21 студзеня 2020, aўторак, 19:55
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

«Шматдзетная сям'я дапаможа»: Колькі льготнікі просяць за размытненне аўто?

18
«Шматдзетная сям'я дапаможа»: Колькі льготнікі просяць за размытненне аўто?

Рынак прыкметна ажывіўся.

З моманту з'яўлення 140-га ўказу, які дазваляе інвалідам 1-й і 2-й групаў і шматдзетным сем'ям размытніваць аўто з выплатай 50% мыта, прайшло блізу васьмі месяцаў.

Рынак "свежых" аўто прыкметна ажывіўся. Карэспандэнт Аўтабізнэсу выпадкова натыкнуўся ў сеціве на аб'явы, дзе так званыя льготнікі прапануюць дапамогу ў размытнення аўто "са зніжкай".

Ці існуе дэфіцыт, колькі просяць за паслугі і ці ёсць тыя, хто паставіў гэты бізнэс на плынь? Усё гэта – у невялікім даследаванні Аўтабізнэсу.

"Ёсць ільгота на размытненне"

Адразу пасля свайго выхаду ўказ нарабіў шмат шуму. У тым ліку на старонках Аўтабізнэсу гучалі асцярогі, што льготнае размытненне развяжа рукі ашуканцам. Але людзі "ў тэме" запэўнівалі, што ўсё будзе рабіцца ціха, праз сваякоў, сяброў, знаёмых і г.д. З усяго відаць, у большасці выпадкаў менавіта так і адбываецца. Аднак ёсць і тыя, хто шукае кліентаў на форумах у сацсетках.

Так, у адной з групаў у Вконтакте можна натрапіць на аб'явы тыпу "ёсць ільгота на размытненне", "размытніць аўто са зніжкай", "шматдзетная сям'я дапаможа размытніць аўто" і г.д.

Пры гэтым большасць ахвотных "дапамагчы" зэканоміць на выплаце мыты прапануе свае паслугі, не хаваючыся пад фэйкавымі акаўнтамі і не саромеючыся размяшчаць свой нумар тэлефона.

"Ёсць ільгота"

Прапановаў шмат, іх можна знайсці ў розных групах, прычым некаторыя з групаў выглядаюць відавочна закінутымі. Але гэта не перашкодзіла нам у адной з іх знайсці пост, з моманту публікацыі якога не прайшло і сутак.

Мужчына напісаў: "Ёсць ільгота 50% на размытненне аўто". І пакінуў свой нумар тэлефона. Тэлефанаваць мы яму не сталі, але напісалі асабістае паведамленне з фэйкавай старонкі.

На наша пытанне Андрэй адказаў, што прапанова актуальная, і выслаў свой нумар тэлефона.

Іншыя ўдзельнікі нашага эксперыменту былі больш адкрытымі да стасункаў менавіта ў фармаце перапіскі.

Два за 300

Напрыклад, Святлана размясціла аб'яву яшчэ ў сярэдзіне лістапада.

Прапанова таксама была актуальнай. Жыхарка Берасця гатовая дапамагчы размытніць аўтамабіль са зніжкай 50% за 300 даляраў.

Мы прадожылі перапіску, пацікавіліся, які ў Святланы афіцыйны прыбытак, а таксама высветлілі, што яе муж таксама гатовы размытніць на сябе аўтамабіль.

Як мы здолелі высветліць, пакуль ні яна сама, ні яе муж не паспелі размытніць на сябе аўтамабіль.

Таксама Святлана даслала нам нумар тэлефона свайго мужа.

"Афіцыйна і празрыста"

Акрамя аб'яваў, зробленых непасрэдна самімі льготнікамі, у адной з групаў можна сустрэць пасты ад тых, хто, з усяго відаць, займаецца прыгонам аўто з Еўропы.

Яны абяцаюць афіцыйнае і поўнае афармленне дакументаў. Ільготнае размытненне таксама ёсць у спісе опцый.

Пры гэтым ніжэй у стужцы можна знайсці, як той самы малады чалавек пад імем Андрэй цікавіцца аб'явай, у якой дзяўчына пытаецца: "Каму патрэбнае льготнае размытненне?"

У Менску даражэй?

Святлана з Берасця была не адзінай, хто гатовы ў ліставанні агучыць суму жаданага ўзнагароджання.

Мужчына, які пражывае ў Менску, апынуўся меней сціплым і агучыў цэннік 500 даляраў.

Мы хацелі ўдакладніць, ці ёсць у яго віза і пасведчанне кіроўцы, але гэтае пытанне мужчына праігнараваў.

Утыльзбор за 1500 еўраў

Ліставаліся мы не толькі з непасрэднымі льготнікамі, але і з адным з тых, хто прапаноўвае паслугі ў пошуку і прыгоне аўто з Еўропы і не толькі.

Мужчына агучыў кошты на свае паслугі, а таксама адказаў, што льготнікі таксама ёсць.

Акрамя таго, у ходзе ліставання ён паспеў папярэдзіць нас пра будучае павышэнне ўтылізацыйнага збору!

Вердыкт

Калі браць да ўвагі, што ў катэгорыю льготнікаў трапляе блізу паўмільёна нашых грамадзянаў, дапамагатых зэканоміць на размытненні павінна хапіць усім. А тое, што людзі самі шукаюць сабе кліентаў, навявае на думкі, што кошты на іх паслугі ў найбліжэйшы час могуць упасці. Тым больш што мы без вялікай працы знайшлі дваіх гатовых размытніць на сябе аўто за 300 даляраў, і гэта не дзе-небудзь у глыбінцы, а ў вялікім памежным Берасці.