29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал «Пагоні»

1
Генерал «Пагоні»

Сёння – дзень народзінаў Кастуся Езавітава.

Беларускі нацыянальны дзеяч, вайсковец Кастусь Езавітаў (1893–1946) нарадзіўся 5 лістапада ў Дзвінску ў сям'і кадравага афіцэра. Вучыўся ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце, потым у Паўлаўскім ваенным вучылішчы. Падчас вучобы займаў актыўную грамадзянскую і нацыянальную пазіцыю, у 1913 годзе стаў чальцом Беларускай сацыялістычнай грамады. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне.

Дэлегат Першага Усебеларускага кангрэса. У лютым 1918 года – Беларускі камендант Менска, уваходзіў у Раду БНР у якасці ваеннага міністра. У пачатку 1919 года знаходзіўся ў Гародні, адзін з камандзіраў 1-га Беларускага палка, літоўскімі ўладамі прызначаны камендантам горада. Пазней, падчас польска-савецкай вайны, узначальваў Ваенна-дыпламатычную місію БНР у Латвіі і Эстоніі.

У 1921–1939 гадах жыў у Латвіі, актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці, быў дырэктарам Рыжскай беларускай гімназіі. Неаднаразова арыштоўваўся латвійскімі ўладамі за беларускую нацыянальную дзейнасць.

Падчас Другой сусветнай вайны спачатку знаходзіўся ў Рызе, пасля пераехаў у Менск, узначальваў галоўнае ваеннае кіраванне Беларускай цэнтральнай рады. Пасля эміграцыі ў Нямеччыну ўзначаліў Ваенны аддзел пры БЦР, быў "ваенным міністрам і галоўным інспектарам узброеных сілаў" (да студзеня 1945 г.).

Удзельнічаў у стварэнні беларускіх фармаванняў на тэрыторыі Нямеччыны, а таксама ў арганізацыі антыбальшавіцкай партызанскай барацьбы ў Беларусі. У красавіку 1945 года арыштаваны савецкай контрвыведкай "СМЕРШ" у Берліне. Спачатку перавезены ў Маскву, з лістапада знаходзіўся ў менскай турме. Памёр ад сухотаў у турэмным шпіталі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках