29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарадца Гельмута Коля: Гарбачоў стрымаў сваё слова

2
Дарадца Гельмута Коля: Гарбачоў стрымаў сваё слова
ФОТА: W. KUMM

Вестка пра падзенне Берлінскай сцяны 9 лістапада 1989 года нагнала канцлера ФРГ у Польшчы.

9 лістапада 1989 года адбыліся дзве падзеі, кожная з якіх мела важнае гістарычнае значэнне: апоўдні з пяцідзённым візітам у Варшаву прыбыў канцлер ФРГ Гельмут Коль (Helmut Kohl) і вялікая нямецкая ўрадавая дэлегацыя, піша dw.com.

Польшча стала першай краінай-удзельніцай Варшаўскай дамовы, якая правяла свабодныя выбары. Пасля перамогі руху "Салідарнасць" першым дэмакратычна абраным прэм'ер-міністрам стаў Тадэвуш Мазавецкі. І Савецкі Саюз у адказ не ўвёў войскі ў Польшчу, як гэта было пры Л. Брэжневу ў жніўні 1968 года пры ўціску "Пражскай вясны". Міхаіл Гарбачоў стрымаў слова: ужо ў 1985 годзе пасля пахавання свайго папярэдніка на пасадзе генеральнага сакратара КПСС Канстанціна Чарненкі ён абвесціў сваім хаўруснікам, што больш не будзе ўмешвацца ў іх унутраныя справы.

Абяцанне Гарбачова

Стрымаў Гарбачоў і абяцанне, дадзенае ім Вугоршчыне, якая ўвяла ў 1989 годзе шматпартыйную сістэму, абвесціла пра правядзенне свабодных выбараў, адкрыла свае межы, дазволіўшы дзясяткам тысячаў грамадзянаў ГДР бегчы праз Аўстрыю ў Федэратыўную Рэспубліку Германія. Падзеі ў Польшчы і Вугоршчыне ўсялілі ў канцлера ФРГ пэўную ўпэўненасць у тым, што Савецкі Саюз больш не стане ўмешвацца ў развіццё падзей у ГДР.

ХОРСТ ТЭЛЬЧЫК ДОЎГІЯ ГАДЫ БЫЎ ДАРАДЦАМ ГЕЛЬМУТА КОЛЯ

Гельмут Коль прыбыў з візітам у Варшаву, каб аддаць даніну павагі першаму дэмакратычнаму ўраду, які прыйшоў да ўлады ў краіне Варшаўскай дамовы, і стварыць новую аснову для нямецка-польскіх стасункаў. Коль меркаваў, што яны такія самыя важныя, як і стасункі ФРГ і Францыі. З гэтай прычыны запланаваныя перамовы ў Варшаве мелі вялікае палітычнае значэнне.

У другой палове дня ў Сейме адбыліся першыя перамовы федэральнага канцлера з новым прэм'ер-міністрам Тадэвушам Мазавецкім, а потым з лідарам руху "Салідарнасць" Лехам Валенсам і старшынёй парламенцкай групы "Салідарнасці" Браніславам Герэмекам. Словы, сказаныя падчас сустрэчы Валенсам, пазней сталі прароцкімі.

Масавыя ўцёкі грамадзянаў ГДР у ФРГ і бесперапынныя шматтысячныя дэманстрацыі ў ГДР, на думку Валенсы, сталі пачаткам працэсу ўз'яднання Нямеччыны. Ён проста спытаў Коля, што той будзе рабіць, калі ГДР адкрые мяжу? Ці не давядзецца тады будаваць сцяну ўжо самому канцлеру? Валенса быў усхваляваны. Ён не без падставы баяўся, што падзеі ў ГДР могуць адсунуць інтарэсы Польшчы на другі план. Тым жа вечарам ягоныя засцярогі спраўдзіліся.

Дзень, калі абрынулася Берлінская сцяна

Праз некалькі гадзінаў пасля прэс-канферэнцыі Гюнтэра Шабоўскі (чалец Палітбюро Цэнтральнага камітэта СЕПГ. – Рэд.) ва Усходнім Берліне павінна была адкрыцца мяжа. Гельмуту Колю адразу ж стала ясна, што ў сувязі з гэтымі падзеямі яму давядзецца перапыніць візіт у Польшчу і як мага хутчэй адправіцца ў Берлін. Перад ім паўстала задача з вялікай далікатнасцю растлумачыць прымальнаму боку, што ён павінен перапыніць візіт. Коль паабяцаў вярнуцца на наступны дзень. І ён стрымаў слова.

Неабходна было таксама развязаць тэхнічную праблему: ажыццявіць прамы рэйс з Варшавы ў Берлін на ўрадавым самалёце бундэсвера ў той час было немагчыма. Непасрэдна ў Берлін маглі лётаць толькі самалёты краінаў-хаўрусніцаў (у Другой сусветнай вайне – Вялікай Брытаніі, СССР, ЗША і Францыі. – Рэд.). З дапамогай амбасадара ЗША ў Боне днём 10 лістапада Коль змог перасесці на амерыканскі самалёт, які чакаў яго ў Гамбургу, і своечасова дабрацца да Берліна.

Пасля прызямлення ў аэрапорце Тэмпельхоф урадавая дэлегацыя з ФРГ тут жа адправілася ў Шёнебергскую ратушу ў Заходнім Берліне. Перад ёй ужо знаходзіліся некалькі тысячаў берлінцаў, якія сустрэлі Коля аглушальным свістам. Але ён заставаўся знешне спакойны. Былога канцлера ФРГ Вілі Бранта (Willy Brandt) ягоныя прыхільнікі віталі бурнымі воплескамі, а Коля бязлітасна асвіствалі цягам усяго выступу. Так што ён быў вымушаны вымавіць рытарычна стрыманую прамову.

БЕРЛІНСКАЯ СЦЯНА ПЕРАД БРАДЭНБУРГСКАЙ БРАМАЙ, 12 ЛІСТАПАДА 1989 Г.

Падчас прамовы Вілі Бранта мяне раптам выклікалі да тэлефона. Амбасадар СССР у ФРГ Юлій Квіцінскі папрасіў мяне перадаць канцлеру яшчэ да ягонага выступу тэрміновае паведамленне ад Міхаіла Гарбачова: неабходна зрабіць усё магчымае для прадухілення "хаосу". Федэральны канцлер павінен быў супакоіць людзей. Я праціснуўся праз натоўп на невялікім балкончыку ратушы, каб перадаць словы Гарбачова Колю. Пасля гэтага канцлер звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу з заклікам захоўваць абачлівасць. "Самае галоўнае цяпер, – сказаў ён, – крок за крокам, удумліва шукаць шлях у агульную будучыню". Але яго прадаўжалі асвістваць.

Іншы Берлін вітаў Коля авацыямі

Тым не менш вечар гэтага складанага дня для федэральнага канцлера стаў больш шчаслівым. "Іншы Берлін" сабраўся ля Мемарыяльнай царквы кайзера Вільгельма (Gedächtniskirche) і сустрэў Коля воплескамі. Пасля другога мітынгу канцлер папрасіў свайго кіроўцу аддзяліцца ад паліцэйскага эскорту і адправіцца да памежнага кантрольна-прапускнога пункта Чэкпойнт Чарлі (Checkpoint Charlie).

БЕРЛІНСКАЯ СЦЯНА ПЕРАД БРАДЭНБУРГСКАЙ БРАМАЙ, 12 ЛІСТАПАДА 1989 Г.

За некалькі сотняў метраў да КПП аўтамабіль спыніўся і мы прадоўжылі ісці пешшу. Насустрач нам цяклі натоўпы людзей і калоны "Трабантаў". Як толькі ў натоўпе пазналі Гельмута Коля, яго тут жа атачылі, дакраналіся да яго, смеючыся і плачучы адначасова. Крыкі "Гельмут! Гельмут!" раздаваліся па ўсёй вуліцы. Вярнуўшыся ў машыну, канцлер пад глыбокім уражаннем ад хвалі сімпатыі, якая ішла ад жыхароў Усходняга Берліна, з задавальненнем адзначыў: "Тут можна зразумець, што людзі думаюць на самай справе".

І ўсё ж канцлер усведамляў, што цяпер ён не можа прымаць паспешных пастановаў. Занадта вялікая была небяспека на гэтым этапе імклівага развіцця падзей паслаць "няслушныя сігналы" і яшчэ больш падцяпліць эмоцыі. У той момант Усход і Захад уважліва назіралі за тым, які ўрок немцы вынялі з гісторыі. Гельмут Коль, аднак, не сумняваўся, што "менавіта цяпер і пішацца сусветная гісторыя". І хоць ніхто не мог ведаць, у які менавіта момант адбудзецца аб'яднанне Нямеччыны, "кола гісторыі круцілася хутчэй".

Гарбачоў: Ход гісторыі паскорыўся

11 лістапада адбылася тэлефонная размова федэральнага канцлера з генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым. Гарбачоў адзначыў, што змены ва Усходняй Еўропе адбываюцца значна хутчэй, чым яны абодва маглі меркаваць на апошняй сустрэчы ў Боне ў чэрвені 1989 года. Кожная краіна павінна задаваць свой уласны тэмп, дадаў Гарбачоў.

ГДР, паводле ягоных словаў, цяпер трэба час, каб ажыццявіць шырокамаштабную праграму пераўтварэнняў на шляху да свабоды, дэмакратыі і адмовы ад планавай эканомікі. А ўсе бакі павінны прадэманстраваць пачуццё адказнасці і абачлівасці. Гаворка, як ён выказаўся, ідзе пра гістарычныя змены на шляху да новых стасункаў і новага свету.

Аднак відавочная бездапаможнасць кіраўніцтва ГДР і ўсё большая плынь мігрантаў з краіны заахвоцілі канцлера ў сваёй урадавай заяве ў бундэстагу Нямеччыны 28 лістапада прапанаваць план з дзесяці пунктаў для стварэнні агульнагерманскай федэрацыі. Коль паэтапна апісаў стратэгію дасягнення гэтай мэты, што прадугледжвала ўдзел ГДР, чатырох дзяржаваў-пераможцаў у Другой сусветнай вайне і еўрапейскіх партнёраў.

План не ўтрымоўваў ніякіх канкрэтных тэрмінаў – гэта дапамагала пазбегнуць ціску на партнёраў на Усходзе і на Захадзе. Мы меркавалі, што ўвесь працэс зойме ад трох да пяці гадоў. Але, у канчатковым рахунку, з моманту падзення Сцяны да аб'яднання Нямеччыны прайшло ўсяго 329 дзён. І ўсё адбылося абсалютна мірным шляхам – без адзінага стрэлу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках