28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пётр Садоўскі пра пратэсты ў Менску: Я ў будучыню гляджу з аптымізмам

Пётр Садоўскі пра пратэсты ў Менску: Я ў будучыню гляджу з аптымізмам
Фота: «Радыё Свабода»

Экс-амбасадар Беларусі ў Германіі асабіста ўдзельнічаў у акцыях супраць паглыбленай інтэграцыі.

У Менску прайшлі двухдзённыя пратэсты супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету XII склікання, амбасадар Беларусі ў Германіі, мовазнаўца Пётра Садоўскі ўсе два дні прыходзіў на гэтыя акцыі.

У размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя ён падзяліўся ўражаннямі ад гэтых стыхійных мерапрыемстваў, меркаваннямі пра далейшыя стасункі з Расеяй і лёсам незалежнасці:

- Мне шкада, што людзі не адчуваюць у паветры ўсю важнасць, гістарычную важнасць таго, што адбылося ў Вільні. А колькі там было нашых! Я бачыў там, кажучы словамі Сяргея Дубаўца, як беларусы „вільнявалі”. Дубавец такое слова прыдумаў, і яно мне падабаецца. Гэта значыць памятаць гістарычную Вільню, яе брук, імёны тых дзеячаў, якія там жылі, дзеялі, загінулі… І што было пахаванне Каліноўскага, а не перапахаванне. Гэта ўсё павінна быць працягнута. Я кажу, што ўражанне дваістае, але нітка не парвалася, дзякуй Богу.

Тут колькасць не важная, не трэба падкрэсліваць. Тут важны момант і дух падзеі. Канешне, добра, каб выйшла 10 тысяч.

- Як Вы ацэньваеце тое, што ўсё ж такі ў Сочы Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным не былі падпісаны ніякія пагадненні па паглыбленні інтэграцыі?

- Я не магу гэта каментаваць, таму што я не ведаю тэксту. Я трошкі разумею, што такое эканоміка. Я сам некалі быў суаўтарам закону пра замежныя інвестыцыі, калі працаваў у Вярхоўным Савеце.

- Тым не менш, перамовы працягнуцца 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Якія намеры Расеі, па вашым меркаванні, толькі эканамічныя пытанні і яна імі абмяжуецца, ці ўсё ж палітычныя, геапалітычныя, ваенныя?

- Скажу трошкі метафарычна, не каментуючы, бо не ведаю, што ў галаве, так сказаць, у галоўнага чалавека Расеі. Беларусь, як і Украіна, гэта фантомны боль імперыі. Вось Украіна, як нага ці ляжка, адвалілася, і ў Расеі баліць. Беларусь таксама, ну калі не ляжка, дык рука, таксама фантомны боль. І хочацца гэтую частку, руку, вярнуць.

А вярнуць як? Лепш за ўсё так званай гібрыднай эканамічнай вайной. Давесці так Беларусь, як у пачатку 90-х, у нас была пятля на шыі. І той самы Лукашэнка, ён, не думаючы пра апошнія перспектывы, ён гэтую пятлю пачаў сцягваць.

Мы былі абсалютна зашнураваныя. Калісьці „Радыё Свабода” рабіла інтэрв’ю і пыталася ў нас, чалавек 10-ці, што такое незалежнасць. І Міхаіл Чыгір, былы прэм’ер-міністр, сказаў, што, па яго меркаванні, незалежнасць – гэта самазабеспячэнне. Гэта не зусім так, але ў гэтым ёсць вялізная ісціна.

- Усё ж такі, Вы з аптымізмам ці песімізмам глядзіце ў бліжэйшую будучыню. Атрымаецца выстаяць, ці не?

- Я ўсё ж такі гляджу з аптымізмам. Таму што я не ўяўляю сабе, каб, дапусцім, мае два ўнукі проста зніклі так, каб я ў іх не застаўся, каб яны не былі маім працягам. Не можа згінуць зялёная трава, не можа згінуць неба.

Драма, я ўзгадваю старажытную грэцкую драму, драма не тады, калі гіне галоўны герой, а калі гіне хор.

Пётра Садоўскі не верыць ў тое, што гэта шматлюддзе, людзі з сэрдцамі, па яго словах, якія выйшлі на вуліцы Менску, гэты „хор”, могуць проста так знікнуць, ці памяняць свой высокі дух на кілбасу і зніжкі за газ. „Усё ж чалавек жыве духам, а не колькасцю штаноў у гардэробе. У гэтым мой аптымізм,” – кажа Пётр Садоўскі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках