16 красавiка 2024, aўторак, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

32 народныя патрабаванні да ўлады

23
32 народныя патрабаванні да ўлады
ФОТА: MARK HUMPHREY / AP

Чыноўнікі загуляліся.

Незалежны прафзвяз РЭП высунуў 32 патрабаванні да ўладаў. Яны датычацца працоўнай, сацыяльнай і дзяржаўнай сфераў.

«Платформа» РЭП, прынятая радай незалежнага прафзвязу ў кастрычніку, была прадстаўленая 5 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Сайт Charter97.org папрасіў лідара прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча пракаментаваць найбольш актуальныя для беларусаў пункты «Платформы».

– У «Платформе» ёсць патрабаванне скасаваць тэрміновыя працоўныя кантракты і заканадаўча аднавіць бестэрміновую форму найму для ўсіх працаўнікоў. Як «б'е» па беларускім працоўным кантрактная сістэма і чаму яе трэба скасаваць?

– Такой кантрактнай сістэмы – менавіта ў тым выглядзе, як яна працуе ў нас – няма ні ў адной краіне свету. Няма нават у іншых постсавецкіх краінах. Кантрактная сістэма – гэта прымусовая праца. Яна вымушае чалавека прадаўжаць працаваць у наймальніка, нават калі ён знайшоў новае месца працы.

Акрамя таго, працаўнік знаходзіцца ў нязменным стрэсе, таму што не ведае, ці перазаключаць з ім праз год кантракт, ці не. Натуральна, гэта не можа станоўча ўплываць ні на матывацыю супрацоўніка да працы, ні на яго стаўленне да наймальніка. Таму і працоўны клас, і «бюджэтнікі», і нават чыноўнікі – усе наш прафзвяз у гэтай справе падтрымаюць.

Працоўныя стасункі паміж наймальнікам і супрацоўнікам трэба зрабіць бестэрміновымі. І тут не трэба нічога баяцца, таму што наймальнікі сваё права заключаць кантракты ператварылі ў абавязак. Супрацоўнікаў паставілі ў няроўныя ўмовы ў адносінах да сябе. Таму трэба гэтае пытанне прывесці ў нармальнае рэчышча.

Трэба вярнуць магчымасць працаваць з бестэрміновымі працоўнымі дамовамі. Калі чалавеку не падабаецца ягонае месца працы, ён павінен мець магчымасць цягам месяца падаць заяву і звольніцца з уласнага жадання. На жаль, сёння працаўнік у Беларусі такога права не мае – гэта грубае парушэнне ягоных канстытуцыйных правоў.

– Прафзвяз РЭП патрабуе скасаваць дэкрэты № 1 і № 3 (так званыя дэкрэты «аб дармаедах»). Дэкрэт № 3 атрымалася прыпыніць пасля масавых пратэстаў, але ўлады зноў паспрабавалі яго вярнуць у змененым выглядзе. Чаму Лукашэнка так чапляецца за гэты дэкрэт?

– Як паказвае практыка, улада не хоча прызнаваць свае памылкі, што выглядала б годна перад уласным народам. На сёння гэта не проста бескарысныя законы, яны – антыканстытуцыйныя і антынародныя. Яны ўвогуле не павінны былі з'яўляцца.

Як вядома, улады нядаўна перанеслі аплату за ацяпленне на травень 2020 года. Гэта сведчыць, што яны не гатовыя да гэтай антынароднай працэдуры выяўлення «дармаедаў». Я думаю, што ўлады зразумелі, што гэтыя дэкрэты – шлях у нікуды і прывядуць нас да таго, што беларусы яшчэ больш будуць з'язджаць з сваёй краіны, працаўладкоўвацца за мяжой.

Дэкрэт «аб дармаедах» трэба скасаваць і забыцца, як страшны сон. Людзям трэба даць магчымасць цывілізавана працаваць і адчуваць сябе свабоднымі ў працаўладкаванні. Не трэба ганяцца і шукаць «дармаедаў» – стварыце нармальныя працоўныя месцы з годным заробкам! І я ўпэўнены, што тады частка людзей вернецца ў Беларусь.

– Вы патрабуеце ад уладаў даваць маладым сем'ям права на аднаразовыя безадсоткавыя крэдыты на будаўніцтва або набыццё жылля на тэрмін не меншы за 15 гадоў. Наколькі востра цяпер для моладзі стаіць пытанне з уласным жыллём?

– Па-першае, як паказвае статыстыка, колькасць шлюбаў у краіне вельмі зменшылася, а шлюбаразводных працэсаў стала больш. Асноўнай прычынай гэтага з'яўляецца тое, што маладыя сем'і не забяспечаныя ўласным жыллём. Гэта прыводзіць да разрываў у сем'ях. Пра якое паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне можа ісці гаворка?

Як і ва ўсім цывілізаваным свеце, маладым людзям павінны быць прапанаваныя крэдыты на набыццё жылля або на ягонае будаўніцтва, каб сям'я адчувала сябе паўнавартаснай. І я ўпэўнены, што ў такім выпадку колькасць разводаў будзе значна зменшаная, а нараджальнасць, адпаведна, падвысіцца.

– Памер страхавога пенсійнага стажу вы прапануеце паменшыць з 20 да 10 гадоў. Таксама ў праграме гаворыцца пра мараторый на павышэнне ўзросту выхаду на пенсію на ўзроўні 2019 г. (56 гадоў жанчыны і 61 год мужчыны) да дасягнення павелічэння сярэдняй даўжыні жыцця насельніцтва Беларусі не менш, чым на пяць гадоў. Чаму гэтае патрабаванне ўключанае ў «Платформу»?

– Раней увогуле не было паняцця «страхавы стаж», быў толькі працоўны стаж. Пасля таго як улады ўвялі гэтую новую фармулёўку, у «пенсійную пастку» трапілі сотні тысячаў беларусаў. Гэтым людзям цяпер не хапае стажу працы. У гэтай сітуацыі апынуліся жанчыны, якія нарадзілі і займаліся выхаваннем некалькіх дзяцей.

У ёй апынуліся і тыя людзі, хто даглядаў за інвалідамі I і II групаў. Улада ім абяцала, што ўключыць ім гэта ў працоўны стаж. У працоўны, сапраўды, уключыла, а ў страхавы – не. Чаму вайскоўцы ў страхавы стаж не плацяць ні капейкі, але атрымліваюць пенсію, а людзі, што даглядалі інвалідаў, былі папросту кінуцца дзяржавай?

Мы мяркуем, што 10 гадоў – дастатковы памер страхавога пенсійнага стажу для таго, каб чалавек меў права на працоўную пенсію. Больш за тое, яна павінна быць не меншая за мінімальны спажывецкі бюджэт. Гэта той бюджэт, за які пенсіянер зможа заплаціць «камуналку», набыць неабходныя прадукты і лекі. Сённяшняя пенсія – 200–300 рублёў – гэта проста падачка і здзек з людзей.

Што тычыцца мараторыю на павышэнне пенсійнага ўзросту, то цяпер у Беларусі склалася такая сітуацыя, калі значна больш людзей памірае, чым нараджаецца. Афіцыйная статыстыка нам не дае дакладнага ўяўлення, у якім узросце паміраюць людзі. Паводле нашай жа інфармацыі многія людзі проста не дажываюць да пенсійнага веку. І калі падняць пенсійны ўзрост да 65 гадоў, то частка людзей проста не дажыве да сваёй пенсіі.

У Беларусі, калі чалавек адпрацаваў усё жыццё і памёр да пенсіі, усе ўнёскі, якія ішлі ў страхавы стаж, не перадаюцца ягоным сваякам. Наша краіна не дасягнула таго ўзроўню жыцця і дабрабыту, пры якіх сярэдняя даўжыня жыцця ў мужчынаў была б 75 гадоў, а ў жанчынаў – 85. Толькі тады можна было б казаць пра нейкае павышэнне пенсійнага ўзросту.

Для пачатку трэба знайсці магчымасць павысіць пенсіі, прынамсі – у два разы. Пенсіянер не павінен падпрацоўваць, таму што немагчыма пражыць на гэтую «пенсію выжывання». Варта супольна з грамадскасцю зрабіць рэформу пенсійнага забеспячэння. Хоць улады даўно абавязаныя былі гэта зрабіць.

– Вы таксама прапануеце скасаваць дарожны падатак. Чаму гэтая тэма важная для беларусаў?

– Рэч у тым, што больш за палову беларускіх кіроўцаў праз гэта ездзіць без тэхагляду. Гэта ненатуральна. Ужо шмат гадоў таму гэты падатак быў уключаны ў кошт паліва. А ўлады зноў да гэтага вярнуліся і цягнуць з народа капейкі. Гэты абсурдны падатак павінен быць скасаваны. Беларусы ўжо дастаткова заплацілі за дарогі. Не трэба дурыць наш народ, ён разумны.

– Як Вы будзеце дамагацца ад уладаў выканання гэтых 32 патрабаванняў?

– Мы былі актыўныя ў рэгіёнах, таму я перакананы, што пад гэтымі пунктамі людзі будуць падпісвацца і будуць іх адстойваць. Так, трэба будзе вялікая праца. І без актыўнасці з боку грамадзянаў немагчыма будзе давесці яе да лагічнага заканчэння.

Мы будзем выкарыстоўваць усе механізмы: і збор подпісаў, і электронныя петыцыі, і «круглыя сталы». Спадзяюся, што да нас далучацца актыўныя нефармальныя лідары з рэгіёнаў. Я ўпэўнены, што наша праца прынясе вынік, а мы даб'емся выканання гэтых патрабаванняў. Беларусы будуць салідарныя з намі.

Народ павінен быць пачуты ўладай. Беларусь трэба зрабіць сапраўды краінай для жыцця, а не для выжывання.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках