20 красавiка 2024, Субота, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Педыятр з 50-гадовым стажам: Лекары нават плачуць, настолькі гэта цяжка

16
Педыятр з 50-гадовым стажам: Лекары нават плачуць, настолькі гэта цяжка
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Дэфіцыт спецыялістаў у гэтай сферы вырас да 25,7%.

20 лістапада адзначаўся Міжнародны дзень педыятра. Пагаварыць аб прафесіі, складанасцях і радасцях, з ёй звязаных, журналісты «Белсата» прыйшлі да Святланы Чарняўскай - дзіцячай лекаркі з 50-гадовым досведам.

Святлана марыла стаць лекарам з 3-х гадоў, і сёння яна ўпэўненая, што педыятрыя - не тая спецыяльнасць, дзе затрымліваюцца выпадковыя людзі. Даводзіцца пераадольваць цяжкасці і маральныя, і фізічныя.

«Узімку гэта немагчыма, вельмі цяжка. Па 60-65 чалавек на прыёме і 20-30 выклікаў. Лекары нават і плачуць, фізічна гэта вельмі цяжка», - распавядае Святлана Чарняўская.

Ратацыя кадраў у педыятрыі высокая і працягвае расці. Лекары сыходзяць з прафесіі або эмігруюць у іншыя краіны. І ў гэтага - цэлы комплекс прычын.

Сышлі з педыятрыі:

у 2017 годзе - 12,77% лекараў;

у 2018 годзе - 13,61% лекараў;

дэфіцыт педыятраў ў краіне - 25,7%

«З'язджаюць. Польшча кліча, Балтыя. Там добрыя грошы. Значна лепшыя за нашыя. Тым больш што... Я атрымліваю 500, бо ў мяне такі стаж. А моладзь прыходзіць, яна ж на «базе», а гэта наогул смешна», - працягвае аповяд Святлана Чарняўская, педыятр.

Але самая сур'ёзная праблема нават не ў заробках і няпростай арганізацыі працы.

«Усе нашы беды і тое, што мы працуем, як прыслуга, - гэта наша вышэйшая адміністрацыя, гарадскія камітэты аховы здароўя, Міністэрства аховы здароўя. Бо гэта яны да нас дрэнна ставяцца. Праца, вядома, улюбёная, і ўсё даводзіцца цярпець дзеля дзяцей, дзеля маральнага задавальнення», - дадае Святлана Чарняўская.

Каб праблем у звычайнага педыятра было менш, спецыялісты раяць шэраг захадаў.

Тлумачыць Аляксандр Сукала, кандыдат медыцынскіх навук:

«Першы крок - гэта ўлічваць патрэбы заўтрашняга дня ў выкладанні педыятрыі сёння. Па-другое, дакладна вызначыць палітыку. Калі педыятры бягуць з прычыны складанасцяў на працы і нізкага заробку, трэба думаць, як зрабіць так, каб яны не беглі. І трэцяе - патрэбныя добрыя спосабы навучання ў інавацыях педыятра на працягу ўсяго жыцця».

А якія праблемы айчыннай педыятрыі заўважаюць беларусы?

«Даводзіцца вельмі доўга пад кабінетам чакаць, каб трапіць да лекара».

«У нас цяпер наогул усё добра на 9-м участку».

«Павялічыць колькасць лекараў, каб зменшылася колькасць пацыентаў», - кажуць жыхары Менска.

Што ж тычыцца якасці нашай педыятрыі, пра яе сведчаць лічбы. У многіх медыцынскіх рэйтынгах Беларусь займае прыстойныя месцы. Так, згодна з ЮНІСЕФ, наша краіна ўвайшла ў дзясятку краін свету з самай нізкай дзіцячай смяротнасцю.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках