапраўднай «Беларускай песні». Запрашаю вас на вялікі канцэрт, прысвечаны спадчыне вялікага паэта і пісьменніка», - пракаментаваў спявак Зміцер Вайцюшкевіч.
Спявак запрашае на канцэрт 26 лістапада а 19.00 у Палацы культуры «МАЗ» (Партызанскі праспект, 117а).