18 красавiка 2024, Чацвер, 14:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Мы, грамадзяне, павінны самаарганізоўвацца і пратэставаць

4
Алесь Бяляцкі: Мы, грамадзяне, павінны самаарганізоўвацца і пратэставаць
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ

Праваабаронца назваў трыўмвірат каштоўнасцяў, які выведзе беларусаў «на чысты і шырокі шлях».

Старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі падвёў вынікі адыходнага года, паведамляе сайт spring96.org:

– Падводзячы вынікі года, даводзіцца прызнаваць, што велізарныя праблемы ў галіне правоў чалавека, якія былі закладзеныя аўтарытарнай уладай за папярэднія дзесяцігоддзі, засталіся, – адзначае праваабаронца. – Ніякіх сур'ёзных прарываў не адбылося. Мы маем недэмакратычнае заканадаўства, якое моцна абмяжоўвае правы і свабоды грамадзянаў. Аўтарытарызм абараняецца выгаднымі для яго законамі.

Ёсць вялікія абмежаванні і забароны на свабоду сходаў. Гэта з'яўляецца асноўнай прычынай бясконцых адміністрацыйных судовых працэсаў. Сёлета ўжо было больш за дзвесце такіх судоў. Хоць удзельнікі масавых акцый і нават адзіночных пікетаў проста хацелі звярнуць увагу на сур'ёзныя праблемы ў жыцці нашага грамадства, якія датычацца ўсіх. Але ўлады не хочуць бачыць гэтыя праблемы і караюць удзельнікаў акцый. Трэба сказаць, што штрафы вялікія. Такім чынам дзяржава б'е па кішэні людзей, незадаволеных несправядлівасцю уладаў.

Другі напрамак, які моцна рэпрэсуецца, гэта выраб і распаўсюд інфармацыі. Права на распаўсюд інфармацыі, як і права на мірныя сходы, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі, якія падпісала, але не хоча выконваць Беларусь. Тым не менш мы бачым, як цягам года пераследаваліся неакрэдытаваныя журналісты. Але асноўны ўдар быў накіраваны на блогераў. Памятаем гучны крымінальны працэс над берасцейскім народным журналістам Сяргеем Пятрухіным, які крытыкуе ў сваім рэгіёне і карупцыю сярод чыноўнікаў, і здзекі праваахоўнікаў у дачыненні да простых людзей. Вось і пастанавілі праз фальшывыя сведчанні міліцыянтаў, праз суд фактычна заткнуць яму рот, і цяпер ён абавязаны заплаціць амаль 10 тысячаў даляраў. Знялі, як кажуць, апошнія штаны, добра, што хоць не пасадзілі.

Ціснуць на блогераў з Оршы, Бярозы, з Менска... Відавочна, што ўлады баяцца распаўсюду праўдзівай, часта для іх непрыемнай інфармацыі, якая ідзе з першых вуснаў звычайных людзей.

Трэці момант, які варта адзначыць сёлета, – правядзенне "парламенцкіх выбараў", якія былі ўладамі нахабна сфальсіфікаваныя. Выбары атрымаліся фактычна нелегітымнымі. Людзей з іншымі поглядамі проста не дапусцілі да дэпутацтва. Гэта тлумачаць захаваннем стабільнасці, але такая "стабільнасць" прыводзіць толькі да ўзлёту карупцыі. Нягледзячы на тое, што ідуць бясконцыя суды над высокімі чыноўнікамі за хабар, за перавышэнне паўнамоцтваў, карупцыя на ўсіх узроўнях глыбока ўелася ў цела гэтай уладзе. А выбараў, як інструменту змяненняў карумпаванай улады, у дзяржаве няма.

У такой сітуацыі зразумелая нелюбоў "уладароў" да постаці Кастуся Каліноўскага, бо ён заклікаў уладу служыць народу. У нас атрымліваецца ўсё наадварот. Улада грэбуе людзьмі, не слухае нас, уважае ўсіх нас няздольнымі недарэкамі і сама вызначае, што белае, а што чорнае, каго памілаваць, а каго пакараць.

Як мы ні б'емся за скасаванне смяротнага пакарання, тлумачым, што гэта нецывілізавана і негуманна, што так нельга, што ў Еўропе ніхто з вамі не будзе братацца, пакуль што ў нас не атрымліваецца дагрукацца да чыгунных уладных ілбоў.

Даводзіцца канстатаваць, што ўсе рэпрэсіўныя інструменты ўлады засталіся, яны нікуды не зніклі. Усе гэтыя ідэолагі, спецслужбы, амап, залежныя суды і бяззубыя пракуратуры засталіся і гатовыя выконваць і перавыконваць план. У любы момант колькасць рэпрэсаваных можа павялічыцца ў дзясяткі разоў, што ўжо было ў сучаснай гісторыі Беларусі. Паліцэйская дзяржава, што і сказаць.

Што рабіць у гэтай сітуацыі? Хто нас можа абараніць? Толькі мы самі! Нам, грамадзянам Беларусі, неабходна дамагацца станоўчых змяненняў у выкананні правоў чалавека ў краіне! І гэта магчыма!

Сёлета быў скасаваны артыкул, які прадугледжваў крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Супольныя намаганні людзей, чые блізкія адбываюць непрапарцыйна цяжкія пакаранні праз "наркатычныя" артыкулы, прывялі да таго, што ўлады вымушаныя былі пайсці на саступкі. У Берасці праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, нягледзячы на рэпрэсіі і правакацыі з боку ўладаў, дамагліся таго, што прадпрыемства "замарозілі". Адным словам, разам мы можам дасягнуць канкрэтных вынікаў, і гэта станоўчы момант.

Мы, грамадзяне, павінны самаарганізоўвацца, а не гуляць у гульні, якія навязваюць нам гэтыя самапрызначэнцы. Мы павінны адкрыта выказвацца, пратэставаць, адгукацца на несправядлівасць з боку ўладаў, калі бачым і адчуваем яе. Трэба абараняць тыя правы, якія нам гарантаваныя Канстытуцыяй. Мы не павінны дазваляць, каб лёс народа самастойна вызначаў адзін чалавек. Я глыбока перакананы ў тым, што незалежнасць, дэмакратыя і правы чалавека ідуць у адной моцнай звязцы. Гэта той непахісны трыўмвірат каштоўнасцяў, які, на мой погляд, і павінен вывесці беларусаў на чысты і шырокі шлях.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках