25 красавiка 2024, Чацвер, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія мігранты – шанец для эканомікі Нямеччыны

3
Украінскія мігранты – шанец для эканомікі Нямеччыны

Меркаванне навукоўцы.

Праз 20 гадоў кожны трэці жыхар Нямеччыны будзе мець міграцыйныя карані, а ў мегаполісах дзель мігрантаў і іх нашчадкаў дасягне 70 адсоткаў. Такі прагноз агучыў эксперт у праблеме міграцыі, супрацоўнік Нюрнбергскага Інстытута даследаванняў рынку працы Херберт Брюкер (Herbert Brücker). У інтэрв'ю Нямецкай хвалі ён падзяліўся сваімі разважаннямі на гэтую тэму.

– Паводле Вашых ацэнак, для захавання канкурэнтаздольнасці сваёй эканомікі Нямеччына штогод мае патрэбу ў 400 тысячах новых мігрантаў. Што прывяло да ўзнікнення такой сітуацыі?

– Рэч у тым, што яшчэ з 1970-х гадоў у Нямеччыне пачалі зніжацца паказнікі нараджальнасці. У той самы час расла даўжыня жыцця грамадзянаў. У выпадку нулявой іміграцыі да 2060-га года колькасць працаздольных жыхароў краіны скарацілася б на 40 адсоткаў. Калі ж прыток мігрантаў складзе блізу 400 тысячаў чалавек за год (а гэта прыкладна ўдвая больш, чым цяперашні сярэднегадавы паказнік у ФРГ), то ў нас атрымалася б захаваць наш працоўны патэнцыял на адносна стабільным узроўні. Варта адзначыць, што пры гэтым колькасць пажылых людзей усё роўна прадоўжыць расці. Гэта азначае, што колькасць пенсіянераў будзе перавышаць колькасць грамадзянаў працаздольнага ўзросту, якія павінны будуць іх забяспечваць.

– Вы мяркуеце, што праз 20 гадоў міграцыйныя карані будзе мець кожны трэці жыхар Нямеччыны. На чым заснаваны Ваш прагноз?

– Ужо сёння міграцыйныя карані мае блізу чвэрці насельніцтва краіны. Гэты лік уключае ў сябе людзей, якія прыехалі сюды з іншай краіны, а таксама іх дзяцей і ўнукаў. Калі ў Нямеччыну ў сярэднім будуць прыбываць ад 200 да 400 тысячаў чалавек за год, то да 2030 годзе гэты паказнік дасягне 35 адсоткаў.

– Калі казаць пра краіны паходжання мігрантаў, то найбольш высокі міграцыйны патэнцыял, на Ваш погляд, маюць Украіна і заходнебалканскія краіны. У сваю чаргу, да прыкладу, у Румыніі ён значна ніжэйшы. Чаму?

– Неабходна адрозніваць краіны першай і другой хвалі пашырэння ЕЗ. У такіх краінах, як Польшча, міграцыйны патэнцыял ужо практычна вычарпаны, а ў краінах другой хвалі – Балгарыі, Румыніі і Харватыі – ён яшчэ ёсць, хоць і зніжаецца. Гэта адбываецца ў тым ліку і таму, што прыбыткі на душу насельніцтва павольна набліжаюцца (да сярэднееўрапейскага ўзроўню. – Рэд.). З іншага боку, значная частка маладых людзей, гатовых эміграваць, ужо выехала з гэтых краінаў.

Між тым у дзяржавах, размешчаных на знешніх межах Еўразвязу – да прыкладу, ва Украіне і заходнебалканскіх краінах – магчымасці эміграваць у ЕЗ былі вельмі абмежаванымі. Аднак сярод іх жыхароў захоўваецца досыць высокая гатоўнасць да эміграцыі, а іх узровень прыбыткаў моцна адстае ад еўрапейскіх паказнікаў. І калі грамадзянам гэтых краінаў у той ці іншай форме спрасціць умовы ўезду ў ЕЗ, то іх міграцыйны патэнцыял будзе высокім.

– Кожная краіна ў першую чаргу імкнецца прывабіць найлепшыя кадры. Але якое значэнне масавая эміграцыя будзе мець для самой Украіны, яе эканомікі, індэкса чалавечага развіцця і кадравага патэнцыялу? Тым больш, што ўжо тры дзесяцігоддзі прадаўжаецца "выцечка мазгоў" з краіны...

– Так, але тут складваецца неадназначная карціна. Калі б грамадзянам Украіны тэарэтычна была б дадзеная магчымасць свабодна эміграваць у ЕЗ, то ёю скарысталіся б не толькі высокакваліфікаваныя кадры, але і спецыялісты сярэдняга звяна, а таксама, верагодна, людзі з нізкай кваліфікацыяй.

З іншага боку, вынікі даследаванняў гавораць пра тое, што магчымасць эміграваць з краіны можа спрыяць росту інвестыцый у чалавечы капітал (у краінах паходжання мігрантаў. – Рэд.). Да прыкладу, у краінах Усходняй Еўропы ўсё больш людзей імкнуцца атрымаць адукацыю, альбо прафесійную кваліфікацыю. Гэта азначае, што не ўсе краіны пакутуюць ад "выцечкі мазгоў": у многіх з іх інвестуюць у адукацыю, а ў некаторыя вяртаюцца працаўнікі. Зрэшты, ёсць і выключэнні – да прыкладу, у медыцынскай галіне. Некаторыя дзяржавы адчуваюць недахоп медработнікаў, якія з'ехалі ў больш багатыя краіны.

– А як масавая міграцыя ў Нямеччыну можа паўплываць на грамадскія настроі ў краіне? Ці можа гэта спрыяць узнікненню канфліктаў на нацыянальнай глебе, бо ўжо сёння немцы ўспрымаюць міграцыйныя працэсы неадназначна – перш за ўсё, на ўсходзе ФРГ?

– У цэлым Нямеччына будзе станавіцца ўсё больш разнастайнай. Сёння мігранты прыбываюць сюды з самых розных краінаў. Да прыкладу, сярод замежных студэнтаў у ФРГ самая шматлікая група – гэта кітайцы. Цяпер адлегласці скарачаюцца, выдаткі на транспарт і камунікацыйныя паслугі зніжаюцца. Мы павінны развітацца з думкай пра тое, што насельніцтва вялікіх гарадоў будзе этнічна аднародным. Акрамя таго, там не будзе ні адной дамінантнай групы мігрантаў, як гэта перш за бывала з выхадцамі з Турцыі, Югаславіі ці Італіі. Але ад гэтага праблемаў, звязаных з міграцыяй, стане не больш, а наадварот – менш. Даследаванні кажуць, што сацыяльная інтэграцыя мігрантаў праходзіць на здзіўленне паспяхова.

– Аднак многія ставяцца да міграцыі скептычна. Узяць, да прыкладу, выказванні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа або пастанову пра выхад Вялікай Брытаніі з ЕЗ, да якой у значнай ступені прывялі спрэчкі на тэму міграцыі. У будучыні Вялікая Брытанія мае намер прымаць толькі высокакваліфікаваных мігрантаў. Што Вы пра гэта думаеце?

– З гэтай задумы нічога не выйдзе. Вядома, што Вялікая Брытанія атрымлівала ад міграцыі з краінаў ЕЗ значную выгаду. Мігранты з Еўразвязу інтэграваныя на брытанскім рынку працы значна лепш, чым самі брытанцы: яны плацяць больш падаткаў і сацыяльных адлічэнняў і часцяком валодаюць больш высокай кваліфікацыяй.

Праблему для Вялікай Брытаніі маюць не мігранты з краінаў ЕЗ, а тыя, хто прыехаў з трэціх краінаў – перш за ўсё, з Судружнасці нацый, гэта значыць, былых калоній. Гэтыя людзі ў сярэднім інтэграваныя значна горш, чым еўрапейцы. На мой погляд, Лондан здзяйсняе вялікую памылку, адмаўляючыся ад міграцыі з Еўразвязу. У сваю чаргу жыхары былых калоній будуць па-ранейшаму прыбываць у Вялікую Брытанію – як з высокай, так і з нізкай кваліфікацыяй. Ужо сёння зразумела, што Brexit дорага абыдзецца гэтай краіне – у тым ліку і таму, што Лондан пазбавіцца кваліфікаваных кадраў з новых краінаў – чальцоў Еўразвязу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках