24 красавiка 2024, Серада, 5:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У маразільнай камеры брытанскай бабулькі знайшлі старажытныя скарбы

2
У маразільнай камеры брытанскай бабулькі знайшлі старажытныя скарбы
ФОТА: PIPPA KIDSON-TRIGG

Незвычайны выпадак адбыўся ў графстве Уілтшыр.

У доме памерлай жыхаркі графства Уілтшыр, Англія, знайшлі схованку з каштоўнасцямі, якія датуюцца XVI стагоддзем. Пра гэта паведамляе выданне Daily Mail (пераклад - lenta.ru).

Унукі памерлай брытанкі выказалі здагадку, што ў яе доме можна знайсці шмат каштоўных рэчаў. Яны запрасілі аўкцыяністку Піпі Кідсан-Трыг (Pippa Kidson-Trigg) агледзець жыллё. «Мы шукалі каштоўнасці вельмі старанна, даслоўна ў кожным куце. Мой калега адкрыў маразільную камеру і выявіў там схованку», - распавядае экспэрт.

Побач з замарожаным мясам захоўваліся дарагія старадаўнія ўпрыгажэнні, у тым ліку падвеска ў выглядзе пелікана коштам амаль 30 тысяч фунтаў стэрлінгаў (2,5 мільёна рублёў). Акрамя таго, у доме пенсіянеркі знайшлі італійскі кулон XVII стагоддзя з сапфірам і рубінам, які папярэдне ацанілі на 15 тысяч фунтаў стэрлінгаў (1,2 мільёна рублёў).

«Шмат людзей таго пакалення і праўда хавалі дома каштоўнасці для захаванасці. Перш за ўсё мы зазірнулі пад матрац, - успамінае Кідсан-Трыг. - Мэбля вельмі састарэла, ды і шпалеры на сценах пакідалі жадаць лепшага. Сям'я не ведала напэўна, дзе і што менавіта хавала пенсіянерка. Яны распавялі толькі тое, што ў 60-х гадах яна была вельмі заможнай і скупляла ў Лондане дзіўныя штучкі ў ювеліраў і аўкцыяністаў».

«Мы знайшлі ювелірныя вырабы эпохі Адраджэння. Тое, што яны захоўваліся ў маразілцы, ніяк не адбілася на іх стане, - сцвярджае аўкцыяністка. - Акрамя таго, мы выявілі квітанцыі і дакументы на большасць каштоўнасцяў. Паперы пацвярджалі іх унікальнае паходжанне».

Кідсан-Трыг і яе камандзе ўдалося знайсці ў жыллі памерлай калекцыянеркі 30 каштоўных упрыгажэнняў, у тым ліку залатыя і срэбраныя кольцы, бранзалеты, кулоны, завушніцы і брошкі. Усе знойдзеныя каштоўнасці будуць прададзеныя на аўкцыёне ў ангельскім горадзе Суіндане, графства Уілтшыр, 13 лістапада.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках