18 красавiка 2024, Чацвер, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы распавялі, колькі беларускіх лекараў працуе ў краіне

2
У Польшчы распавялі, колькі беларускіх лекараў працуе ў краіне

Запыт на гэтую тэму зрабіў дэпутат Сойма.

У Польшчы першынство сярод лекараў-замежнікаў займаюць украінцы. На другім месцы ідуць беларусы. Пра гэта распавяла намесніца міністра аховы здароўя Польшчы Юзэфа Щурак-Жэлязка ў адказе на запыт дэпутата Сойма Паўла Пудлоўскага, паведамляе tut.by.

Намесніца міністра аховы здароўя Польшчы паведаміла, што ў краіне назіраецца недахоп персаналу, менавіта таму ведамства працуе над спрашчэннем правілаў прыёму замежных медыкаў на працу ў Польшчы.

Паводле звестак Щурак-Жэлязко, у Польшчы першынство сярод замежнікаў з правам займацца медыцынскай або стаматалагічнай дзейнасцю займаюць украінцы - 470 спецыялістаў. Беларускія лекары на другім месцы - 231 чалавек. Затым ідзе Нямеччына (137 лекараў), Расея (62 спецыялісты), Літва (57), Сірыя (47 чалавек), ЗША (43 лекары), Швецыя (42 спецыялісты) і Чэхія (39 чалавек).

Яна таксама адзначыла, што паводле стану на 31 кастрычніка 2019 года права займацца медыцынскай або стаматалагічнай дзейнасцю было выдадзенае 16431 замежніку (у гэты лік уваходзяць не толькі лекары, але і сярэдні і малодшы персанал).

У Польшчы хочуць спрасціць правілы прыёму на працу для лекараў-замежнікаў

Нагадаем, Міністэрства аховы здароўя Польшчы плануе ўвесці новыя правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Еўразвязу. Плануецца, што лекарам не трэба будзе праходзіць настрыфікацыю (пацверджанне) дыплома.

Мяркуецца, што дазвол на працу лекарам будзе выдавацца ў канкрэтнай польскай бальніцы пасля праходжання іспыту, які дае ім права на прафесійную дзейнасць у Польшчы. Спецыяліст таксама павінен будзе прайсці практычнае навучанне працягласцю не больш за 12 месяцаў. Праграму і колькасць гадзін будзе вызначаць рэгіянальны орган самакіравання лекараў - Акруговая медыцынская палата. Мэта практычных заняткаў - падрыхтоўка спецыялістаў для працы ў польскай сістэме аховы здароўя.

Для рэалізацыі ініцыятывы трэба ўнесці папраўкі ў Закон аб прафесіях лекара і стаматолага. Праект змен ужо паступіў у сойм Польшчы. Пакуль не вядома, калі яго разгледзяць дэпутаты. У праекце гаворыцца пра прыём на працу замежнага лекара без настрыфікацыі дыплома на максімальны тэрмін да пяці гадоў і ў адпаведны орган аховы здароўя. Канчатковае рашэнне аб працаўладкаванні таксама будзе прымаць Акруговая медыцынская палата.

У Польшчы цяпер не хапае лекараў і медсясцёр. Заробкі польскіх лекараў складаюць парадку 3-4 тысяч еўраў. У Беларусі сярэдні заробак у ахове здароўя ў верасні склаў 935,7 рубля. Лекары ў сярэднім зараблялі 1 506,8 рубля, а сярэдні медперсанал - 937,7 рубля (сумы да выплаты падаткаў). Пасля выліку - 1296 рублёў і 806 рублёў адпаведна.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках