25 красавiка 2024, Чацвер, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скарбы старажытнага Ура: Як у загадкавым горадзе знайшлі 200 тонаў золата

8
Скарбы старажытнага Ура: Як у загадкавым горадзе знайшлі 200 тонаў золата

Археолагам дапамог выпадак.

Ур уваходзіць у лік самых старажытных гарадоў свету. Ён пачаў сваё існаванне яшчэ ў III тысячагоддзі да н.э. і быў названы горадам бога месяца Сіна. Меркавана ў XXII–XXI стагоддзях да н.э. у гэтым гістарычна значным селішчы быў пабудаваны сусветна вядомы зікурат Ура, вышыня якога перавышае 20 метраў. Горад доўгі час жыў у росквіце, аднак, калі апошняга прадстаўніка III дынастыі Ура Ібі-Суэна ўзялі ў палон, Ур пачаў занепадаць, піша klady.info.

Доўгі час археолагі не звярталі ўвагі на такое значнае для старажытных жыхароў Усходу месца. Толькі ў ХХ стагоддзі брытанскі даследнік Леанард Вулі адправіўся сюды з археалагічнай экспедыцыяй. Нягледзячы на тое, што брытанец меў велізарны штат супрацоўнікаў, 400 чалавек, на вывучэнне горада давялося выдаткаваць доўгіх 12 гадоў. У 1927 г. экспедытары знайшлі на могілках Ура дзве тысячы магілаў. Гэта абяцала сур'ёзныя адкрыцці, бо ў замагільны свет разам з нябожчыкам клалі і розныя рэчы, якія могуць яму там спатрэбіцца. Вулі пісаў пасля пра тое, што вывучыць 2 тысячы старажытных магілаў – задача не самая лёгкая. Да таго ж доўгая праца не прынесла археолагам ніякіх значных адкрыццяў.

І, калі б не старанне даследнікаў, яны сышлі б ні з чым. Але, на шчасце, Вулі і ягоная каманда выявілі пад першымі могілкамі другія і тут удача ўжо павярнулася да археолагаў тварам. У адной з магілаў яны адшукалі два клінкі з залатым аздабленнем, а таксама медныя разцы і калчан стрэлаў з крамянёвымі наканечнікамі. Яны прадоўжылі раскопкі магілы і неўзабаве іх вачам адкрыліся іншыя каштоўнасці загінулага. Тут былі: залатая чара і кінжал. Але найбольшую ўвагу даследнікаў звярнуў дзівоснай працы залаты шалом. Пазней у сваіх працах Вулі пісаў, што, калі б нават гэты шалом застаўся адзінай спадчынай шумерскай гісторыі, гэтага было б дастаткова для ўнясення іх цывілізацыі ў спіс найбольшых археалагічных адкрыццяў.

Аднак гэтая цікавая знаходка не спыніла навукоўцаў, і яны прадоўжылі раскопкі. Неўзабаве, яны здолелі раскапаць 16 магілаў кіраўнікоў Ура, пахавальні якіх можна параўнаць з сапраўднымі палацамі. Тут археолагаў чакала яшчэ больш адкрыццяў. У агульнай колькасці ў магільнях Ура было знойдзена блізу 200 тонаў залатых вырабаў. Акрамя таго даследнікі вызначылі, што мясцовых уладароў хавалі разам з іх шляхтай і аховай. Беручы да ўвагі той факт, што ўся каралеўская світа падчас смерці знаходзілася ў спакойных позах, можна зрабіць выснову, што яны прымалі яд, каб сысці ў іншы свет са сваім каралём.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках