19 красавiка 2024, Пятніца, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафзвяз РЭП выставіў 32 патрабаванні ўладам

6
Прафзвяз РЭП выставіў 32 патрабаванні ўладам
ФОТА: BYMEDIA

Яны датычацца працоўнай, сацыяльнай і дзяржаўнай сферы.

«Платформа» незалежнага прафзвязу РЭП была апублікаваная на іх афіцыйным сайце.

Патрабаванні да ўладаў Беларусі ў працоўнай, сацыяльнай і дзяржаўнай сферы

- Чалавек, ягоныя правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

- Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

- Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і бесперапыннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.

- Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека.

- Асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэйшая за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем'ям свабоднае і годнае існаванне.

- Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

- Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.

Усё пералічанае вышэй ўзятае з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Але ці многія з грамадзян Беларусі пагодзяцца, што гэта ставіцца асабіста да іх? Сотням тысяч людзей добрасумленная праца не забяспечвае годнага ўзроўню жыцця. Той, хто не знаходзіць прыдатнай для сваёй кваліфікацыі працы, абвяшчаецца дармаедам або вымушаны шукаць працу за межамі краіны.

Прапрацаваўшы ўсё жыццё, страціўшы здароўе, людзі выракаюцца на жабрацкую старасць, ім недаступнае якаснае лячэнне, паўнавартаснае харчаванне. Набыццё жылля для большасці - непасільная ноша...кожны можа прадоўжыць гэты пералік. І гэта тое самае, дэклараванае ўладай «сацыяльная дзяржава»?

Прафзвяз РЭП сабраў думкі і спадзяванні чальцоў прафзвязу, працоўных Беларусі і сфармуляваў іх у 32 кароткіх пунктах. Гэта не патрабаванне даць усё і дарма. Гэта патрабаванне выконваць тое, што запісанае ў Канстытуцыі нашай краіны. Неабходна даць людзям магчымасць свабодна працаваць, атрымліваць годнае ўзнагароджанне за працу і жыць так, як мяркуюць стандарты цывілізаванага свету.

Як гэтага дасягнуць? Шукаць шляхі – справа кіраўніцтва краіны. Але многае ляжыць на паверхні: навошта нам такое войска чыноўнікаў і сілавікоў? Дзе эфектыўныя рэформы? Чаму мы ўвесь час залежныя ад чужой эканомікі і чужых інтарэсаў? Але ў гэтых пунктах не рэцэпты лячэння, у іх – боль, адчай і надзея людзей Беларусі.

Мы прапануем грамадзянам аб'яднацца для абароны сваіх законных інтарэсаў. Ад улады мы патрабуем неадкладна прыступіць да паэтапнага выканання гэтых патрабаванняў.

Праца, заробак, пенсія

1. Скасаваць тэрміновыя працоўныя кантракты, заканадаўча аднавіць бестэрміновую форму найму для ўсіх работнікаў, за выключэннем тых, хто выконвае работы часовага характару.

2. Скасаваць дэкрэты №1 і № 3 (так званыя дэкрэты «аб дармаедах»), а таксама дэкрэт №5.

3. Перагледзець абсалютную суму мінімальнага спажывецкага бюджэту (МСБ цяпер складае 475,56 беларускіх рублёў для працаздольных) з улікам рэальных патрэбаў усіх катэгорый грамадзян і коштаў прадуктаў, тавараў і паслуг.

4. Устанавіць узровень мінімальнага заробку не меншы за мінімальны спажывецкі бюджэт (МСБ) для працаздольных.

5. Устанавіць узровень тарыфнай часткі ў структуры заробку не меншы за 70-80%.

6. Зраўнаваць у правах працадаўцаў і работнікаў, прыняць тэрмін пазоўнай даўнасці ў працоўных спрэчках з матэрыяльнымі патрабаваннямі на 1 год (цяпер для работніка - 3 месяцы, для наймальніка - 1 год).

7. Устанавіць суму дапамогі ў беспрацоўі не меншай за 70% ад сярэдняга заробку за апошні год.

8. Стымуляваць шляхам стварэння падатковых або крэдытных ільгот малы і сярэдні бізнэс да стварэння новых працоўных месцаў з заробкам, не меншым за сярэдні ў краіне. (1 117,8 беларускіх рублёў на сёння).

9. Устанавіць мінімальную працоўную пенсію на ўзроўні, не меншым за МСБ для працаздольных.

10. Памер страхавога пенсійнага стажу змяніць з 20 да 10 гадоў.

11. Уключыць у страхавы пенсійны стаж вучобу ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах (дзённая форма навучання), тэрміновую службу ў войску, перыяды знаходжання жанчын ў дэкрэтным адпачынку і адпачынку па догляду за дзіцем, працу па догляду за непрацаздольнымі людзьмі з інваліднасцю, а таксама перыяды атрымання дапамогі ў беспрацоўі.

12. Скасаваць паніжальны каэфіцыент пры налічэнні пенсій пенсіянерам, якія працуюць.

13. Увесці мараторый на павышэнне ўзросту выхаду на пенсію на ўзроўні 2019 года (56 гадоў жанчыны і 61 год мужчыны) да дасягнення павелічэння сярэдняй працягласці жыцця насельніцтва Беларусі не менш чым на 5 гадоў (на сёння 76,1 у жанчын і 64,5 у мужчын).

Сям'я і здароўе

14. Надаваць маладым сем'ям права на аднаразовыя безадсоткавыя крэдыты на будаўніцтва або куплю жылля на тэрмін, не меншы за 15 гадоў.

15. Абмежаваць кошт 1 кв. м. жылля, якое будуецца, сумай сярэдняга месячнага заробку ў краіне ($500 даляраў ЗША цяпер) (за выключэннем элітнага жылля).

16. Прадстаўляць бацькам пры нараджэнні дзіцяці адпачынак тэрмінам 21 каляндарны дзень з яго аплатай.

17. Пачаць паэтапны пераход на страхавую медыцыну ў мэтах выкаранення карупцыі ў ахове здароўя і падвышэння якасці медыцынскай дапамогі.

18. Устанавіць грамадскі кантроль над фармаваннем коштаў лекаў

Сацыяльная дзяржава?

19. Распаўсюдзіць ільготы на аплату жыллёва-камунальных паслуг на асоб пенсійнага ўзросту, а таксама сем'і з дзецьмі з прыбыткам, меншым за МСБ на чалавека.

20. Выдаваць студэнтам платных аддзяленняў навучальных устаноў доўгатэрміновыя (не менш за 10 гадоў) безадсоткавыя субсідыі на аплату навучання.

21. Устанавіць ільготы для праезду на грамадскім транспарце навучэнцам сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў (дзённая форма), а таксама для пенсіянераў і асоб з інваліднасцю на ўзроўні, не большым за 50% ад поўнага кошту.

22. Давесці суму стыпендый студэнтаў да ўзроўню МСБ.

23. Устанавіць ільготныя зніжкі на набыццё лекаў па рэцэпту ў суме, не меншай за 30% ад поўнага кошту для асоб, старэйшых за 60 гадоў і асоб з захворваннямі, якія патрабуюць бесперапыннага прыёму лекаў. Спыніць практыку навязвання пацыентам лекаў беларускай вытворчасці.

Дзяржава і грамадства

24. Правесці рэформу судовай сістэмы, прадугледзеўшы выбарнасць суддзяў усіх узроўняў і суд прысяжных.

25. Замяніць дазвольную форму рэгістрацыі прафзвязных структур і іншых грамадскіх арганізацый на паведамляльную.

26. Забяспечыць бесперашкодную рэалізацыю права грамадзян на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў. Скасаваць для прафзвязаў і іншых грамадскіх арганізацый аплату «дзяржаўных паслуг» пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.

27. Увесці адміністрацыйную адказнасць за прымус да ўступлення ў прафзвязы і дыскрымінацыю работнікаў па прыналежнасці да прафзвязаў.

28. Заканадаўча замацаваць паведамляльны прынцып пры рэалізацыі канстытуцыйнага права працоўных на страйкі.

29. Устанавіць празрыстую для аплатнікаў сістэму падаткаабкладання, фармавання і марнавання бюджэтаў усіх узроўняў.

30. Скасаваць дарожны падатак.

31. Забяспечыць грамадзянам Беларусі рэалізацыю права на змяняльнасць і падсправаздачнасць выбаршчыкам улады на ўсіх узроўнях праз свабодныя і кантраляваныя грамадскасцю выбары.

32. Абараніць незалежнасць Беларусі і не дапускаць небяспечныя для суверэнітэту краіны інтэграцыйныя працэсы і ўзмацненне палітычнай, эканамічнай і вайсковай залежнасці ад іншых краін.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках