23 красавiка 2024, aўторак, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафтавы ўдар па Лукашэнку

33
Нафтавы ўдар па Лукашэнку

Як ён адгукнецца на бюджэце 2020 года?

Праект бюджэту на 2020 год звярстаны з улікам практычна нулявога росту прыбыткаў. Гэта вынік выпалых нафтавых прыбыткаў. Каб быць гатовым да стрэсавага сцэнара ў будучыні, улады ўжо пачалі пошук крыніцаў напаўнення казны, піша Зміцер Заяц у артыкуле на сайце naviny.by.

Неразвязаныя праблемы прымушаюць шукаць грошы

На гэтым тыдні "палата прадстаўнікоў" прыняла ў першым чытанні праект бюджэту на будучы год. Дакумент прадугледжвае, што выдаткі рэспубліканскага бюджэту вырастуць на 11,4% ("прэзідэнцкія выбары" ўсё ж такі наперадзе), а прыбыткі бюджэту фактычна застануцца на ўзроўні гэтага года – іх рост запланаваны ўсяго на 0,3%.

Рост выдаткаў на фоне стагнацыі прыбыткаў прывядзе да таго, што ў нас у будучым годзе ўпершыню за шмат гадоў рэспубліканскі бюджэт можа быць выкананы з дэфіцытам. Чакаецца, што выдаткі перавысяць прыбыткі амаль на мільярд рублёў.

Практычна нулявы рост прыбыткаў, які закладваецца ў праект бюджэту на будучы год, – вынік неразвязаных праблемаў ва ўзаемаадносінах з Расеяй у нафтавай сферы.

Мінфін мяркуе, што праз уплыў розных чыннікаў страты казны налета могуць скласці $ 1,9 млрд рублёў, у тым ліку амаль 1,5 млрд рублёў – выпалыя нафтавыя прыбыткі (у сувязі з падатковым манеўрам і спыненнем дзеяння «размытнення»).

Натуральна, такая сітуацыя выклікае пытанні, і адно з іх паднялі на гэтым тыдні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сярод іншага, «народных абраннікаў» зацікавіла, якімі бачыць Мінфін прыбыткі бюджэту ў перспектыве з улікам таго, што налета яны практычна не вырастуць.

«Мы неаднаразова прапрацоўвалі розныя крыніцы, якія могуць прынесці дадатковыя сродкі ў бюджэт. Адна са значных крыніцаў, якая прапрацоўваецца цяпер, – ліквідацыя асобных падатковых ільготаў», – сказаў першы намеснік міністра фінансаў Юры Селіверстаў.

Адказваючы на пытанні БелаПАН падчас размовы з журналістамі, прадстаўнік Мінфіна адзначыў, што на гэты момант гаворка ідзе пра скарачэнне пераліку тавараў, зварот якіх абкладаецца льготнай стаўкай ПДВ (10% замест 20%).

«Зніжэнне стаўкі ПДВ варта пакінуць толькі ў дачыненні да звароту сацыяльна значных тавараў», – мяркуе Селіверстаў. Пры гэтым ён адзначыў, што ў перспектыве існуюць «розныя варыянты скарачэння падатковых ільготаў».

Каб разумець, якія прэферэнцыі варта падаўжаць, а якія сябе зжылі, урад нядаўна прыняў пастанову пра ацэнку эфектыўнасці існых у краіне падатковых ільготаў.

Згодна з пастановай Саўміна № 735, дзяржорганам даручана падзяліць падатковыя льготы на некалькі групаў (стымулявальныя, сістэмныя і сацыяльныя), ацаніць іх эфектыўнасць і падаць прапановы пра мэтазгоднасць (не)падаўжэння такіх ільготаў.

Дарэчы кажучы, падатковыя льготы, якія прапануе дзяржава, цяпер даволі значныя. Паводле звестак Мінфіна, у грашовым выразе такія льготы складаюць 5,7% ВУП або 7,4 млрд рублёў.

Эфектыўнасць ільготаў пад пытаннем

На думку экспертаў, тэма падатковых ільготаў паднятая ўрадам не выпадкова і ўскосна сведчыць пра тыя няпростыя часы, якія перажываюць дзяржаўныя фінансы.

«Сукупныя страты бюджэту на 2019 г. праз уплыў розных негатыўных чыннікаў ацэньваюцца на 1,9 мільярда рублёў. Натуральна, Мінфін у такіх умовах імкнецца шукаць замену выпалым прыбыткам», – адзначыла ў каментары для БелаПАН акадэмічная дырэктарка Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Некаторыя льготы ў выплаце падаткаў і збораў, якія падавала дзяржава, спрацавалі.

«Парк высокіх тэхналогій паказвае высокія тэмпы росту валютнай выручкі, адпаведна, тут эфект ад ільготаў мы бачым. У індустрыяльны парк “Вялікі камень” інвестары таксама паступова прыходзяць, таму скасоўваць там падатковыя льготы не мае ніякага сэнсу», – падкрэсліла ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН навуковая дырэктарка Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

У той самы час, прадаўжае яна, эфектыўнасць асобных падатковых ільготаў выклікае пытанні.

«Свабодным эканамічным зонам падатковыя льготы вылучаныя даўно, аднак значнага эфекту ад іх мы не ўбачылі. Таму варта добра падумаць, што рабіць у будучыні з падатковымі льготамі для такіх зонаў», – мяркуе Тачыцкая.

На яе думку, лёс падатковых ільготаў залежыць ад зыходу беларуска-расейскіх перамоваў у нафтагазавых пытаннях, якія ўплываюць на напаўненне казны.

«Калі Беларусь дамовіцца з Расеяй пра кампенсацыю за падатковы манеўр, пра кошты на газ, гэта будзе адна гісторыя. Калі не, тады Мінфіну трэба будзе думаць над пошукам дадатковых паступленняў у бюджэт, і як адзін з варыянтаў, вядома, будзе абмяркоўвацца тэма скарачэння падатковых ільготаў», – мяркуе Тачыцкая.

Але ў любым выпадку, мяркуюць эксперты, займацца маніторынгам эфектыўнасці падатковых ільготаў варта ўвесь час.

«Інвентарызацыю льготаў варта праводзіць увесь час, каб разумець, які эфект яны прыносяць эканоміцы. У нас у мінулым былі выпадкі, калі дзяржава за кошт падатковых ільготаў стымулявала мадэрнізацыю. Час паказаў, што найбольш эфектыўныя падатковыя льготы за вынік, а дзяржава ў нас у шэрагу выпадкаў узнагароджвала працэс, гэта значыць, напрыклад, ільгатавала ўвоз абсталявання для мадэрнізацыі», – рэзюмавала Барнукова.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках