20 красавiка 2024, Субота, 14:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі: Ёсць тры прынцыпы, якія не дазволіць парушыць украінскі народ

19
Зяленскі: Ёсць тры прынцыпы, якія не дазволіць парушыць украінскі народ
ФОТА: PRESIDENT.GOV.UA

Выніковая заява прэзідэнта Украіны пасля нармандскага саміту.

9 снежня ў Парыжы адбыўся першы за тры гады саміт лідараў "Нармандскай чацвёркі" – Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі – з нагоды ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. Ён доўжыўся блізу васьмі гадзінаў. У рамках саміту лідары дзяржаваў правялі двухбаковыя перамовы, а пасля яго далі гадзінную прэс-канферэнцыю.

Бакі дамовіліся да канца года ўзгадніць поўнае спыненне агню і абмен утрыманымі асобамі ў фармаце "ўсіх на ўсіх", абмеркавалі пашырэнне мандата назіральнай місіі АБСЕ і анансавалі новы саміт "Нармандскай чацвёркі" праз чатыры месяцы. На агульнай прэс-канферэнцыі пасля саміту прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што падчас перамоваў адчуваў падтрымку ўсіх украінцаў і агучыў прынцыпы, якія як прэзідэнт Украіны ніколі не парушыць.

Выданне gordonua.com публікуе поўны тэкст выступу прэзідэнта Украіны:

«Спадары прэзідэнты, паважаная фраў Меркель, дамы і спадары, паважаныя журналісты, дарагія ўкраінцы!

Толькі што адбылася сустрэча ў нармандскім фармаце, прысвечаная міру на ўсходзе Украіны. Афіцыйна гэта была сустрэча трох лідараў, але я магу ўпэўнена сказаць, што прадстаўляў я Украіну не адзін. Разам са мной былі ўсе ўкраінцы, падтрымку якіх я адчуваў. Разам са мной былі праўда, жаданне справядлівасці і дасягненні міру ў маёй роднай краіне.

Сёння было... Дарэчы, было доўга... Але было ўсё вельмі прадметна. Было вельмі важна не толькі абмеркаваць усе пытанні, але і дамовіцца пра выразныя, канкрэтныя крокі, тэрміны іх выканання і атрымаць згоду на іх увасабленне ўсімі краінамі-ўдзельніцамі.

Украінскі бок настойваў, што комплекснае развязанне ўсіх пытанняў немагчымае без забеспячэння галоўнага кампанента – гэта сітуацыя з бяспекай на ўсходзе Украіны. І толькі ў выпадку гарантавання бяспекі можна развязаць ужо палітычныя пытанні.

Сёння Украіна, Нямеччына, Францыя і Расейская Федэрацыя абмеркавалі нямала і ўзгаднілі некаторыя вельмі важныя рэчы. Перш за ўсё – гэта неадкладныя захады ў стабілізацыі сітуацыі бяспекі на ўсходзе Украіны. Гэта поўнае, усебаковае і бестэрміновае спыненне агню на ўсходзе Украіны, якое павінна пачацца да канца 2019 года. Для эфектыўнага маніторынгу і ўзмацнення кантролю за рэжымам спынення агню ўсе краіны-ўдзельніцы нагадалі пра важнасць бяспечнага і надзейнага доступу СММ АБСЕ да ўсёй тэрыторыі Украіны і адзначылі неабходнасць пашырыць мандат СММ АБСЕ з магчымасцю ажыццяўляць маніторынг кругласутачна.

Фотa: president.gov.ua

Далей. Краіны-ўдзельніцы спрыяюць узаемнаму вызваленню ўтрыманых асобаў да 31 снежня 2019-га паводле прынцыпу "ўсіх на ўсіх". Была ўзгодненая неабходнасць верыфікаваць поўныя спісы і даць поўны і безумоўны доступ прадстаўнікам Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа да ўсіх утрыманых асобаў.

Узгодненае абмеркаванне ў рамках трохбаковай кантактнай групы дадатковых зонаў развядзення адначасова ў трох кропках, якія маюць важнае гуманітарнае значэнне для ўсіх украінцаў.

Сёння я настойваў на неабходнасці аднаўлення Украінай поўнага кантролю за дзяржаўнай мяжой. Упэўнены, мы вернемся да развязання гэтага пытання на наступнай сустрэчы ў нармандскім фармаце праз чатыры месяцы.

Таксама сёння я шмат разоў падкрэсліваў пра неабходнасць вываду ўсіх замежных узброеных фармаванняў, ваеннай тэхнікі і раззбраенне незаконных ваенных фармаванняў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Я падкрэсліў, што правядзенне мясцовых выбараў у АРДЛА магчымае выключна ў адпаведнасці з заканадаўствам Украіны і стандартамі АБСЕ на аснове капенгагенскіх крытэраў.

Сёння бакі выказалі зацікаўленасць у дасягненні дамоўленасці ў рамках нармандскага фармату і трохбаковай кантактнай групы ва ўсіх прававых аспектах асаблівасцяў мясцовага самакіравання асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей і інкарпаравання "формулы Штайнмаера".

Безумоўна, ёсць яшчэ шмат пытанняў, якія сёння ў нас не атрымалася, на жаль, развязаць. І трэба абавязкова гэта зрабіць у будучыні. Упэўнены, мы абавязкова гэта зробім. Разам.

Апошні раз сустрэча ў нармандскім фармаце праходзіла тры гады таму. І сам факт таго, што мы здолелі разблакаваць гэты дыялог, – гэта вельмі, я мяркую, вельмі станоўча.

Фотa: EPA

У той самы час сёння я хачу вылучыць шэраг прынцыпаў, якія я ніколі не парушу як прэзідэнт Украіны. І з якімі ніколі не пагодзіцца ўкраінскі народ.

Першае – гэта немагчымасць федэралізацыі. Украіна – унітарная дзяржава, гэта нязменны артыкул Канстытуцыі Украіны і непарушны прынцып існавання дзяржавы.

Другое – немагчымасць каму-небудзь здзяйсняць які-небудзь уплыў на вектар руху і развіцця Украіны. Украіна – незалежная, самастойная, дэмакратычная дзяржава, вектар развіцця якой заўсёды будзе выбіраць выключна народ Украіны.

Трэцяе – немагчымасць кампрамісаў ва ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны за кошт саступкі Украінай тэрыторый у рамках міжнародна вызначаных межаў. Усе мы ведаем, што для кожнага ўкраінца і Данбас, і Крым – гэта Украіна.

Сёння ад імя ўсяго ўкраінскага народа я сказаў, што ва ўкраінцаў ёсць заслужанае права не верыць словам і абяцанням. У нас сапраўды ёсць надзея на захаванне ўсіх дамоўленасцяў, але ёсць і дакладнае разуменне, што толькі канкрэтныя дзеянні будуць пацвярджэннем гатоўнасці ўсіх да забеспячэння міру. Мы са свайго боку гатовыя да выканання дамоўленасцяў, але гэта дарога з двухбаковым рухам».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках