28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя новыя драбніцы «міжзорнай» місіі NASA

Сталі вядомыя новыя драбніцы «міжзорнай» місіі NASA

Што рыхтуе касмічнае агенцтва?

NASA працягвае прапрацоўку перспектыўнай міжзорнай місіі. Паведамляецца, што праект грунтуецца на ўжо існых тэхналогіях і можа быць пачаты ў 2030 годзе. Удзельнік праекту фізік з Інстытута Джонса Гопкінса Ральф МакНат (Ralph McNutt) сказаў Wired: «Гэтым разам мы маем бачанне, якое можна ажыццявіць», піша Naked Science.

Канцэпцыя Interstellar Probe, якая распрацоўваецца на замову аддзялення геліёфізікі NASA, упершыню была апублікаваная ўлетку 2018 года, і цяпер інжынеры паведамілі некаторыя новыя драбніцы праекта. А ў канцы 2021-га ён мае быць прадстаўлены на суд экспертаў Нацыянальнай акадэміі навук у якасці аднаго з кандыдатаў на фінансаванне ў рамках падтрымкі працяглых праектаў Decadal Survey.

Наколькі вядома, стваральнікі праекта плануюць выкарыстоўваць 770-кілаграмовы апарат, які зможа стартаваць на борце звышцяжкай ракеты SLS (нагадаем, распрацоўка носьбіта працягваецца ўжо амаль паўтара дзесятка гадоў і не скончанае дагэтуль, актуальная дата першага старту - 2021 год). Для надання зонду дадатковага паскарэння можа выкарыстоўвацца гравітацыйны манеўр вакол Сонца або Юпітэра, які разгоніць яго да хуткасці больш за 160 тысяч кіламэтраў на гадзіну.

З пункту гледжання балістыкі больш пераваг мае манеўр у гравітацыйным полі Сонца, які дазваляе дамагчыся большага паскарэння. Аднак пры гэтым апарату давядзецца зрабіць цесную пятлю, прайшоўшы нават бліжэй да зоркі, чым зонд Parker, які застаецца самым блізкім да Сонца штучным целам і вымушаны безупынна заставацца ў цені спецыяльнага ахоўнага экрана. Нават калі міжзорную місію ўзброіць аналагічным экранам, яго давядзецца рабіць яшчэ больш вагавітым, што прычыніцца да гамавання над Сонцам і можа звесці на нішто прывабнасць такога манеўру. Інжынеры і навукоўцы працягваюць разлікі аптымальнай траекторыі вакол зоркі, і больш памяркоўны варыянт - з пятлёй вакол Юпітэра.

Варта заўважыць, што амбіцыі стваральнікаў Interstellar Probe не такія грандыёзныя, як арганізатараў праекта Breakthrough Starshot з доўгім палётам да суседняй зоркі. NASA чакае, што апарат зможа прапрацаваць блізу 50 гадоў, адляцеўшы ад Сонца ў тысячу разоў далей за зямную арбіту - у разы далей, чым знаходзяцца цяпер самыя далёкія штучныя аб'екты - зонды Voyager 1 і Voyager 2. Валодаючы нашмат большай хуткасцю, міжзорны апарат нагоніць іх даволі хутка.

Тым не менш на палёт да іншай зоркі распрацоўнікі не разлічваюць. Можна сказаць, што дэ-факта Interstellar Probe будзе болей місіяй для вывучэння меж Сонечнай сістэмы і яе найбліжэйшых ваколіц. Але перш чым мы адправімся да іншых зорак, нам спатрэбіцца гэта зрабіць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках