14 лiстапада 2019, Чацвер, 18:11
Добрая навіна
Рубрыкі

У Беларусі ўзмоцняць кантроль за выплатай дарожнага збору?

46
У Беларусі ўзмоцняць кантроль за выплатай дарожнага збору?

Мінфін заявіў, што дарогі рамантаваць больш няма за што.

У Беларусі прапануецца ўзмацніць кантроль за выплатай дарожнага збору, паведаміў учора міністр фінансаў Максім Ермаловіч на нулявым чытанні бюджэту ў «палаце прадстаўнікоў», адказваючы на пытанні дэпутатаў, паведамляе БелТА.

«Урад прапаноўвае захаваць дзейную сістэму выплаты дзяржмыты (за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. – Заўвага. БЕЛТА) і ўзмацніць кантроль за яе выплатай, таму што мы разумеем, што значная частка насельніцтва мыту не плаціць. Іншай крыніцы прафінансаваць выдаткі ў дарожным будаўніцтве як рэспубліканскіх, так і мясцовых дарог, выконваць абавязальніцтвы ў знешніх пазыках, якія ўжываюцца для мадэрнізацыі асноўных магістраляў, у нас няма», – сказаў Максім Ермаловіч.

Ён звярнуў увагу, што альтэрнатывы дарожнаму збору няма, бо фінансаваць дарогі за кошт сацыяльных выдаткаў не ўяўляецца магчымым. «Браць сацыяльныя выдаткі, каб падтрымліваць транспартную інфраструктуру, няправільна і несправядліва ў адносінах да працаўнікоў бюджэтнай сферы. Гэта будзе прыводзіць адназначна да зніжэння якасці бюджэтных паслуг», – мяркуе міністр

Паводле словаў Максіма Ермаловіча, калі будзе прыняты ўказ, прапанаваны ўрадам, то агульная сума збіранага дарожнага збору можа прыкметна вырасці. Аднак гэта адбудзецца толькі за кошт узмацнення кантролю, таму што сама сума плацяжоў не зменіцца, а пры пэўнай схеме выплаты дзяржмыты знізіцца, падкрэсліў ён.