19 красавiка 2024, Пятніца, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чэмпіёнства Берасця можа адкласці «Іслач»

Чэмпіёнства Берасця можа адкласці «Іслач»

Супрацьстаянне Глеба і Мілеўскага.

У нядзелю на «Камвольшчыку» будзе горача – берасцейскае «Дынама» прыедзе да «Іслачы». На матч прададзена ўжо больш за тысячу квіткоў (хоць хатнія гульні «ваўкоў» часта не дасягаюць гэтай адзнакі). На стадыён зазывае нават Арцём Мілеўскі. Галоўны трэнер «Іслачы» запэўніў, што абавязкова будзе, піша «Трыбуна».

Ажыятаж лёгка вытлумачальны. Каб аформіць гістарычнае чэмпіёнства, Берасцю патрэбная ўсяго адна перамога. На «Маякоўцы» «Дынама» ўжо перамагала два Суперкубкі, але трэці трафей можа не адбыцца. «Іслач», якая на мінулых выходных ляснула БАТЭ, свае мэты на сезон яшчэ не выканала і без бою не здасца – у цяперашнім сезоне каманда выглядае даволі магутна.

"Іслач" змагаецца за 4-е месца

Перад пачаткам чэмпіянату Віталь Жукоўскі, настаўнік «Іслачы», пазначыў амбіцыйную мэту – 50 балаў. «Большасць людзей пры сустрэчы гаварылі: 50 балаў – ты што, звар’яцеў? Адказваў: ну, трэба ж нешта спрабаваць», – апавядаў Жукоўскі ў красавіку. Як высветлілася, устаноўленая планка не такая ўжо недасягальная. За тры туры да канца ў «ваўкоў» 45 балаў. Наперадзе акрамя Берасця «Славія» і «Менск» – выканаць задачу цалкам рэальна.

Акрамя таго, «Іслач» можа зачапіцца за чацвёртае месца, якое пры пэўных абставінах адкрывае дарогу ў еўракубак. Да менскага «Дынама» ўсяго два балы. «Бела-блакітныя» цяпер у крутым піке – атрымалі 0:4 у Жодзіне і ўвогуле не могуць перамагчы ўжо шэсць тураў запар. А каляндар у каманды Гурэнкі вельмі цяжкі: «Дняпро» ратуецца ад вылету, класіка з БАТЭ і дэрбі з Берасцем.

У разборках за топ-4 удзельнічае яшчэ і «Тарпеда-БелАЗ». У жодзінцаў таксама 45 балаў, але яны саступаюць «Іслачы» ў асабістых сустрэчах (параза 0:1 і 1:3).

Глеб і іншыя лідары «Іслачы» ў парадку

У зграі «ваўкоў» хапае выканаўцаў, якія могуць прынесці праблемы берасцейцам. У Жукоўскага ў распараджэнні адзін з найлепшых брамнікаў лігі. Ягор Хаткевіч уваходзіць у топ-3 кіпераў ЧБ паводле звестак Instat і ўпершыню ў кар'еры атрымаў выклік у «Нацыяналку».

У паўабароне зіхаціць Аляксандр Глеб. Алекс канчаткова асвоіўся ў новай камандзе і ў апошніх турах выходзіць у старце. У былога паўабаронца «Арсенала» і «Барселоны» хапае мінусаў, але іх удала маскуюць партнёры ў камандзе. Галоўнае, з крэацыйнасцю – дзеля чаго яго ўласна і падпісвалі – усё ў поўным парадку.

Глеб адзначыўся асістам у пераможным матчы з «Энэргетыкам» (2:1), паўдзельнічаў у голе менскаму «Дынама» (1:1) і патроіў круты перфоманс на «Барысаў-Арэне».

У Барысаве разам з Глебам феерыў Аляксандр Макась, які аформіў дубль і зрабіў два асісты. Усяго форвард настраляў у гэтым сезоне 11 мячоў ва ўсіх турнірах.

У выдатнай форме і ягоны партнёр у нападзе Дзмітрый Камароўскі. Лысагаловы нападнік мае 13 + 6 у гэтым сезоне. Праўда, удзел Камароўскага ў нядзельнай сечы пад пытаннем – выезд у Барысаў ён прапусціў праз пашкоджанне.

З Берасцем дакладна не дапамогуць «Іслачы» яшчэ два лідары. Вінгер Мома Янсане адправіўся ў Гвінею дапамагаць «Нацыяналцы» ў адборы КАН-2021, а абаронцу Годфры Стэфана паклікалі ў алімпійскую зборную Нігерыі, якая рыхтуецца да моладзевага Кубка афрыканскіх нацый.

Ад'езд Янсане не праблема – ён і так не гуляў бы праз дыскваліфікацыю. А вось Стэфана Жукоўскі не хацеў адпускаць, але ўсё-ткі пайшоў насустрач гульцу. «Не хацеў спачатку адпускаць яго, але потым паглядзеў рэйтынг ФІФА, колькасць насельніцтва ў краіне, канкурэнтаў у зборнай... Тое, што яго выклікалі, – фенаменальна! Мы ўпершыню з гэтым сутыкнуліся. Але мы шчаслівыя! Казалі Стэфану, што ў яго кантракт з клубам, які ён павінен адпрацоўваць. Вы не ўяўляеце, як чалавек са слязамі на вачах казаў, што ўсё разумее. Ён проста плача і кажа. І я падумаў: эх, калі і ў нас былі б такія хлопцы, якія так рэагавалі б, калі іх не адпускаюць у зборную. А з Берасцем будзе цяжка. У нас жа яшчэ і траўмаваныя ёсць. Але мы зробім усё, каб даць бой «Дынама», – казаў Жукоўскі.

Берасцю давядзецца спраўляцца без Няхайчыка і Кісляка

«Дынама» таксама прыедзе не ў аптымальным складзе. Праз перабор жоўтых картак матч прапусціць Павел Няхайчык. Капітан у гэтым сезоне забіў 12 мячоў і з'яўляецца найлепшым бамбардзірам каманды. Яшчэ адна страта – Сяргей Кісляк. КДК АБФФ адхіліў паўабаронцу на пяць матчаў і выпісаў штраф 1275 рублёў за абразу суддзяў пасля матчу з «Шахцёрам».

Кісляка публічна падтрымала жонка Юлія, а клуб засёкся з АБФФ праз жорсткія санкцыі. У Берасці паабяцалі зладзіць федэрацыі вайну, але пакуль пастанавілі сысці ў падполле – не кантактаваць са СМІ да чэмпіёнства.

На сінтэтыцы ў Берасця ўзнікаюць праблемы

Берасцейцы вельмі добрыя на выездах: у гасцях набралі больш балаў, чым дома – 35 супраць 32. Але ў нядзелю давядзецца бегаць па сінтэтыцы, на якой камандзе не вельмі прыемна гуляць. На гэта звярнуў увагу і Марцэл Лічка. «Гэта будзе вельмі складаная гульня ў Менску. Спаборнік паказвае добрую гульню на контратаках. Будзем гуляць на штучным полі. Гэта для нас гэта таксама розніца. Але чэмпіёнства – наша мэта. Зробім максімум, каб перамагчы ў Менску», – сказаў Лічка.

У гэтым чэмпіянаце берасцейцы на сінтэтыцы адчувалі цяжкасці. У гасцях у «Энэргетыка» каманда Лічкі прапусціла ўжо на 14-й хвіліне і выратавала нічыя (1:1) толькі ў другім тайме дзякуючы голу Дзяніса Лапцева. Складанай сустрэча атрымалася і з «Менскам», дзе ў самым пачатку Мілеўскі не забіў пенальці, потым Берасце прапусціла і ўсё-ткі вырвала перамогу ў канцоўцы (2:1). Пасля матчу сярод іншага казалі пра судзейства.

"Іслач", наадварот, лепш за ўсё адчувае сябе на штучным пакрыцці. На Маякоўцы каманда Жукоўскага саступіла ў сезоне толькі тры разы і то з мінімальным лікам 0:1 – поспех святкавалі «Шахцёр», менскае «Тарпеда» і «Слуцк».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках