18 красавiка 2024, Чацвер, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Брат маёй бабулі бачыў Леніна і ўважаў яго за бандыта»

19
«Брат маёй бабулі бачыў Леніна і ўважаў яго за бандыта»

Што азначае для беларусаў 7 лістапада?

Што вы робіце 7 лістапада? Святкуеце? Адпачываеце? Сустракаецеся з сябрамі? А ці задумваліся вы, што для многіх беларусаў гэта не чырвоная, а чорная дата календара?

Акурат у такой сям'і нарадзіўся дакументаліст, тэатральны крытык і перакладчык Вячаслаў Ракіцкі. "Белсат" пагаварыў з ім, чаму гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі - гэта не селядзец пад футрам, і што сказала цётка, якая прыехала ў Беларусь з Лондана.

- Што вы адчуваеце, калі ўсе вакол радуюцца выходнаму на 7 лістапада?

— З гэтай датай у мяне звязаны вельмі моцны, яскравы ўспамін са школьнага дзяцінства. З суседняга гарадка Чарневічаў у Празарокі (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці – рэд.) прыехаў нас адведаць брат маёй бабулі - чалавек ужо сталага веку. А мама была настаўніца і кажа: "Слухай, дзядзька Янук, у мяне ў школе сёння класны час. Прыйдзі да нас выступіць. Ты ж падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі быў у Петраградзе і Леніна бачыў. На што дзядзька Янук сказаў: "Ай, Зоська, ну што я магу сказаць? Ну бандыт ён быў, і ўсё тут".

У нас у сям'і было вельмі скептычнае стаўленне да свята 7 лістапада. У тым ліку і ў мамы, настаўніцы. Таму што наш род - яе бацькі, браты, сёстры – вельмі моцна пацярпеў ад бальшавізму. У Заходняй Беларусі гэтае свята нават у савецкія часы асабліва не адзначалі. Затое добра памяталі 1939 год - прыход бальшавікоў.

Дзядулю саслалі ў Кыргызстан, бабулю - у Казахстан, цётку - у Архангельскую вобласць, дзядзьку - у Сібір. З усёй радні ў Празарокі вярнулася толькі бабуля, і то толькі пасля смерці Сталіна. Дзядуля знік у Кыргызстане. Калі я быў на юбілеі пісьменніка Чынгіза Айтматава, які быў чалавекам абсалютна ўсёмагутным у сваёй рэспубліцы, з ягонай дапамогай паспрабаваў знайсці сляды дзеда, але мясцовы КДБ нічога не змог зрабіць…

БАБУЛЯ І ДЗЯДУЛЯ.

Цётка, у якой была ў Празароках невялікая фабрыка лёну, страціла адзінае дзіця ў ссылцы. Прайшла паўсвету з войскам Андэрса, каб нарэшце знайсці прытулак у Лондане, дзе памерла ва ўзросце 100 гадоў. Дзядзьку - настаўніка беларускай мовы - саслалі за "нацыяналізм". Ён памёр па дарозе ў ссылку, як мяркуецца, ад менінгіту.

Так што ў нашай сям'і ўсе ведалі пра "подзвігі" бальшавікоў. Але маўчалі. Бо мама таксама як кулацкая дачка шмат нацярпелася. А трэба было неяк жыць і нас з братам ставіць на ногі. А я год за годам асэнсоўваў і ўрэшце зразумеў, што ж насамрэч адбылося ў нашай сям'і ў гісторыі Беларусі. Гэта і паўплывала на тое, чым я займаўся ўсё сваё жыццё і прадаўжаю дагэтуль.

ДЗЯДЗЬКА ВЯЧАСЛАВА РАКІЦКАГА, ЯКОГА ВЫСЛАЛІ ЗА «НАЦЫЯНАЛІЗМ».

- Колькі вам было гадоў, калі вы ўсё зразумелі?

- Пачаў разумець у старэйшых класах. З дзяцінства памятаю, як я ўжо сплю, але чую, што нешта шуміць, грыміць, раздаюцца нейкія галасы. Гэта бацькі на старым радыёпрымачы з такімі велізарнымі батарэйкамі слухалі "Радыё Свабода".

Поўнае асэнсаванне надышло, калі вучыўся на факультэце журналістыкі і там сутыкнуўся з жахлівым ідэалагічным прэсінгам. Тады мае веды аб жыцці, атрыманыя ад бацькоў і бабулі, уступілі ў канфлікт з той камуністычнай апрацоўкай. Універсітэт я скончыў з чырвоным дыпломам, але ўжо на 3-4-м курсе даў сабе слова: ніколі не працаваць у савецкай журналістыцы. Пайшоў у тэатр. Наогул у дзяржаўных СМІ я папрацаваў толькі некалькі гадоў, ды і то на тэлевізіі, якой кіраваў Генадзь Бураўкін (самы беларускі перыяд у гісторыі БТ-рэд.), у літаратурна-драматычнай рэдакцыі. Так што камуністычную журналістыку я выпусціў.

- Памятаеце рэакцыю бацькоў, калі яны даведаліся, што вы пачалі афіцыйна працаваць на радыё, якое ў савецкія часы яны таемна слухалі ўначы?

- Гэта была найвялікшая радасць! 1990-я былі самымі шчаслівымі гадамі ў нашым жыцці. Мы з мамай прайшлі праз усе апазіцыйныя мітынгі. Канец 1980-х і 1990-я яна, нягледзячы на сталы век, ішла на барыкады. Стаяла пад Домам ураду, калі там засядаў Вярхоўны Савет 12-га склікання. Удзельнічала ў шэсцях у Курапаты. Пратэставала супраць "дружбы" з Расеяй. Для нас гэта важна. Думаю, што мама праслухала ў эфіры ледзь не ўсе мае праграмы, перадачы, нават выпускі навін, якія я чытаў, пачынаючы словамі "кажа "Радыё Свабода".

ВЯЧАСЛАЎ РАКІЦКІ (СЯДЗІЦЬ ЗЛЕВА) З БАЦЬКАМІ ЗОСЯЙ І АНТОНАМ, БАБУЛЯЙ МАРЫЯЙ І БРАТАМ АНТОНАМ.

Мама, якой сёння 91 год, чытае ў інтэрнэце сайты і "Радыё Свабода", і "Белсата», і "Нашай Нівы". Кампутар яна асвоіла ў 85 гадоў, каб размаўляць па Skype з унукамі, якія жывуць за мяжой. І натуральна, калі з'явіўся "Белсат", яна ўсталявала спадарожнікавую антэну, і цяпер тэлевізар у яе настроены на "Белсат" з раніцы да вечара.

- А з цёткай, якая жыла ў Лондане, паспелі сустрэцца?

- З 1970-х, калі дазволілі наведваць сваякоў у Польшчы (а туды пасля вайны выехала шмат маёй радні), я праводзіў там амаль усе вакацыі. Менавіта там я ўпершыню сустрэўся з цёткай Любай. Пазней я шмат разоў наведваў яе ў Лондане, дзе жыло шмат людзей з Глыбокага. Усе яны трапілі туды з Арміяй Андэрса.

Калі цётка ўсё ж наважылася прыехаць у Беларусь (а нашы эмігранты вельмі доўга баяліся перасякаць мяжу) і ўбачыла, што ад яе дома і фабрыкі амаль нічога не засталося, яна, стрымліваючы слёзы, прагаварыла толькі адну фразу: "Ale sposkudzili to wszystko...". ("Як жа гэта ўсё спаскудзілі...").

— Па-польску?

- Усе, хто трапіў з Глыбоччыны ў Англію, гаварылі там па-польску, хоць усведамлялі, што ў іх беларускія карані. У нашым мястэчку гаварылі на беларуска-польскай трасянцы. Але тыя, хто хацеў і змог выехаць, баяліся прызнацца ў сваёй беларускасці. Каб патрапіць у Армію Андэрса, трэба было давесці сваю польскасць. Таму яны ўсе адносілі сябе да польскай культуры і, адпаведна, дыяспары. Гэта драматычны момант, звязаны з ударам бальшавізму па беларускай ідэнтычнасці. Людзі хаваліся за польскасць, каб выжыць. Акрамя таго, у старых людзей была настальгія па больш свабодных, дэмакратычных часах за Польшчай і страх перад камуністычным рэжымам у СССР.

ЦЁТКА, ЯКАЯ ЎРАТАВАЛАСЯ З АРМІЯЙ АНДЭРСА.

- Нядаўна вы атрымалі прэмію імя Алеся Адамовіча за публіцыстыку - за цыкл «Сведкі». Чаму вы наважыліся яго здымаць?

- Ідэя фіксаваць гісторыю, якая дзеецца на тваіх вачах, у якой ты сам і сведка, і ўдзельнік, паўстала, калі я працаваў у Празе на "Радыё Свабода". Прайсціся па адрасах, дзе адбывалася Бітва за незалежную Беларусь, умоўна павесіць мемарыяльныя шыльды на тых месцах. Тым самым як бы зазірнуць у будучыню дэмакратычнай еўрапейскай краіны, якая шануе сваю слаўную гісторыю. Так нарадзілася серыя радыёперадач, а потым – кніга "100 адрасоў свабоды". А яшчэ пазней, ужо на "Белсаце" паўстала магчымасць візуалізаваць нашу найноўшую гісторыю. Так нарадзіўся дакументальны цыкл, у якім я распавёў пра найярчэйшыя падзеі нашай барацьбы цягам 30 гадоў.

У "Сведках" самае галоўнае тое, што мы паспелі зняць успаміны людзей, якія самі стваралі гэтую гісторыю, у якіх захаваліся фатаграфіі і відэазапісы. Былі моманты, калі нават мы з удзельнікамі падзей не маглі ўзгадаць дакладна, дзе і калі гэта адбывалася, хто браў удзел. А цяпер уявіце, з чым сутыкнуцца гісторыкі праз 100 гадоў! Яны ж напішуць гісторыю-фантазію! Таму трэба па гарачых слядах зафіксаваць тое, што людзі яшчэ памятаюць. І каб ніхто не змог пазней сфальсіфікаваць нашу гісторыю, як гэта зрабілі ў СССР з гісторыяй ХХ стагоддзя.

"Сведкі" складаюцца з трох цыклаў: 1980-я, 1990-я, 2000-я гады. Заканчваюцца яны Плошчай 2010 года. Налета скончыцца новае дзесяцігоддзе. А наша барацьба за незалежнасць і дэмакратыю, на вялікі жаль, усё яшчэ прадаўжаецца. Вось і турбуе мяне думка, што, напэўна, варта зрабіць прадаўжэнне.

10-я гады нашага стагоддзя - не такія рэвалюцыйныя, як 1990-я. Але і ў іх было таксама шмат падзей, якія трэба зафіксаваць. Узяць хоць бы вахту каля рэстарацыі "Поедем поедим" у абарону памяці пра Курапаты. Бачу яшчэ дзесяць кароткіх фільмаў у дадатак да ўжо зробленых. Тады атрымалася б усяго 50 серый пра апошнія 40 гадах. Так, наша найноўшае адраджэнне зацягнулася аж на чатыры дзесяцігоддзі. Мы верылі, што ўсё адбудзецца хутчэй…

І мне вельмі б хацелася, каб у 2020-м годзе ўсё ж наша Бітва за незалежнасць шчасліва скончылася, каб нарэшце пачалося нармальнае жыццё і будаўніцтва самастойнай Еўрапейскай Беларусі. І каб больш не трэба было прадаўжаць здымак гістарычнага серыяла пра нашае спаборніцтва. А ў маёй кар'еры гэта была б вельмі нават нядрэнная тлустая кропка.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках