20 красавiка 2024, Субота, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Быць як Ракфелер: Таямніцы поспеху і даўгалецця знакамітага мільярдэра

37
Быць як Ракфелер: Таямніцы поспеху і даўгалецця знакамітага мільярдэра

Бізнэсмэн часта жартаваў, што хоча дажыць да 200 гадоў.

Дэвід Ракфелер быў унікальным чалавекам: перанёс сем перасадак сэрца, славіўся любоўю да дабрачыннасці і незвычайным хобі – калекцыянаваннем жукоў. Сайт lifehacker.ru піша пра таямніцы ягонага поспеху і даўгалецця (ён пражыў амаль 102 гады).

Бізнэс

Ракфелер меркаваў, што для поспеху ў бізнэсе патрэбныя «навучанне, дысцыпліна і ўпартая праца». Ён даказаў гэта на сваім прыкладзе. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны (Дэвід пайшоў на фронт добраахвотнікам) ён на запрашэнне свайго дзядзькі ўладкаваўся ў найбуйнейшы ў свеце банк Chase Bank.

Дэвід пачаў кар'еру з пасады асістэнта кіраўніка (тады гэта была самая нізкая катэгорыя банкаўскіх службоўцаў), атрымліваў за год 3 500 даляраў і ездзіў на працу на метро.

Будучы мільярдэр умеў «прачуць момант». У той час вышэйшая адукацыя і навыкі кіравання не былі важнымі дасягненнямі, таму ён маўчаў пра тое, што мае ступень доктара эканомікі: «Гэта магло здацца праявай няздольнасці да практычнай працы».

Ракфелер не любіў сядзець у офісе. За 35 гадоў ягонай працы ў Chase Bank ён налятаў больш за пяць мільёнаў міляў (гэта 200 кругасветных падарожжаў), пабываў у больш чым ста краінах. Больш за 40 раз ён наведаў Францыю, 37 разоў быў у Англіі, сустрэўся з кліентамі банка ў 42 з 50 амерыканскіх штатаў і «з'еў больш за 10 тысячаў справавых абедаў».

Ён мог праводзіць да дзесяці справавых сустрэчаў за дзень, быў на аўдыенцыі ў 200 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, з якімі ўстанавіў асабістыя сувязі. «Хоць часам гэты тэмп быў крыху шалёным, я знаходзіў гэтыя паездкі прадукцыйнымі і прыемнымі, а таксама важнымі для глабалізацыі нашай дзейнасці», – пісаў Ракфелер.

Мільярдэр меркаваў, што не варта баяцца весці бізнэс з сябрамі: «Я ніколі не думаў, што блізкае асабістае сяброўства і добрыя справавыя стасункі павінны быць узаемавыключнымі. Цвёрда веру, што самыя паспяховыя справавыя сувязі заснаваныя на даверы, разуменні і лаяльнасці».

Ракфелер меркаваў, што трэба ствараць, а не разбураць. «Радасць прадпрымальніцтва – у стварэнні чагосьці сталага, доўгачасовага, якое валодае каштоўнасцю для навакольных».

Для дасягнення поспеху, на думку Ракфелера, не варта зацыклівацца на грошах: «Калі ваша адзіная мэта складаецца ў тым, каб стаць багатым, вы ніколі не дасягнеце яе».

І яшчэ адна бізнэс-парада ад мільярдэра: «Не трэба баяцца вялікіх выдаткаў. Трэба баяцца маленькіх прыбыткаў».

Жыццё

У мільярдэра было незвычайнае хобі: не жанчыны і дарагі алкаголь, а калекцыянаванне жукоў. Гэтае захапленне не было разбуральнае. «Немагчыма кіраваць буйным камерцыйным банкам, прагуляўшы ўсю ноч», – меркаваў Ракфелер.

Насякомых ён палюбіў дзіцем, калі прайшоў курс прыродазнаўства. Ва ўсе паездкі Дэвід браў з сабой слоік. Яму падабалася, што займацца хобі ён можа ў любой частцы свету.

Калекцыянаваць жукоў нескладана: у іх трывалы панцыр.

Ракфелер адкрыў некалькі новых відаў жукоў. Ягоная калекцыя налічвае 40 тысячаў насякомых і мяркуецца самай вялікай у свеце. Рэдкі скарабей з мексіканскіх гораў названы ў гонар Дэвіда: Diplotaxis rockefelleri.

Мільярдэр меркаваў, што дзецям патрэбны добры настаўнік. Ракфелер часта ўспамінаў сваю выкладчыцу ў шостым класе, якая на ўсё жыццё прышчапіла яму цікавасць да гісторыі.

З дзяцінства Дэвід меў спакойны характар. У будучыні гэта вызначыла ягонае стаўленне да людзей: Ракфелер прызнаваўся, што больш за ўсё не любіў сцэны і высвятленне стасункаў.

«Прозвішча Ракфелер можа быць перавагай... На мае тэлефонныя званкі адказваюць часцей. Але праз яго ж людзі часам ставяцца да мяне больш падазрона, скептычна, чым да іншых. Яны мяркуюць, што я чагосьці дасягнуў дзякуючы прозвішчу, а не ўласным намаганням», – казаў Дэвід.

Таму, хто хоць трохі вылучаецца з натоўпу, трэба быць таўстаскурым.

Таямніца ідэальных стасункаў з другой паловай, на думку Ракфелера, простая: «У нас з жонкай зусім розныя інтарэсы, якіх мы дасягалі асобна адно ад аднаго. Гэта і ёсць ключ да нашага вельмі доўгага і вельмі шчаслівага шлюбу».

Мільярдэр быў праціўнікам жыцця не на сродкі: даступныя крэдыты, на ягоную думку, лёгка прыводзяць «як да маштабнай спекуляцыі, так і да празмернага пашырэння».

Каб пражыць паўнавартаснае, цікавае жыццё, Ракфелер раіў любіць прыгоды, абавязкова пабываць за мяжой, вывучыць іншую культуру, ні пра што не шкадаваць, а таксама шчыра цікавіцца людзьмі. «Такі прамы і нескладаны падыход выкарыстоўваецца ў дачыненні як да людзей, якіх я сустракаю штодня, так і да лідараў нашага свету».

Мільярдэр меркаваў, што «там, дзе ў цябе шырокія магчымасці, узнікае і адказнасць». Ракфелер быў вядомым мецэнатам. У лістападзе 2006 года газета The New York Times назвала агульны памер зробленых ім ахвяраванняў: больш чым 900 мільёнаў даляраў. 100 мільёнаў ён перадаў Гарвардскаму ўніверсітэту, сваёй альма-матар, што дало магчымасць пашырыць выкладанне гуманітарных навук і фінансава падтрымаць навучэнцаў, якія стажыруюцца за мяжой.

У багацці няма сэнсу, калі вы не можаце ім падзяліцца.

Здароўе

Дэвіду Ракфелеру сем разоў перасаджвалі сэрца. Першы раз гэтую аперацыю ён перанёс у 1976 годзе пасля наймацнейшай аварыі, якая выклікала сардэчны прыступ. Праз тыдзень мільярдэр ужо выйшаў на прабежку.

У канцы мінулага года Ракфелер стаў першым у свеце чалавекам, якому трансплантавалі сем сэрцаў. «Кожнае новае сэрца быццам удыхае жыццё ў маё цела. Я адчуваю сябе больш жывым і энэргічным», – казаў ён.

Акрамя гэтага, яму два разы перасаджвалі ныркі.

У адным з інтэрв'ю Ракфелер раскрыў яшчэ адзін, вельмі просты сакрэт свайго даўгалецця.

Любіце жыццё. Жывіце звычайным жыццём, выхоўвайце сваіх дзяцей, атрымлівайце асалоду ад таго, што маеце, і праводзьце час з добрымі людзьмі і вернымі сябрамі.

Дэвід Ракфелер

Ракфелер часта жартаваў, што хоча дажыць да 200 гадоў.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках