14 лiстапада 2019, Чацвер, 8:07
Добрая навіна
Рубрыкі

Фотафакт: Каманда «Еўрапейскай Беларусі» на сустрэчы на плошчы Свабоды

Фотафакт: Каманда «Еўрапейскай Беларусі» на сустрэчы на плошчы Свабоды
Фото: «Наша Ніва»

Каардынатар грамадзянскай кампаніі заклікаў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы 15 лістапада а 18.00.

Папулярны беларускі блогер Сцяпан Святлоў (NEXTA), аўтар фільма «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», які набраў больш за 1,5 мільёнаў праглядаў на youtube.com і блізу 600 тысяч у іншых сацсетках, правёў сустрэчу падпісчыкаў у Менску на плошчы Свабоды. На сустрэчу прыйшло амаль 2 тысячы чалавек.

Каманда «Еўрапейскай Беларусі» ўзяла актыўны ўдзел у сустрэчы на плошчы Свабоды. Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў кандыдат ад «Еўрапейскай Беларусі» Валер Бычкоўскі.

«Ля ратушы ў падтрымку блогера NEXTA», - напісаў ён.

Нагадаем, што каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель на сустрэчы NEXTA заклікаў сабрацца 15 лістапада на Кастрычніцкай плошчы.

«Сябры, мяне завуць Яўген Афнагель, я хацеў бы ад сябе падзякаваць Сцяпану за файны фільм. Некалькі тысяч чалавек, якія сабраліся на гэтай плошчы. Дзякую вам. Фільм паглядзелі два мільёны беларусаў. Ніколі ў гісторыі Беларусі столькі людзей не глядзелі дакументальны фільм за такую колькасць часу. Гэта рэкорд. Ад асобы кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якую я прадстаўляю, прапаную сабрацца праз тыдзень, 15 лістапада, на Кастрычніцкай плошчы Менска, а 18:00. Зробім так, каб на Кастрычніцкай плошчы было не пару тысяч чалавек, а значна больш. Я ведаю, што ўсе разам мы можам гэта зрабіць. Уладам, якія баяцца нас, нас не спыніць. Яны думалі, што калонкі не будзе - яна ёсць. Яны думалі, што мы не пакажам выступ Сцяпана - вы ўсе яго бачылі. І мы збяромся на Кастрычніцкай плошчы. Дзякую, Менск. Жыве Беларусь!» - заявіў Яўген Афнагель.

Мітынг будзе цалкам легальным, бо да 17 лістапада ў Беларусі працягваецца выбарчая кампанія, і ўсё будзе праходзіць у рамках агітацыйнай кампаніі кандыдатаў у дэпутаты.