19 красавiка 2024, Пятніца, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасажыры рэйса Варшава-Менск затрымаліся ў дарозе на 5,5 гадзін

3
Пасажыры рэйса Варшава-Менск затрымаліся ў дарозе на 5,5 гадзін

Аўтобус праехаў 50 кіламетраў і зламаўся.

У нядзелю ўвечары ў планах Антона Вайцаховіча было вярнуцца з Варшавы ў Беларусь. Ён загадзя купіў білет у агенцтва «Візіт-тур» і збіраўся быць у Менску а 5.20 раніцы панядзелка. Аднак, са словах суразмоўцы tut.by, аўтобус, які ў Польшчы па яго прыехаў, быў у жахлівым стане і праз гадзіну дарогі зламаўся. «У выніку мы пяць з паловай гадзін чакалі, калі па нас прыбудзе новы транспарт», - кажа Антон.

Выязджаць з Варшавы Антон павінен быў а 18.30. З ім у салоне яшчэ блізу 30 пасажыраў. Аўтобус, кажа малады чалавек, прыбыў на пасадку паводле раскладу, але яго стан, апісвае Антон, быў жахлівым.

- Пах пылу, зламаныя крэслы, - апісвае салон суразмоўца. - Кіроўца сказаў, што транспарт падменны, і параіў перасесці тым, каму трапілася зламанае крэсла.

Са слоў Антона, аўтобус з пасажырамі праехаў кіламетраў 50 - і зламаўся.

- Мы апынуліся на ўзбочыне. З сабой у кіроўцы не было нават аварыйнага знака, - расказвае малады чалавек. - Дарожныя службы прапанавалі дапамогу, але за грошы. Кіроўца адмовіўся і стаў чакаць эвакуатар.

У гэты час Антон звязаўся з тэхпадтрымкай «Візіт-тур», але дапамогі, кажа, ад іх не паступіла. Бліжэй да 11 вечара яны яму паведамілі, што працуюць толькі да 23.00, далей уся інфармацыя ў кіроўцы.

- Эвакуатар прыехаў праз 2,5 гадзіны і адбуксаваў наш аўтобус, у якога, быў, зламаны рухавік, на найбліжэйшую стаянку, - распавядае Антон. - Пазней прыехала паліцыя. Яны былі ў шоку ад стану аўтобуса, і выпісалі кіроўцу штраф.

Затым, працягвае суразмоўца, у суправаджэнні паліцыі на жорсткай счэпцы іх аўтобус адбуксавалі на запраўку, дзе пасажыры чакалі новага аўтобуса. У выніку, паводле падлікаў Антона, дадатковы транспарт забраў іх толькі праз 5,5 гадзін.

- Пры гэтым на запраўку мы патрапілі толькі праз 4,5 гадзіны пасля інцыдэнту, - адзначае суразмоўца. - Увесь гэты час мы былі без прыбіральні і гарачых напояў.

Другі аўтобус, распавядае суразмоўца, быў у добрым стане, і пасажыры вярнуліся на ім у Менск.

- Па раскладзе мы павінны былі прыбыць а 5.20, але прыехалі толькі аб 11.30, - кажа Антон. - Я адправіў ліст у Візіт-тур, прасіў, каб нас сустрэў хтосьці з прадстаўнікоў кампаніі. Квіток каштаваў 45 рублёў, я пытаўся: ці будуць кампенсацыі. Адказу я не атрымаў. У выніку ў Менску на вакзале нас ніхто не сустрэў. Толькі ў вайберы прыйшло паведамленне, у якім мне параілі напісаць зварот на сайце «Візіт-Тур». Юрыст, сказалі, яго разгледзіць і звяжацца са мной.

«Пасажыры будуць пісаць звароты, мы іх разгледзім»

Павел Цішкевіч, намеснік дырэктара кампаніі «Візіт-тур» растлумачыў, што на гэтым маршруце яны 50 на 50 працуюць з польскім перавозчыкам «Оpenline». Рэйс, пра які кажа Антон, абслугоўвалі палякі.

- Мы ўжо з імі звязаліся, - тлумачыць суразмоўца. - Яны паведамілі, у колькі аўтобус прыедзе ў Менск, і прасілі забяспечыць месца на стыкоўныя рэйсы для людзей, якія на гэтым аўтобусе едуць з Менска ў Бабруйск.

З-за чаго ўзніклі праблемы з аўтобусам, польскі бок, кажа Павел Цішкевіч, пакуль не патлумачыў. Хутчэй за ўсё, мяркуе суразмоўца, паўстала тэхнічная непаладка, з-за якой давялося чакаць замены транспарту.

- Гэта вечар нядзелі, у гэты час не так проста знайсці аўтобус, - дзеліцца меркаваннем суразмоўца, адзначаючы, што найбліжэйшы час «Оpenline» растлумачаць ім сітуацыю.

- Ці атрымаюць пасажыры нейкія кампенсацыі?

- Натуральна, усе пройдзе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб перавозцы пасажыраў, - адзначае Павел Цішкевіч. - Пасажыры будуць пісаць звароты, мы іх разгледзім. І, зыходзячы з законаў і палажэнняў, будзем выплачваць кампенсацыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках