12 лiстапада 2019, aўторак, 0:17
Час
Рубрыкі

У Беларусі запатрабавалі забараніць цыркі з жывёлай

19
У Беларусі запатрабавалі забараніць цыркі з жывёлай

Гэта ўжо зрабілі 45 дзяржаў свету.

На сайце petitions.by з'явілася петыцыя з патрабаваннем забараніць у Беларусі цыркі з жывёлай. Больш за 45 дзяржаў свету поўнасцю або часткова ўжо забаранілі выкарыстоўваць жывёлін дзеля забаў, піша «Белсат».

Галоўная прычына занепакоенасці - жорсткая дрэсіроўка перад спектаклямі, якая базуецца на выпрацоўцы ў жывёлін дзікага страху, а таксама высокая смяротнасць пры перавозцы.

Аўтары петыцыі мяркуюць, што ўмовы, у якіх утрымліваюцца жывёліны, не дапушчальныя і не прыдатныя, улічваючы іх натуральнае асяроддзе пасялення. Шум, святло і вібрацыі бесперапынных пераездаў і рэпетыцый, клеткі - усё гэта выклікае стрэс і нестабільнае самаадчуванне жывёлін.

Немагчымасць стварыць умовы для паўнавартаснай ветэрынарнай дапамогі і адсутнасць санітарных умоў павялічвае рызыку захворванняў, стрэс і можа прывесці да смерці жывёлін. Акрамя таго, вельмі часта хворых жывёлін прымушаюць прадаўжаць выступаць.

«Цырк з жывёлай - перажытак мінулага, які ідзе каранямі ў Старажытны Рым, «праслаўлены» гладыятарскімі баямі, масавым цкаваннем жывёлін і людзей на арэнах на пацеху крыважэрнаму натоўпу», - кажуць аўтары, падкрэсліваючы, што яны выступаюць «за сучасную Беларусь».

Пад зваротам падпісаліся ўжо больш за 570 чалавек. Праз 26 дзён петыцыю накіруюць у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.