24 красавiка 2024, Серада, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя «Голас» прапанавала Украіне выйсці з Менскіх пагадненняў

Партыя «Голас» прапанавала Украіне выйсці з Менскіх пагадненняў
ФОТА: ЕРА

Палітычная сіла выступіла з заявай з Данбасу.

Украінская партыя «Голас» уважае, што Украіне трэба выйсці з Менскіх пагадненняў па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Пра гэта гаворыцца ў заяве палітычнай сілы, апублікаванай у Facebook 8 лістапада.

«Крым і частка Данецкай і Луганскай абласцей - акупаваная тэрыторыя Украіны, і нельга разглядаць іх асобна адзін ад аднаго. На сёння не існуе рэалістычнага і хуткага шляху вярнуць гэтыя тэрыторыі на ўмовах Украіны - ні вайсковага, ні дыпламатычнага. У цяперашнім эканамічным стане вяртанне толькі часткі Данбаса на ўмовах Расеі, легітымізаванымі Менскімі дамовамі, нясе рызыку страты незалежнасці і суверэнітэту краіны. Мы мяркуем, што адзіны эфектыўны шлях для Украіны сёння - гэта выйсці з Менскіх дамоў і замарозіць сітуацыю да ўзмацнення ўласных пазіцый», - гаворыцца ў заяве.

У партыі заявілі, што Украіна сёння «змагаецца на два фронты»: з РФ - на знешнім і з карупцыяй, слабай эканомікай і неэфектыўнасцю дзяржаўных інстытутаў - на ўнутраным.

«Пакуль вярнуць Крым і Данбас на ўмовах, прымальных для Украіны, немагчыма. Таму трэба будаваць краіну, развіваць эканоміку і вяртаць свае землі, калі ў нас будзе дастаткова сіл, а міжнародная сітуацыя будзе гэтаму спрыяць», - падкрэслілі ў палітычнай сіле.

У «Голасе» ўважаюць, што РФ не гатовая да канструктыўнай размовы і мае намер працягваць палітыку, распачатую ў 2014 годзе, - «стварыць кантраляваную аўтаномію ў складзе Украіны, якая знішчыць нас знутры».

«Так чаканая прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім паездка на сустрэчу ў нармандскім фармаце можа прынесці толькі дзве рэчы: групавую фатаграфію і прымус Украіны да міру на ўмовах Масквы. З выбарамі без кантролю над мяжой, таму што так запісана ў Менскіх пагадненнях. Менавіта таму час прызнаць рэальнасць і выйсці з Менскіх пагадненняў. Пры гэтым не адыходзіць ні на крок назад: ні на вайсковых, ні на дыпламатычным франтах», - заявілі ў партыі.

Палітычная сіла падкрэслівае, што Украіне трэба ўзмацніць вайсковую сферу, дыпламатычныя пазіцыі, а таксама «стварыць праграмы дзейснай, рэальнай падтрымкі тых, хто гатовы пераехаць і хто пераехаў ужо» з часова акупаваных тэрыторый і «напампаваць эканамічныя цягліцы».

«Украіна павінна выйсці з Менскіх пагадненняў і засяродзіцца на дзяржаўных інтарэсах: спыніцца, навесці парадак, сабраць сілы і спланаваць мір на сваіх умовах. І рэалізаваць гэты план з моцнай пазіцыі - тады, калі для гэтага з'явяцца рэальныя магчымасці», - заявілі ў партыі.

У 2014 годзе, адразу пасля анэксіі Крыма, на ўсходзе Украіны Расея пачала ўзброеную агрэсію. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны з аднаго боку і расейскім войскам і баевікамі, якія кантралююць частку Данецкай і Луганскай абласцей, з другога. Афіцыйна РФ не прызнае свайго ўварвання ва Украіну, нягледзячы на выстаўленыя Украінай факты і доказы.

5 верасня 2014 года трохбаковая кантактная група ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расеі і АБСЕ зацвердзіла 12 пунктаў Менскіх пагадненняў. Пад імі паставілі свае подпісы таксама тагачасныя верхаводы баевікоў «ДНР» і «ЛНР».

12 лютага 2015 года былі зарэгістраваныя другія Менскія пагадненні. Яны прадугледжваюць спыненне агню, адвод цяжкіх тыпаў узбраення, маніторынг міжнародных назіральнікаў, правядзенне мясцовых выбараў у адпаведнасці з украінскім заканадаўствам, амністыю ўдзельнікам канфлікту, вызваленне і абмен палоннымі, доступ гуманітарных місій для дапамогі тым, што жывуць у нястачы, вяртанне Украіне кантролю над мяжой, правядзенне ва Украіне канстытуцыйнай рэформы у частцы дэцэнтралізацыі. Патрабаванні цалкам пакуль не выкананыя.

З украінскага боку пагадненне падпісаў на той час прэзідэнт краіны Пятро Парашэнка.

1 кастрычніка 2019 году сябры трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны і прадстаўнікі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей далі пісьмовую згоду на зацвярджэнне тэксту «формулы Штайнмаера», якой прадугледжваецца парадак уваходжанне ў дзеянне некалькіх пунктаў Менскіх пагадненняў наконт мясцовых выбараў у АРДЛА.

У лісце на імя спецпрадстаўніка АБСЕ ў ТКГ Марціна Сайдзіка, які падпісаў прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе Леанід Кучма, гаворыцца, што Украіна прымае тэкст фармулёўкі імплементацыі «формулы Штайнмаера» ва ўкраінскае заканадаўства, распаўсюджаны і ўзгоднены дыпламатычнымі дарадцамі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Украіны, ФРГ, Францыі і РФ 11 верасня.

Як заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, палажэнні «формулы Штайнмаера» заключаюцца ў тым, што закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей пачне дзейнічаць пры ўмове правядзення ў гэтых раёнах мясцовых выбараў згодна з заканадаўствам Украіны і пасля публікацыі справаздачы АБСЕ аб адпаведнасці выбараў стандартам арганізацыі. «Ніякіх выбараў пад рулямі кулямётаў не будзе і не можа быць», - падкрэсліў Зяленскі. Ён адзначыў, што ліквідавана апошняя перашкода на шляху правядзення саміту «Нармандскай чацвёркі».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках