25 красавiка 2024, Чацвер, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прага незалежнасці і жаданне рэформаў: чаму беларусы могуць павучыцца ў палякаў

16
Прага незалежнасці і жаданне рэформаў: чаму беларусы могуць павучыцца ў палякаў

Як наша заходняя краіна-суседка дамаглася поспеху.

Нядаўна экспэрты падлічылі: каб дагнаць Польшчу ва ўзроўні эканамічнага развіцця, Беларусі спатрэбіцца 246 гадоў. Цэнтр новых ідэй і «Case Belarus» арганізавалі дыскусію з удзелам польскіх спецыялістаў, якія распавялі, як так атрымалася, што пры аднолькавым камуністычным мінулым наша заходняя суседка стала адной з краін Еўропы, якія найбольш дынамічна развіваюцца, піша сайт тэлеканала «Белсат».

«Рынкавая эканоміка была для палякаў пытаннем незалежнасці»

Чаму палякі наважыліся ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя змяніць эканоміку цэнтралізаванага планавання на рынкавую? На думку экспэртаў, ёсць адразу некалькі прычын: эканамічная і гістарычная. Са слоў Анджэя Рачко, былога міністра фінансаў Польшчы, для палякаў гэта было пытаннем незалежнасці:

ІЁАННА ТЫРОВІЧ, ІЗАБЭЛА СТЫЧЫНЬСКА І АНДЖЭЙ РАЧКО. ФОТА: BELSAT.EU

«Галоўны падыход рынкавай эканомікі - гэта жаданне зарабляць і браць адказнасць за рызыку. А калі ты хочаш быць эканамічна незалежным, але гатовы сутыкнуцца з рызыкай. У канцы 80-х стала відавочна, што ў Польшчы планавая сістэма не працуе. Былі праблемы з набыццём тавараў, гіперінфляцыя».

На думку Ізабэлы Стычыньскай, дырэктаркі аналітычнага цэнтра «Case», у рэформаў былі і гістарычныя прычыны. У палякаў былі даволі моцныя антырасейскія пачуцці, звязаныя з часткамі Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя. А Масква асацыяваліся з планавай эканомікай.

На думку Іёанны Тыровіч, доктара эканамічных навук, дацэнта Варшаўскага ўніверсітэта, дужа важным фактарам стала змена пакаленняў:

«Людзі пасляваеннага пакалення рады былі проста выжыць. Таму ім падыходзіла планавая сістэма, якая забяспечвала базавыя патрэбы. Але ўжо іх дзеці, якія не ведалі жахаў вайны, у якіх была добрая адукацыя, зразумелі, што пры такой сістэме яны не змогуць забяспечыць сваім дзецям лепшае жыццё, чым было ў іх. Яны і сталі асноўным рухавіком рэформаў».

Даваеннае заканадаўства як дапамога пры капіталізме

Галоўная праблема, якая паўстала перад рэфарматарамі тых гадоў: як зрабіць капіталізм без капіталістаў. Можна пастарацца «вырасціць» сваіх, але ёсць рызыка з'яўлення алігархаў, як гэта здарылася ў Расеі і Украіне. Палякі пайшлі іншым шляхам.

Польскі ўрад прыцягнуў замежных стратэгічных інвестараў, якія разумелі, як функцыянуе рынкавая сістэма. Так яны развязалі адразу некалькі задач: прыцягнулі капітал, новыя тэхналогіі і высакаякасны мэнэджмэнт.

ПОЗНАНЬ. ФОТА: PIXABAY.COM

Дапамагла і юрыдычная спадчына. У камуністычнай Польшчы не існавала адпаведных рынкавых норм заканадаўства. Таму вызначылі звярнуцца да даваеннага часу, калі была рынкавая сістэма. І пры трансфармацыі выкарыстоўвалі даваенны гандлёвы кодэкс.

Кошт трансфармацыі

Іёанна Тыровіч адзначае, што большасць жахаў 90-х - перабольшанне.

«Так пабудаваная наша памяць і масмедыі. Ніхто не будзе ставіць на першую паласу навіну пра адкрыццё новага завода. Усе памятаюць і гавораць толькі пра негатыў. У страха вочы вялікія», - сцвярджае яна.

Экспэрт праводзіла грунтоўнае даследаванне, падчас якога вывучала, колькі людзей сталі бяднейшымі пасля распаду лагера і колькі людзей памянялі сферу працы.

«Вынікі значна адрозніваюцца ад публічнага наратыву. Напраўду меншасць людзей і прадпрыемстваў абанкруцілася. З усіх 27 краін, якія ўвайшлі ў маё даследаванне, большасць змяненняў работ адбывалася ў той жа самай сферы. Толькі прадпрыемствы былі ўжо не дзяржаўнымі, а прыватнымі».

ВАРШАВА. ФОТА: PIXABAY.COM

«Калі б не ЕЗ, мы б засталіся ў Сярэднявеччы»

Гісторыя ўзаемастасункаў Польшчы і ЕЗ прадаўжаецца больш за 15 гадоў. Ужо з 1995 года ў Польшчы былі бенефіты (права на атрыманне грошай, крэдытаў) ад Еўрапейскага Звязу.

«Гэта дапамагло нам стварыць патрэбныя інстытуцыі, наладзіць сістэму мясцовага самакіравання, палепшыць стандарты вытворчасці», - кажа Іёанна Тыровіч.

«Нават складана выказаць здагадку, якой бы была Польшча без ЕЗ. Справа не толькі ў грошах, але таксама ў каштоўнасцях, якія нясе з сабой Еўрапейскі Звяз. Не толькі культурных, але і эканамічных. З'явіліся новыя стандарты дабрабыту, аховы навакольнага асяроддзя», - адзначае Ізабэла Стычыньска.

Анджэй Рачко адзначае, што пасля далучэння да ЕЗ Польшчы стала прасцей прыцягваць замежныя інвестыцыі.

«Наша заканадаўства прыведзенае ў адпаведнасць з агульнаеўрапейскім. А гэта выглядае больш самавіта ў вачах інвестараў. Мы не яшчэ адна ненадзейная краіна, а частка Еўразвязу», - кажа ён.

Ізабэла Стычыньска нават называе Еўразвяз ланцугом, які падцягвае краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы да больш высокіх стандартаў.

«Калі б не ён, гэтыя 15 гадоў прывялі б нас у Сярэднявечча», - сцвярджае Ізабэла.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках