14 лiстапада 2019, Чацвер, 18:10
Добрая навіна
Рубрыкі

Іншаземец пра беларускія платныя дарогі: Гэта не дорага - гэта тупа

24
Іншаземец пра беларускія платныя дарогі: Гэта не дорага - гэта тупа
Фота: БелТА

Жыхар Нідэрландаў праехаўся маршрутам Бераставіца - Менск - Віцебск і назад.

Памятаеце нядаўнія Еўрапейскія гульні? Многім аўтааматарам гэтая падзея запомнілася зусім не дзякуючы спартовым дасягненням, а праз розныя абмежаванні ў дарожным руху і ператварэнні платных дарог у бясплатныя. Апошняе - нечуваная шчодрасць па беларускіх мерках.

На тэму дарог і сістэмы аплаты за праезд па іх журналісты abw.by пагутарылі з жыхаром Нідэрландаў Нікам, якому давялося пабываць у нашай краіне ўжо пасля ўсіх падзей. Далей - ад першай асобы:

- Упершыню ў Беларусі я быў блізу пяці гадоў. Падрабязнасцяў пра той візіт, на жаль, ужо не памятаю. Памятаю толькі, што пра неабходнасць платы за праезд і атрымання бартавой прылады мне сказалі знаёмыя ўжо ў канчатковым пункце маршруту ў Берасці. Тады неяк абышлося без штрафаў, а сама прылада з'ехала разам са мной у Нідэрланды. Пра магчымасць здаць яе назад тады мне ніхто не казаў.

І вось я зноў прыехаў у Беларусь на аўтамабілі. Шлях пралягаў праз Бераставіцу. Ужо на мяжы мяне папярэдзілі аб платных дарогах, пасля чаго давялося праехаць да найбліжэйшай запраўкі для афармлення. Вельмі дзіўна: куды больш лагічна было б зрабіць пункт аплаты адразу на мяжы каб пазбегнуць неспадзяванак.

З афармленнем як такім цяжкасцяў не было. Аплата выраблялася з дапамогай карты, таму аб праблемах з валютай нічога сказаць не магу. Аднак жанчына, якая займалася дакументамі, не размаўляе па-ангельску. Не ведаю, як бы афармляў дакументы, калі б не мая расейскамоўная дзяўчына.

На расейскай мове нам патлумачылі, на што звяртаць увагу пры працы бартавой прылады. Наогул вельмі дзіўна, што неабходна бесперапынна да яе прыслухоўвацца. Як нам сказалі, калі раптам з'явіцца рэха - гэта падстава для турботы. Як на злосць, менавіта рэха мы і пачулі. Давялося тэлефанаваць у службу падтрымкі і зноў шукаць пункт абслугоўвання. Праверка прылады нічога не выявіла - мы паехалі далей. Паездка праходзіла маршрутам Бераставіца - Менск - Віцебск і назад. Абышлося без штрафаў, а бартавая прылада пасля заканчэння паездкі была здадзеная.

Прыкладна праз месяц мая дзяўчына зноў паехала ў Беларусь. Падчас знаходжання ў краіне на яе нумар тэлефона патэлефанавалі з BelToll. Чаму на яе, калі нумар у дамове быў паказаны мой? Так ці інакш, але арганізацыя цікавілася, чаму на маё імя зарэгістраваныя два нумарныя знакі і дзве бартавыя прылады.

Як высветлілася ў далейшым, адбылося наступнае. Падчас першай паездкі ў Беларусь я не здаў бартавую прыладу, яна засталася ляжаць у аўтамабілі разам з іншымі рэчамі. Яна была проста забытая, а затым разам з усімі рэчамі перавандравала са старога аўтамабіля ў новы. Пры гэтым, нягледзячы на мінулы час, яна спрабавала працаваць і падчас апошняй паездкі, чым збіла з панталыку. Добра, што абышлося без штрафаў.

Агулам сістэма здалася мне зусім непрадуманай і нязручнай. У той жа Польшчы ці Францыі на платных дарогах дзейнічаюць прапускныя пункты. Можа, гэта і стварае чэргі, затое ёсць упэўненасць у тым, што праблем не будзе. У Нідэрландах платных дарог і зусім няма.

Тут жа даводзіцца ўвесь час загружаць мозг непатрэбнай інфармацыяй. Для атрымання бартавой прылады трэба афармляць дакументы. Затым хвалявацца, ці не бракуе грошай, бо па SMS праверыць баланс не атрымалася з нейкіх прычын. Трэба ўвесь час прыслухоўвацца да таго, як «пікае» прылада, а калі нешта бянтэжыць - шукаць пункт абслугоўвання. Нават музыку не паслухаеш, даводзіцца ўвесь час быць у напрузе. Пры выездзе з краіны зноў даводзіцца марнаваць час на здачу прыбора.

А калі раптам на нейкім этапе нешта пайшло не так, трэба быць гатовым заплаціць круглую суму. 100 еўраў за адну «рамку» - гэта шмат. За адну паездку можна атрымаць такі штраф, які нават для нідэрландскіх заробкаў будзе велізарным.

У астатнім жа паездка пакінула добрыя ўражанні. Якасць дарог нядрэнная, інфраструктура ў меру развітая. Але сістэма платных дарог - гэта нешта. І пытанне нават не ў коштах. Я ужо не ўзгадаю, колькі давялося аддаць за праезд, бо ў галаве сядзіць адна думка: гэта было не дорага - гэта было тупа.