28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спектакль «Дзве душы» Купалаўскага тэатра пакажуць у жывым эфіры

1
Спектакль «Дзве душы» Купалаўскага тэатра пакажуць у жывым эфіры
ФОТА: KUPALAUSKI.BY

Спектакль пастаўлены паводле аднайменнай аповесці Максіма Гарэцкага, якой споўнілася 100 гадоў.

Відэасэрвіс VOKA прадаўжае весці бясплатныя трансляцыі знакавых пастановак Купалаўскага тэатра ў жывым эфіры. 8 лістапада будзе паказаны спектакль «Дзве душы» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, паведамляюць naviny.by.

Спектакль «Дзве душы» пастаўлены паводле аднайменнай аповесці Максіма Гарэцкага, якой таксама споўнілася 100 гадоў - яна напісаная ў 1919 годзе пасля Першай сусветнай вайны. У 2016 годзе гэтая філасофская проза ўпершыню была вынесеная на тэатральную сцэну рэжысёрам Мікалаем Пінігіным.

«Дзве душы» - гісторыя падмененых у дзяцінстве хлапчукоў з сялянскай і дваранскай сем'яў, якія пасталелі і апынуліся ў цэнтры знакавых гістарычных падзей.

Аўтары інсцэніроўкі - Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка - адабралі некалькі фрагментаў з аповесці і дапоўнілі ўрыўкамі з іншых тэкстаў Гарэцкага, каб за лёсамі галоўных герояў і краіны можна было прасачыць у храналагічным парадку з 1890-х да 1930-х гадоў.

На сцэне з'яўляецца і персанаж самога пісьменніка ў турэмнай робе (Максім Гарэцкі быў асуджаны на пяць гадоў ссылкі і расстраляны ў 1938 годзе).

«Дзве душы» - адзін з самых масавых спектакляў у купалаўцаў. У ім занятая практычна ўся трупа, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзеці з тэатральных студый - усяго амаль 40 чалавек.

У ролі падмененых братоў Ігната Абдзіраловіча і Васіля - Раман Падаляка і Іван Кушнерук. У вобразе Максіма Гарэцкага - Аляксандр Паўлаў.

Бясплатная трансляцыя будзе даступная выключна ў жывым эфіры - з кожнай прылады і ў сетцы кожнага аператара пасля аўтарызацыі ў дадатку VOKA або на сайце voka.tv па нумары мабільнага тэлефона. Пачатак паказу а 19:00.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках