25 красавiка 2024, Чацвер, 9:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таямніцы беларускага мільярда: Куды сыходзяць грошы пенсіянераў?

44
Таямніцы беларускага мільярда: Куды сыходзяць грошы пенсіянераў?
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.COM

У ФСАН зноў утварыўся вялізны пралом.

Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, з якога беларусам плацяць пенсіі і дапамогі, вось ужо які год адчувае недахоп сродкаў.

Таму ў будучым годзе ў яго з бюджэту пералічаць амаль мільярд даляраў. Пры гэтым паляпшэння жыцця пенсіянераў у краіне не назіраецца. Чаму ФСАН ператварыўся ў «чорную дзірку» беларускай эканомікі?

На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леў Марголін.

– У Беларусі адзін з самых вялікіх адсоткаў адлічэнняў у ФСАН сярод постсавецкіх краінаў (35% ад заробку). Чаму гэтых грошай увесь час не хапае і на 2020 год у фондзе ўтварылася «дзірка» $ 1 мільярд?

– Я яшчэ дадаў бы да самага вялікага памеру адлічэнняў і нядаўняе павелічэнне пенсійнага ўзросту, якое таксама, здавалася б, павінна было дапамагчы развязаць гэтае пытанне.

Рэч проста ў тым, што дэмаграфічны склад насельніцтва цяпер ва ўсіх краінах становіцца такім, што толькі за кошт салідарнай сістэмы пенсійнага забеспячэння вельмі складана развязаць пытанне.

І таму ва ўсіх краінах з рынкавай эканомікай, як правіла, пенсійны фонд фармуецца з некалькіх крыніцаў. Гэта – гарантыйныя выплаты, добраахвотныя асабістыя ашчаджэнні грамадзянаў, і трэцяя частка – тое, што наймальнік адлічвае дадаткова ў фонд.

У нас пакуль гэтага няма, і мабыць у найбліжэйшы час не будзе, таму што для гэтага павінна быць рынкавая эканоміка, якой у нас няма. Таму маем тое, што маем.

– Дзяржава ўжо не раз вылучала мільярдныя сумы на «латанне дзірак» у ФСАН. Ці ёсць гарантыя, што гэтыя грошы дойдуць да пенсіянераў? Ці можна неяк праверыць, куды і як выдаткоўваюцца сродкі ФСАН?

– Праверыць гэта ніяк нельга, таму што, як той казаў, не ў той краіне жывем.

Іншая рэч – чаму гэта ўсё ж адбываецца ў нас у краіне, чаму ў ФСАН хранічны дэфіцыт сродкаў?

Адбываецца гэта яшчэ і таму што ў нас вельмі высокае прыхаванае беспрацоўе. Тыя людзі, якія вымушаныя выязджаць на заробкі ў Расею, у Польшчу, у Літву, альбо зусім не ўдзельнічаюць у фармаванні пенсійнага фонду, альбо фармуюць яго не ў нашай краіне, а ў тых краінах дзе яны працуюць. А заробленыя грошы яны выдаткоўваюць тут. І пенсіянеры, іх бацькі, і ўсе астатнія сваякі жывуць тут. І гэты перакос таксама даецца ў знакі.

Калі б атрымалася вярнуць усіх гэтых людзей сюды, стварыць для іх працоўныя месцы, то сітуацыя ў значнай ступені змянілася б. Я думаю, што пры такім адсотку адлічэнняў у ФСАН (35% – рэд.), пытанняў пра неабходныя датацыі не ўзнікала б.

– Нядаўна міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч агучыла цікавыя лічбы: самазанятыя беларусы практычна не плацяць унёскаў у пенсійны фонд. Гэта значыць, тая катэгорыя людзей, у якой пенсія залежыць выключна ад іх унёскаў, не даверае дзяржаве. Пра што гэта кажа?

– Я думаю, што тут выяўляецца спалучэнне некалькіх прычынаў.

З аднаго боку, вядома, ёсць недавер да дзяржаўных інстытутаў і ФСАН сярод іншых. Сярод самазанятасці вельмі распаўсюджанае меркаванне пра тое, што трэба спадзявацца толькі на сябе.

Калі ім задаеш пытанне: «А чаму вы не думаеце пра сваю пенсію?» – яны кажуць, што пенсію трэба ствараць сваім, а не спадзявацца на дзяржаву.

А з другога боку, вядома, самазанятасць – гэта ўжо апошняя група сярод прадпрымальнікаў, самая дробная. Калі дзейнасць хоць троху буйнейшая, то чалавек ужо становіцца індывідуальным прадпрымальнікамі, рэгіструецца і ў абавязковым парадку плаціць унёскі ў ФСАН.

А гэта людзі, якія фактычна перабіваюцца з «кулька ў рагожку», як той казаў. Таму, сапраўды, з аднаго боку яны не давяраюць ФСАН, а з другога боку, ім няма з чаго плаціць,

Ну і з трэцяга боку, сярод гэтых людзей вельмі шмат людзей перадпенсійнага веку, якія дастатковы час плацілі ў фонд, і нейкую пенсію, хай не вельмі вялікую, сабе гарантавалі.

– ФСАН гадамі атрымлівае датацыі з дзяржбюджэту, а «дзірка» ў ім расце... На якія дзеянні могуць пайсці ўлады, каб «развязаць пытанне»?

– Крокаў у дзяржавы, на самай справе, не так ужо і шмат.

Адзін крок – гэта яшчэ павысіць адсотак адлічэнняў, а значыць – яшчэ пагоршыць інвестыцыйны клімат, яшчэ больш абмежаваць прыход сюды інвестараў.

Другі спосаб – гэта яшчэ павысіць пенсійны ўзрост, і я думаю, што як толькі пройдуць тыя тры гады, цягам якіх былі запланаваныя павышэнні пенсійнага ўзросту, хутчэй за ўсё, будзе абвешчана пра «няпланавае» павышэнне пенсійнага ўзросту яшчэ на два гады.

Таму што іншых варыянтаў ва ўлады асабліва і няма. Калі эканоміка не рэфармуецца, калі радыкальных рэформаў у пенсійнай сістэме няма, то ўсё астатняе мае паліятыўнае значэнне: хоць з бюджэту даплачвай, хоць падвышай пенсійны ўзрост, хоць падвышай адсотак адлічэння ў ФСАН – усё гэта захады касметычныя, вымушаныя, у стратэгічным плане нічога не даюць.

– Які лёс чакаў бы нашу пенсійную сістэму, калі б адбыліся палітычныя перамены і краіна пайшла па рынкавым шляху?

– Калі б наша краіна пайшла па шляху сістэмных рынкавых рэформаў, то перш за ўсё пачаў бы расці заробак.

А разам з заробкам адпаведна пачала б расці і пенсія.

Па-першае, рос бы сярэдні заробак, па-другое, павялічылася б колькасць працоўных месцаў – адпаведна, расла б маса заробку, адпаведна, было б больш адлічэнняў у пенсійны фонд. Тады ўжо не спатрэбіліся б датацыі з бюджэту, а па-другое, сам памер пенсіі рос бы.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках