16 красавiка 2024, aўторак, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што будзе са свабодным набыццём валюты ў Беларусі?

37
Што будзе са свабодным набыццём валюты ў Беларусі?
ФОТА: REUTERS

Падобнае ўжо адбывалася ў 2011 і 2014 гадах.

Журналістам стала вядома, што ў праекце новай рэдакцыі закона «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» будзе замацаваная норма пра ўвод валютных абмежаванняў у выпадку пагрозы эканамічнай бяспецы краіны. Улады не раз звярталіся да падобных абмежаванняў у 2011 і 2014 гадах. Чаму ўлады пастанавілі засцерагчы сябе падобнымі крокамі? Cайт Charter97.org звярнуўся па каментар да эканаміста Льва Марголіна.

– Што тычыцца крызіснай сітуацыі, то беручы да ўвагі, што нашы золатавалютныя рэзервы знаходзяцца ўвесь час на мяжы, на мінімальным узроўні, то ў любы момант можа апынуцца так, што ЗВР недастатковыя. А ніхто не застрахаваны ад таго, што трымальнікі валютных укладаў, перш за ўсё ўнутраныя, беларускае насельніцтва, не прыйдуць і заўтра пад дзеяннем якой-небудзь панікі не запатрабуюць аддаць ім валютныя ўклады адначасова. І гэта значыць? Што рэзерваў будзе проста недастаткова, таму што ўкладаў значна больш, чым рэзерваў.

– Яшчэ адзін з чыннікаў паступлення валюты ў краіну – гэта дзяржсектар. Як Вы ацэньваеце рызыкі, звязаныя з ім?

– Разумееце, дзяржсектар, калі не браць да ўвагі пытанні экспарту нафты, нафтапрадуктаў і транзіту, не мае асабліва вялікай ролі ў валютных паступленнях у краіну.

– Але вось блізу 20% валютнай выручкі прыносяць менавіта НПЗ, а наперадзе падатковы манеўр, які ўдарыць па нафтаперапрацоўцы.

– Гэта сапраўды так, але гэта ж не раптоўны чыннік. Ведаеце, небяспечна тое, што з'яўляецца раптоўным, што б'е па галаве нечакана. А што тычыцца падатковага манеўру – усё пралічваюць.

Пралічаныя страты сёлета, звязаныя з падатковым манеўрам, страты налета. І якраз функцыя ўрада менавіта ў гэтым і заключаецца, каб знайсці нейкія кампенсаторныя механізмы, якія маглі б гэты вось негатыўны ўплыў нівеляваць. І я так разумею, што ўрад якраз выдатна разумее небяспеку падатковага манеўру.

– Кропкі, у якіх у нас былі валютныя крызіcы, заўсёды звязаныя з выбарчымі кампаніямі. Ці чакаць валютнага шоку налета?

– Разумееце, тады была трошкі іншая сітуацыя. Перад так званымі выбарамі краіну залівалі рублёвых дажджом, а заліваць рублёвым дажджом – гэта ўсё роўна, што пажар тушыць бензінам. На сённяшні момант я такіх непрафесійных пастановаў у прынцыпе не бачу. І гэта нягледзячы на тое, што былі так званыя парламенцкія выбары, чакаюць прэзідэнцкія. Я не думаю, што нехта будзе выпускаць нейкія там пустыя грошы, крэдыты або павышаць рэзка заробкі, пенсіі. Таму чакаць таго, што было ў 2011 годзе, на мой погляд, не выпадае. Вядома, прэзідэнцкія выбары звязаныя з нейкімі папулісцкімі пастановамі, але я думаю, што ў гэты раз іх усё ж такі будзе мінімальная колькасць.

– Ці паўплываюць падобныя валютныя абмежаванні на інвестараў?

– Безумоўна, таму што інвестары хочуць мець свабоду. Калі яны прыходзяць у Беларусь са сваімі грашовымі сродкамі – яны павінны мець магчымасць у любы момант іх забраць, вывесці. Я ўжо не кажу пра тое, што павінна быць свабодная рэпатрыяцыя прыбытку, інакш ім увогуле няма сэнсу сюды прыходзіць. Таму любыя валютныя абмежаванні, вядома ж, адмоўна адбіваюцца на інвестыцыйнай прывабнасці той ці іншай краіны. Чым вальней валютны рэжым у краіне, тым больш яна прывабная для знешніх інвестараў. І не толькі для знешніх, але і для ўнутраных.

Таму што ва ўнутраных інвестараў таксама заўсёды ёсць магчымасць набыць на свае грошы валюту і пакласці яе куды-небудзь. Уласна кажучы, можна і за мяжой у банку адкрыць рахунак. Хай адсоткаў вялікіх не будзе, але затое будзе захаванасць. Або ўкласці гэтыя грошы ў эканоміку, рызыкуючы нарвацца на нейкія абмежаванні, якія не дазволяць своечасова забраць свае сродкі і нейкім чынам імі распарадзіцца. Гэта, вядома, рызыка.

– Ці патрэбныя нашай эканоміцы такія абмежавальныя захады?

– Безумоўна, без іх можна абысціся, таму што цяпер не вайна, цяпер не нейкая там «вялікая дэпрэсія», цяпер большасць краінаў навучыліся развязваць крызісныя праблемы.

Так, сусветныя крызісы цыклічныя, яны былі, ёсць і будуць, але сёння яны ўжо не такія значныя, як былі калісьці і большасць краінаў выдатна навучылася з імі змагацца.

Гэта не вышэйшая матэматыка. Думаю, што калі наш урад загадзя анансуе нейкія магчымыя абмежаванні на выпадак крызісу – гэта значыць, што ён не ўпэўнены, што самы галоўны кіраўнік у нашай краіне раптам не распачне нечага такога, што можа рэзка адмоўна адбіцца на ўстойлівасці эканомікі краіны. А так, збольшага, рызыкі ёсць, але калі ўмела адміністраваць іх, то небяспекі не будзе.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках