13 лiстапада 2019, Серада, 3:54
Добрая навіна
Рубрыкі

The Independent: Як Галуноў стаў адным з сімвалаў пратэстаў у Расеі

The Independent: Як Галуноў стаў адным з сімвалаў пратэстаў у Расеі
ФОТА: АНДРЭЙ ЛЮБІМАЎ/РБК

Вызваленне журналіста стала беспрэцэдэнтнай перамогай.

"(...) Іван Галуноў, 36-гадовы журналіст-даследчык, якому былі выстаўленыя фіктыўныя абвінавачванні, звязаныя з наркотыкамі, па звычайных развагах цяпер бы ўжо знаходзіўся ў турме, - піша газета The Independent, (пераклад - inopressa.ru). - (...) У Расеі выносяцца абвінаваўчыя прысуды ў 99% спраў, якія трапляюць у суд. Для Галунова такі прысуд значыў бы да 20 гадоў у папраўчай калоніі. Але калі праз два дні журналіст паўстаў перад судом (...), здарылася самае неймавернае.

Суддзя, які старшыняваў у судзе, адхіліў запыт боку абвінавачання падоўжыць тэрмін знаходжання пад вартай. Замест гэтага Галунова адпусцілі пад хатні арышт, а пазней абвінавачванні былі цалкам знятыя".

"У гэты дзень у судзе Галуноў плакаў. Не таму, распавядае ён, што шмат думаў пра тое, што маглі б значыць гэтыя 20 гадоў у турме (...). Слёзы цяклі па шчоках праз воклічы, якія ён чуў ад прыхільнікаў на вуліцах звонку. "Я не чакаў такога ўзроўню падтрымкі", - кажа ён.

"Гэты ціск з боку вуліцы быў адным з элементаў ідэальнай сукупнасці фактараў, якія прывялі да ягонага вызвалення. Асвятленне ягонай справы на вышэйшым узроўні было яшчэ адным чыннікам. Але, мабыць, найважнейшы момант адбыўся, калі босы ў Крамлі зразумелі, што ім хлусяць пра довады, - адзначаецца ў артыкуле. - У канцы ліпеня прэзідэнт Пуцін быў незвычайна прамалінейны, калі асудзіў тое, што давялося перанесці Галунову. Падчас сваёй штогадовай "Жывой лініі" прэзідэнт назваў арышт журналіста "несправядлівым" і заклікаў правесці расследаванне. (...) І тым не менш праз пяць месяцаў не было ніякіх арыштаў і абвінавачванняў".

"У панядзелак прэс-сакратар Крамля заявіў, што для расследавання патрабуецца больш часу. Аднак, на думку газеты, дзяржаўныя следчыя, наадварот, ужо ўстанавілі дакладны ланцуг інстанцый, задзейнічаных асоб і прычыну - расследаванне Галунова аб карумпаваным пахавальным бізнэсе ў Маскве. У ім была апісаная сувязь вышэйшых службовых асоб сакрэтных службаў з мафіёзнымі групоўкамі, якія кантралююць сектар", - гаворыцца ў артыкуле.

"Галуноў знаходзіцца пад абаронай паліцыі 24 гадзіны на дзень і носіць куленепрабівальную камізэльку падчас выхаду на вуліцу (...), - адзначае газета. Аднак на думку журналіста, ягоная справа паказвае на фундаментальны "канфлікт" сярод расейскіх эліт. Культура карупцыі, хлусні і прыкрыванне спін адзін аднаго прагніла на ніжэйшых узроўнях улады, кажа ён, настолькі, што сістэма нагадвае "картачны дамок".

"Супрацоўнікі паліцыі, прызначаныя на гэтую аперацыю, не ўсведамлялі, каго арыштоўвалі, кажа Галуноў. Але яны адназначна не першы раз падкідвалі камусьці наркотыкі: "Усё ў гэтай аперацыі было аўтаматычным, руцінным. Гэта была другая натура гэтых хлопцаў".

Маскоўская паліцыя...зрабіла пастановачныя фатаграфіі, якія, відавочна, былі перададзеныя ў вышэйшыя інстанцыі без асаблівых роздумаў, адзначаецца ў артыкуле, а шэфам у Крамлі паведамілі, што існуе відэа-доказ, хоць у рэчаіснасці яго не існавала.

"(...) Варта было ім проста правесці базавы пошук пра тое, хто такі Галуноў, і, магчыма, яны б двойчы падумалі, перш чым рухацца намечаным курсам. Цалкам відавочна, што сябрам журналіста, адным з самых выдатных расейскіх следчых, не спатрэбілася шмат часу, каб давесці, што фатаграфіі падробленыя. Сапраўды гэтак жа, калі б старэйшыя паліцэйскія чыны паспрабавалі праверыць доказную базу, яны амаль напэўна б пазбеглі гневу Крамля. І Галуноў хутчэй за ўсё патроапіў бы ў турму", - піша аўтар публікацыі Олівер Кэрал.

"(...) Вызваленне Галунова стала беспрэцэдэнтнай перамогай правасуддзя над беззаконнем. І нехаця зрабіла з журналіста сімвал пратэсту, - адзначаецца ў артыкуле. - Журналіста пазнаюць на вуліцах. У аэрапортах. А нядаўна за ім гналася група турыстаў у лесе ў Гішпаніі. Адкрыта сціплы журналіст кажа, што (...) ён не "прыроджаны актывіст" і значна больш ахвотна аддаў бы перавагу заставацца ў цені".

"Але ягоная ўласная будучыня наўпрост залежыць ад хуткіх зменаў расейскай сістэмы. Перш за ўсё, ад таго, ці будуць выстаўленыя абвінавачванні і вынесеныя прысуды тым, хто стаяў за ягоным арыштам і шматразовымі пагрозамі жыццю, - падкрэслівае выданне.

"Пуцін накіраваў выразны, і, я веру, шчыры сігнал, што карумпаваныя афіцэры павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, - кажа Гаолуноў. - Я хачу жыць у Расеі. Але я павінен ведаць, што мне бяспечна заставацца тут. Я не магу вечна жыць з целаахоўнікамі".