25 красавiка 2024, Чацвер, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Затрыманыя верагодныя фігуранты справы Шарамета

СМІ: Затрыманыя верагодныя фігуранты справы Шарамета
ПАВЕЛ ШАРАМЕТ

Арыштаваная сямейная пара ветэранаў АТО.

Як паведамляе ўкраінскае інтэрнэт-выданне «Украінская праўда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павел Шарамет і якое займаецца ходам расследавання справы пра яго забойства, Уладзіслаў Грышчанка (пазыўны «Буча») затрыманы 24 верасня, а ягоная жонка Іна (пазыўны «Пума») – 5 лістапада, піша «Радыё свабода».

Суд арыштаваў іх абаіх падчас расследавання іншай справы, пачатай у ліпені 2018 года – добраахвотнікі падазраюцца ў замаху на забойства і неасцярожным абыходжанні са зброяй.

«Паводле версіі следства, Грышчанку і іх знаёмаму, таксама ветэрану антытэрарыстычнай аперацыі, Івану Вакуленку, замовілі забойства жыхара Івана-Франкоўскай вобласці. Яны нібыта зрабілі выбуховае прыстасаванне і прымацавалі яго да машыны ахвяры ў горадзе Косаве 13 ліпеня 2018 года. Аднак выбуху не адбылося, бо пацярпелы мужчына сам заўважыў выбуховую прыладу», – паведамляе «Украінская праўда».

Паводле інфармацыі выдання, пацярпелым павінен быў стаць 61-гадовы Міхаіл Чакурок, якога цяпер таксама судзяць за напад, рабаванне і падрыў будынка.

Справу Грышчанкаў расследавала пракуратура Івана-Франкоўска, але цяпер усе матэрыялы перададзеныя ў Кіеў, у галоўную ўправу паліцыі.

Як пісала сама Іна Грышчанка пасля арышту свайго мужа, справа перададзеная ў Кіеў з фармулёўкай «у сувязі з дачыненнем да іншых злачынстваў». Паводле ейных словаў, на Уладзіслава «вешаюць» не толькі замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласці, але і замах на журналіста Паўла Шарамета.

«Ці могуць яны звязаць гэта з Паўлам Шараметам? Я не вельмі ўпэўнены, бо гэтага эпізоду сапраўды няма. Магчыма, яны атрымалі нейкія відавочныя доказы дачынення да іншых злачынстваў. Да чаго менавіта – у матэрыялах, якія я маю, такога няма», – сказаў адвакат Масі Наем, які абараняў Іну Грышчанку ў судзе падчас абрання для яе захаду стрымання.

У той самы час выданне піша, што знешні выгляд Уладзіслава і Іны Грышчанкаў сапраўды падобны на падазраваных, прыкметы якіх абвесціла афіцыйна следства. Акрамя таго, справу сямейнай пары пра замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласці вядзе той жа следчы, што і справу пра забойства Паўла Шарамета.

У Нацыянальнай паліцыі гэтую сітуацыю пакуль не каментуюць.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сёння ў сваім відэазвароце таксама згадаў пра справу Шарамета:

«Ёсць шмат справаў, да якіх мы зразумелі, што нам трэба падрыхтавацца. Бо інакш гэтыя людзі будуць выходзіць на волю, таму што ўсе гэтыя справы разваляцца. У судах. Таму ўсё будзе. І са справай Каці Гандзюк, і Паўла Шарамета, і справы ў абароннай сферы».

44-гадовы нараджэнец Менска журналіст Павел Шарамет, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Украіны, загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Выбух адбыўся у 7:45 на скрыжаванні вуліцаў Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у трацілавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу паводле артыкула «Наўмыснае забойства». Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, пра дапамогу якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядалася помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне, з асабістых матываў ці памылкова (цэллю магла быць грамадзянская жонка загінулага, уладальніца выдання «Украінская праўда» Алена Прытула, – менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).

Месяц таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што вызначыў тэрміны заканчэння расследавання справы пра забойства Шарамета, аднак адмовіўся назваць прычыны яе засакрэчвання.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках