20 красавiка 2024, Субота, 15:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады дапускаюць увядзенне абмежаванняў на валютным рынку

20
Улады дапускаюць увядзенне абмежаванняў на валютным рынку

У якім выпадку гэта можа адбыцца?

Урад супольна з Нацыянальным банкам могуць уводзіць валютныя абмежаванні ў выпадку пагрозы эканамічнай бяспекі краіны. Такая норма замацаваная ў праекце новай рэдакцыі закона «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі», паведамляе tut.by са спасылкай на БелаПАН.

Улады могуць пайсці на ўвядзенне валютных абмежаванняў у выпадку рэзкага пагаршэння сітуацыі ў плацежным балансе, узнікнення рызык значнага зніжэння золатавалютных рэзерваў і з'яўлення перадумоваў для істотнага вагання курсу нацвалюты.

Пры гэтым законапраект прадугледжвае, што валютныя абмежаванні, калі яны зноў з'явяцца на рынку, будуць дзейнічаць не больш за год.

Жорсткія валютныя абмежаванні ў Беларусі ўводзіліся ў 2011 і 2014 гадах на фоне ажыятажнага попыту на валюту. Сярод іншага ўлады вызначалі вузкі пералік тавараў, на набыццё якіх на біржы прадавалася валюта, уводзілі збор за набыццё валюты.

У апошнія гады Нацбанк паступова праводзіць лібералізацыю ў гэтай сферы (скасаванае мэтавае набыццё валюты, яе абавязковы продаж экспарцёрамі), і перадумоваў для ўвядзення валютных абмежаванняў цяпер няма, мяркуюць аналітыкі фінансавага рынку.

«Расея абмежавала фінансаванне Беларусі, але ва ўраду атрымліваецца прывабліваць нерасейскія запазычанні для рэфінансавання пазыкі, таму праблемаў з валютай быць не павінна. Перадумоваў для ўвядзення валютных абмежаванняў цяпер ніякіх не відаць», – адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН дырэктар у развіцці «ФТМ Брокерс» Аляксандр Сабодзін.

Валютная ліквіднасць краіны ў будучыні, падкрэсліў ён, наўпрост залежыць ад развязання структурных праблемаў.

«Найбуйнейшыя прадпрыемствы ў нас дзяржаўныя, іх фінансавая ўстойлівасць выклікае шмат пытанняў. Ад развязання праблемаў у дзяржсектары залежаць валютныя плыні ў краіну», – мяркуе Сабодзін.

На думку эканамістаў, адна з патэнцыйных праблемаў у дзяржсектары звязаная са станам НПЗ, якія забяспечваюць блізу 20% валютнай выручкі краіны ад экспарту тавараў. У лістападзе Мінфін заявіў, што адсутнасць кампенсацыі за расейскі падатковы манеўр можа негатыўна адбіцца на працы нафтаперапрацоўчых заводаў.

«Што будзе ў гэтым выпадку з валютнымі паступленнямі, застаецца толькі варажыць. На беларускую нафтаперапрацоўку прыпадае вялікая дзель валютнай выручкі, і сур'ёзныя праблемы ў гэтай галіне могуць закрануць і валютны рынак», – мяркуе старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук.

На ягоную думку, права ўводзіць валютныя абмежаванні, якое будзе замацаванае за Нацбанкам і ўрадам у новым заканадаўстве, – «страхавальны механізм на выпадак узнікнення неспрыяльных падзей на валютным рынку».

«Валютныя абмежаванні не ўпрыгожваюць краіну і пагаршаюць яе інвестыцыйную прывабнасць. Таму трэба думаць над захадамі, якія мінімізавалі б ступень уплыву на краіну валютных шокаў і дазвалялі ў будучыні абыходзіцца без валютных абмежаванняў», – рэзюмаваў Крук.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках