22 лiстапада 2019, Пятніца, 9:08
Праўда пра «выбары»
Рубрыкі

«Студэнты нас вітаюць, асабліва за заклік адмяніць закон Раўкова»

1
«Студэнты нас вітаюць, асабліва за заклік адмяніць закон Раўкова»
Пікет «Маладзёвага блёку» на Ленінградзкай вуліцы
Фота: svaboda.org

Каля хімфаку БДУ прайшоў выбарчы пікет «Моладзевага блёку».

Тры кандыдаты ад «Моладзевага блёку» зладзілі 6 лістапада ў цэнтры Менску супольны выбарчы пікет. Стас Шашок, Алана Марыям і Даніла Лаўрэцкі зь сябрамі і даверанымі асобамі сабраліся на пляцоўцы паміж хімічным і юрыдычным факультэтамі БДУ і дзьве гадзіны прастаялі з плякатамі і расьцяжкамі, перадае «Радыё Свабода».

Побач — чыгуначны вакзал, плошча Незалежнасьці. Пляцоўка на Ленінградзкай вуліцы — месца бойкае і знакамітае. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году тут агітаваў за сябе Ўладзімер Някляеў, які пасьля кампаніі адзначаў, што нават студэнцкую моладзь у Беларусі амаль цалкам дэпалітызавалі. Ці зьмянілася што за 10 год?

Стас Шашок пра пікет расказаў з захапленьнем.

«Прастаялі дзьве гадзіны, і ніводнай заўвагі ад маладых ці касога погляду — толькі вітаюць. Адна бабуля, праўда, назвала нас «двоечнікамі», але мы ёй даравалі. Проста яна ня ведае, што з двойкамі ў БДУ не паступіць. А аднагодкі вітаюць, асабліва за расьцяжку супраць закону пра адмену адтэрміновак.

Яшчэ мы крытыкавалі тое, як у нас ідзе Балёнскі працэс, што фактычна ён „пад арыштам“. І, канечне, прайшліся па нядаўнім загадзе рэктара, паводле якога пра БДУ дазволена выказвацца толькі станоўча. Гэта нейкае цемрашальства і сярэднявечча! Нам за яго сорамна!» — сказаў Стас Шашок.

Малады чалавек летась скончыў юрфак БДУ і кажа, што добра ведае праблемы, зь якімі сутыкаюцца студэнты гэтай ВНУ. Стас вылучыўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, каб выправіць дрэнныя законы і змагацца за новыя, дэмакратычныя.

«Я кандыдат па 99-й выбарчай акрузе, гэта Пятроўшчына. Алана — кандыдат па 98-й Грушаўскай акрузе, а Даніла Лаўрэцкі — па 95-й, Купалаўскай. Мы адзін аднаго падтрымліваем», — зрабіў кароткую прэзэнтацыю сваёй групы Стас Шашок.

У канцы пікетаваньня да актывістаў падышоў міліцыянт і перапісаў прозьвішчы кандыдатаў у дэпутаты. Прычыну цікаўнасьці ён патлумачыў тым, што паступіў сыгнал, што нехта парушае парадак.

«Нічога мы не парушалі — усё прайшло ў межах закону», — сказаў на гэта Стас Шашок і запрасіў 7 лістапада а 15 гадзіне наведаць пікет кандыдатаў «Моладзевага блёку» каля гандлёвага цэнтру Dana Mall.

«Будзе давераная асоба, вядомы актывіст Павал Вінаградаў. Ён будзе стрыгчы свайго кандыдата ў дэпутаты, якому адразу пасьля выбараў ісьці ў войска», — сказаў Стас Шашок.