20 красавiка 2024, Субота, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«250 чалавек выгналі на вуліцу»

12
«250 чалавек выгналі на вуліцу»
ФОТА: KURJER.INFO

Былы маркетолаг распавяла аб закрыцці ў Слуцку прадпрыемства «Эмальпосуд».

У 21-м стагоддзі ў Слуцку закрыліся сем буйных прадпрыемстваў. Цяпер 5 заводаў амаль закінутыя, толькі невялікую частку іх плошчаў арандуе малы бізнэс, піша kurjer.info.

Многія случчакі аддалі гэтым заводам найлепшыя гады і цяжка перажывалі закрыццё. «Эмальпосуд» - завод, чыя прадукцыя была добра вядомая далёка за межамі Слуцка і Беларусі.

ФОТА: KURJER.INFO

Людміла Начына прыйшла на завод адразу пасля школы ў 1973-м годзе. Некалькі гадоў працавала ў аддзеле тэхнічнага кантролю (АТК). Завочна вучылася. Пасля заканчэння вучобы яна стала намесніцай начальніка АТК. У 2004 годзе перайшла ў камерцыйны аддзел і стала спецыялісткай у маркетынгу: афармляла дакументы, дамаўлялася з кліентамі. Пайшла на пенсію, калі завода не стала. Пасля гэтага яшчэ 2 гады ёй тэлефанавалі кліенты, якія разлічвалі купіць прадукцыю «Эмальпосуду».

ФОТА: KURJER.INFO

Якім быў завод

«Некалі мы вагонамі адпраўлялі прадукцыю ў іншыя краіны, - узгадвае Людміла Анатольеўна. - У СССР мы былі адзінымі, хто адліваў з чыгуну гантэлі, гіры. І адзінымі ў Беларусі, хто выпускаў сантэхніку з чыгуну.

Я адпрацавала на заводзе 42 гады. Бачыла станаўленне і, на жаль, гібель нашага завода. Калі я пачынала, ліцейны цэх працаваў у дзве змены. Эмальцэх - у тры змены. На другім паверсе была асобная сталовая для ліцейшчыкаў. Тады ў краіне быў дэфіцыт, але ў гэтую сталовую везлі ўсякія мясныя далікатэсы. Хлопцы ездзілі вучыцца ў Маскву. Напрыклад, нашых спецыялістаў-гальванікаў толькі ў Маскве вучылі.

Нават з Амерыкі да нас прыязджалі купляць нашы казаны, патэльні. Прыязджалі прадпрымальнікі з Далёкага Усходу, з Піцера, хацелі азнаёміцца і наладзіць такую вытворчасць у сябе. Але ніхто не здолеў. 70% прадукцыі ішло на экспарт. А гэта - немаленькая сума для нашага маленькага горада. Мы выпускалі каляровае ліццё, падстаўкі і посуд упрыгожвалі дэколлю (пліткай) з Нідэрландаў. У нас увесь час былі рынкі збыту, нам адусюль тэлефанавалі наконт нашай прадукцыі. Посуд у Польшчу адпраўлялі і ў многія іншыя краіны.

Калі пачаліся праблемы

Праблемы пачаліся, калі нас далучылі да Жлобіна (Беларускай металургічнай кампаніі - заўв. Рэд.). Я не ведаю, каму гэта трэба было. Ну як можна за сотні кіламетраў кіраваць прадпрыемствам? Дапамогі ад іх не было ніякай. А нам патрэбная была дапамога з мадэрнізацыяй ліцейнага цэха. Заводу было больш за дзевяноста гадоў.

ФОТА: KURJER.INFO

Потым прыехаў дырэктар Аршанскага завода. Сказаў: мы вас далучаем. Гэта было 1 красавіка. А праз два дні даслалі дакументы, што трэба рыхтаваць людзей на скарачэнне. Ніякага тлумачэння не было. Завод працаваў і рэнтабельнасць была. Я не ведаю, каму гэта трэба было - наш завод закрыць. Ён сябе нармальна адчуваў. Вымушаныя былі браць крэдыты, але спраўляліся сваімі сіламі, трымаліся на плыву.

З намі паступілі жудасна! Аршанскі завод усё ў нас забраў, усё, што мы вырабілі. Яны карыстаюцца нашай дакументацыяй, нават працуюць на нашай кокільнай аснастцы: выпускаюць посуд і гантэлі з нашым лагатыпам!

Мне было вельмі сорамна перад кліентамі. Мне яшчэ два гады тэлефанавалі кліенты на сотавы тэлефон, казалі: «Як жа так?». У нас была ўзаемная праца, яны працавалі, разлічваючы, што возьмуць у нас прадукцыю.

Што стала з працаўнікамі

ФОТА: KURJER.INFO
ФОТА: KURJER.INFO

У нас быў вельмі добры калектыў. Карнушэнка, наш дырэктар, сказаў: «Я людзей звальняць не буду». Ён пайшоў. Тады дырэктарам хацелі прызначыць Трафімчыка, галоўнага інжынера. Але ён таксама адмовіўся, сышоў. Гэта такія спецыялісты! Яны б паднялі завод, калі б нас не штурхалі з усіх бакоў.

250 чалавек выгналі на вуліцу. І якіх людзей! Гэта ж столькі трэба вучыцца вырабляць эмаляваны посуд! Работнікам прапанавалі ехаць працаваць у Воршу. Ніхто не паехаў. Таму што нашы спецыялісты былі больш высокай кваліфікацыі за аршанскіх спецыялістаў, і туды ехаць у падпарадкаванне ім - гэта сябе не паважаць. Груба кажучы, наш працоўны ведаў больш, чым іх начальнік. Там прапаноўвалі нейкі інтэрнат. Але ў людзей жа сям'і.

Уладкаваліся людзі, жыць жа неяк трэба. Старшы майстар ліцейнага цэха пайшла на чыгунку працаваць кандуктарам. Унікальныя эмаліроўшчыцы, гляджу, уладкаваліся ў «Вясёлку» прадавачкамі. Унікальныя ліцейшчыкі - хто прадаўцом, хто грузчыкам. Добра, я была пенсійнага ўзросту. Але там былі людзі, якія і цяпер маглі б працаваць. Выстарчае тых, хто не змог уладкавацца, дзесьці падпрацоўваюць. Многія з'ехалі ў Расею на заробкі, іх вымусілі. Людзям адбілі ўсе рукі.

На заводзе ніхто ні за што не адказвае. Вядома, усё абсыпаецца, гніе. Снег валіў, яго ніхто не прыбіраў. Людзі бачылі, што дах у ліцейным цэху абрынуўся.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках