19 красавiка 2024, Пятніца, 19:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Сербіі абвінаваціў Расею ў шпіянажы

12
Прэзідэнт Сербіі абвінаваціў Расею ў шпіянажы

Аляксандр Вучыч запатрабаваў тлумачэнняў.

Сербскія спецслужбы раскрылі шырокамаштабную выведвальную аперацыю, якую супольна ажыццяўлялі расейскія шпіёны і сербскія вайскоўцы. Пра гэта ў чацвер заявіў прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, паведамляе «Голас Амерыкі».

Вучыч выступіў з заявай пасля пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі, скліканай прэзідэнтам пасля публікацыі ў YouTube відэа, на якім супрацоўнік расейскіх спецслужбаў перадае грошы грамадзяніну Сербіі ў Бялградзе.

Сербскія ўлады назвалі імя расейца, які перадае грошы, – ім апынуўся падпалкоўнік Георгій Клябан, былы супрацоўнік ваеннага аташэ ў амбасадзе Расеі ў Бялградзе. Ягоны сербскі візаві – афіцэр сербскай арміі ў адстаўцы, ягонае поўнае імя прэзідэнтам названа не было. Вучыч згадаў толькі ініцыялы – З.К.

Паводле словаў прэзідэнта, сустрэча адбылася ў снежні летась. Вучыч не ўдакладніў, хто менавіта ажыццявіў відэаздымку сустрэчы Клябана з З.К.

Сербскія агенты, якія сачылі за З.К., не змаглі правесці відэаздымку сустрэчы Клябана і ягонай сербскай крыніцы «акрамя як здалёк», бо да расейскага афіцэра была прыстаўленая ахова. Аднак яны здолелі гэта зрабіць у іншых выпадках, апавёў Вучыч.

«У некалькіх выпадках сербскія спецслужбы сабралі аўдыя- і відэадоказы кантактаў паміж падпалкоўнікам Клябанам і службоўцамі сербскай арміі», – заявіў прэзідэнт падчас прэс-канферэнцыі.

Вучыч заявіў, што ў Сербіі ёсць доказы ў дачыненні да іншых расейскіх шпіёнаў, згадаўшы пра дзесяць кантактаў з трыма крыніцамі. Ён таксама абвінаваціў ваенных прадстаўнікоў некалькіх заходніх краінаў у шпіянажы ў Сербіі.

Аднак прэзідэнт дадаў, што шпіёнскі скандал не павінен пашкодзіць расейска-сербскім стасункам, бо, паводле словаў Вучыча, «прэзідэнта Пуціна пра гэта не праінфармавалі».

«Мы не зменім сваю палітыку ў дачыненні да Расеі, якую мы разглядаем як брацкую і сяброўскую краіну... але мы ўзмоцнім нашу абарону ў галіне выведкі... Сёння я спытаў расейскага амбасадара пра адну-адзіную рэч. Я спытаўся ў яго: “Навошта?”» – сказаў Вучыч.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках