28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы страчваюць грошы праз няўважлівасць ДАІ

5
Як беларусы страчваюць грошы праз няўважлівасць ДАІ

Чаму пры праверцы і зняцця з уліку аўто работнікі ДАІ не правяраюць VIN?

Два гады таму Таццяна Крэнь набыла аўтамабіль. З тых часоў аўтамабіль проста стаіць каля дома і гніе.

«Ніякіх сумневаў аўтамабіль пры куплі не выклікаў. Дакументы былі ў парадку і VIN адпавядаў дакументам. Але пры пастаноўцы на ўлік высветлілася, што звесткі VIN не адпавядаюць гэтаму аўто. Гэта значыць ён перабіты», - распавядае «Белсату» Таццяна Крэнь.

Праз два месяцы экспертыза высветліла: частка кузава, на якім выбіты ідэнтыфікацыйны нумар, была замененая, і аўто не зарэгістравалі. У Таццяны тады ўзнікла пытанне: чаму ж пры праверцы і зняцці з уліку гэтага аўтамабіля працаўнікі ДАІ гэтага не выявілі? Жанчына напісала скаргу ў Міністэрства ўнутраных спраў.

«Я атрымала адказ, у якім напісана, што пастанову аб адмове ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры пакінуць без змен, – кажа Таццяна Крэнь. – А адміністрацыйную скаргу без задавальнення».

Выпадкова Таццяна даведалася, што ў Менску прайшло судовае пасяджэнне, дзе аплаціць размытненне ейнага аўтамабіля абавязалі папярэдняга ўласніка.

«50 % заробку дзяржава з мяне ўтрымлівае. Апошні заробак – 169 рублёў да выплаты. А Таццяну мне па-людску вельмі шкада. Але я набыў такі аўтамабіль. Мне яго адрамантавалі і нешта там зрабілі. І абвінавацілі ў тым, што я няправільна ўехаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Я ім тлумачу: дык тады на мяжы? Я на ім пяць гадоў па Беларусі ездзіў, а пасля наважыў папросту прадаць!», – кажа Сяргей Мурач, які прадаў Таццяне аўто.

У Таццяны сканфіскавалі транзітныя нумары ды анулявалі ўсе існыя дакументы на аўто. Ёй прапанавалі аплаціць размытненне аўто, і толькі пасля гэтага яна атрымае магчымасць зарэгістраваць набыты транспартны сродак.

«Ёсць вызначаныя нарматыўна-прававыя акты, якіх неабходна прытрымлівацца. Па гэтаму выпадку праводзіліся судовыя разборы, была прынятая пастанова. Па-людску я магу зразумець! Калі яна мае жаданне, то можа да нас звярнуцца паўторна. Мы заўсёды рады!», – кажа кіраўнік рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзялення Кобрынскага ДАІ Андрэй Ігнацюк.

Юрыст abw.by Яўген Грачоў, каментуючы выпадак Таццяны Крэнь, кажа, што пазоў у суд аб прызнанні права ўласнасці на аўтамабіль – адзінае выйсце з сітуацыі.

«Калі гэтае аўто не знаходзіцца ў вышуку, суд можа пакінуць аўто за канкрэтным уласнікам. У гэтым выпадку могуць зарэгістраваць аўтамабіль з пазнакаю ў тэхпашпарце, што VIN зменены на іншы», – тлумачыць юрыст.

Грачоў дадае, што сёння абараніць сябе ад сітуацыі, у якой была Таццяна, амаль немагчыма, бо якасць падробак вельмі высокая, і выявіць яе без экспертнай праверкі вельмі цяжка.

«На жаль, тут усё зводзіцца на якасць праверкі, якую праводзіць адказная асоба ДАІ пры рэгістрацыйных звестак», – адзначае Яўген Грачоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках