29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэс-сакратар прэзідэнта Польшчы пра Лукашэнку: Здавалася, што я пачуў савецкага апаратчыка

9
Прэс-сакратар прэзідэнта Польшчы пра Лукашэнку: Здавалася, што я пачуў савецкага апаратчыка
ФОТА: ТАСС

Антоній Стырчуля распавёў пра сустрэчу з беларускім правадыром.

«Калі мне прыйдзецца, я стану на калені ў Маскве, каб толькі Беларусь далучылі да Расеі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе. А праз два гады ён запэўніваў у неабходнасці шчыльнай інтэграцыі з Расеяй… польскага прэзідэнта. Антоні Стырчуля, тагачасны прэс-сакратар Аляксандра Квасьнеўскага, быў сведкам і ўдзельнікам тых падзеяў, паведамляе іх для тэлеканалу «Белсат».

Раніцай 30 сакавіка 1996 года прэзідэнцкая калона накіравалася з Варшавы ў Віскулі у беларускай частцы Белавежскай пушчы на сустрэчу з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Седзячы ў машыне, я быў заклапочаны хадой і вынікамі перамоваў з беларускім лідарам. Гэтак жа, як і Аляксандр Квасьнеўскі.

Дыялог, але крытычны

За некалькі дзён да ад’езду ў яго былі сумневы, ці будзе яго суразмоўца гатовы да канструктыўнага дыялогу і выслухае польскія прапановы адносна дэмакратызацыі палітычнага жыцця ў Беларусі і выбару празаходняга варыянту. Аднак ён лічыў, што Беларусь не павінна ізалявацца на міжнароднай арэне, бо гэта толькі падштурхне яе да абдымкаў больш магутнай усходняй суседкі. Масквы.

Падобны кірунак гэтак званага крытычнага дыялогу потым працягнула польская дыпламатыя. Праводзілася яна з прыкладанай пазіцыі, што стасункі з гэтай краінай нельга разрываць, але іх трэба падтрымліваць на максімальна нізкім узроўні, намеснікаў міністраў і дырэктараў дэпартаментаў, а таксама падтрымліваць апазіцыю.

Квасьнеўскі таксама хацеў сустрэцца з ёй, але ў гэтым пытанні адміністрацыя Лукашэнкі да апошняга моманту рабіла ўсё, каб гэтага не адбылося і нават падманвала польскі бок. Справа, як высветлілася на месцы, вісела на нітцы да апошняга моманту. Адміністрацыя Лукашэнкі блакавала сустрэчу да канца, але ў выніку, дзякуючы відавочнаму ціску Квасьнеўскага, такая сустрэча адбылася.

Месца, дзе быў пахаваны СССР

Некалькі кіламетраў да Белавежы паверхня мясцовай дарогі моцна зацярушана снегам. Аўтамабілі прэзідэнцкай калоны з цяжкасцю пераадольвалі рэзкія павароты, пазбягаючы сутыкнення з больш чым метровымі грудамі снегу, што ляжалі паабапал дарогі. На кароткі 20-кіламетровы ўчастак нам спатрэбілася паўгадзіны.

Нарэшце я ўбачыў белы фасад палацу ў Віскулях, дзе павінны былі адбыцца перамовы. Ён быў пабудаваны ў канцы 60-х гадоў па загаду Мікіты Хрушчова, які падчас палявання з югаслаўскім лідарам Іосіфам Броза Ціта заявіў, што няма магчымасці ў годных умовах пераночыць госцю.

У архітэктурным плане будынак уяўляе сабой гэтак званы маскоўскі стыль, паколькі яго ўваход наўмысна нагадвае будынак Дзярждумы ў Маскве. Менавіта там 7-8 снежня 1991 года кіраўнікі Беларусі – Станіслаў Шушкевіч, Украіны – Леанід Краўчук і Расеі – Барыс Ельцын паставілі подпісы ў гэтак званай Белавежскай дамове, тым самым занатавалі канец СССР і стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаваў.

Перамовы двух Аляксандраў

Сустрэча распачалася з перамоваў сам-насам абодвух прэзідэнтаў. Ахова Лукашэнкі з яе кіраўніком, вялізным як шафа і змрочным, як асенні дождж, забараніла прадстаўнікам польскай дэлегацыі ўваходзіць у пакой, дзе яны размаўлялі. Нават Ян Войцех Пікарскі, тагачасны кіраўнік польскага пратаколу, не меў права ўвайсці. Праз некаторы час высветлілася, што ў «нулявую зону» ўваходзіць таксама і прыбіральня, што выклікала ў нас дадатковыя нязручнасці, бо фізіялогію складана падмануць.

Размова без сведак абодвух кіраўнікоў цягнулася, магчыма, гадзіну. Потым, пасля невялікага перапынку, прыйшоў час пленарных перамоваў. Іх распачаў Лукашэнка, які стукнуў кулаком па стале і гучным голасам падкрэсліў, што менавіта пры ім быў ліквідаваны СССР.

«Хаця мне асабіста крыху шкада, бо тады наша вялікая сям’я братэрскіх народаў развалілася», – дадаў ён.

Прэзідэнт незалежнай дзяржавы, ці савецкі апаратчык?

Пасля гэтых слоў у мяне склалася ўражанне, што я пачуў савецкага апаратчыка, а не кіраўніка незалежнай дзяржавы. Тады Лукашэнка доўга спыняўся на запланаваным падпісанні 2 красавіка пагаднення аб асацыяцыі Расеі і Беларусі. Таго самага, якое 8 снежня 1996 году канчаткова пераўтварылася ў Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі. Ён сцвярджаў, што гэты крок вынікае з супольнай гісторыі і інтарэсаў двух народаў, а таксама неабходнасці ўмацавання палітычнай, эканамічнай і вайсковай супрацы.

«Вы хочаце ў NATO, але зразумейце нас…»

Асабліва апошняе – у святле яго словаў – было, мабыць, самым важным для Лукашэнкі.

«Мы разумеем, што Польшча жадае быць у NATO, гэта воля пераважнай большасці польскага грамадства, але вы таксама павінны нас разумець. 90 % беларусаў не хочуць яго пашырэння на Польшчу, Літву, Латвію і Эстонію. Пасля ўступлення ў NATO танкі альянсу будуць стаяць каля нашай мяжы. Але ўжо яны і так там ёсць», – сказаў ён.

У якасці доказу ён паказаў мапы з размяшчэннем польскіх бранятанкавых частак на мяжы з Беларуссю.

«Мяне хвалюе павелічэнне колькасці вашых танкаў і механізаванай тэхнікі на беларускім кірунку. Мы гэтага не робім», – запэўніў ён.

Ён сцвярджаў, што Беларусь скараціла колькасць сваіх адзінак на 20 % і што тактычная зброя была вывезена з Беларусі. У сваю чаргу стратэгічная зброя павінна была быць знішчана да канца 1996 года.

«Хто нас абароніць ад магчымай агрэсіі NATO? Мы занадта слабыя. Мы можам абараняцца толькі з Расеяй», – дадаў ён.

Расея і толькі Расея

Ён таксама пераконваў польскага прэзідэнта ў тым, што аб’яднанне Беларусі з Расеяй гарантуе абодвум бакам захаванне суверэнітэту, хаця ён і прызнаваў, што Менск залежыць ад Масквы перш за ўсё ў эканамічных і гаспадарчых пытаннях. Перадусім у пастаўках нафты і газу. Аднак, паводле яго словаў, Расея павінна была стаць найбуйнейшым рынкам для беларускіх тавараў. «І за добрыя кошты», – не прамінуў заўважыць.

«Толькі наш усходні сусед здольны забяспечыць нам энергетычную і вайсковую бяспеку», – падсумаваў ён пасля доўгіх разважанняў, абгрунтоўваючы больш цесную інтэграцыю Менску і Масквы.

Ён таксама дэклараваў, што выканае ўсе свае абязальніцтвы адносна польскай меншасці ў Беларусі. Пазней высветлілася, што гэта пустая дэкларацыя.

Цягнік да Масквы

Выязджаў з Віскулёў з перакананнем, што Лукашэнка верыць у тое, пра што кажа, і не бачыць іншай альтэрнатывы інтэграцыі з Расеяй. Хаця і тады, і пазней Польшча спрабавала даць яму зразумець, што цягнік едзе не толькі ў Маскву, але і можа ехаць у Еўропу. Аднак выбар другога накірунку запатрабуе ад яго дэмакратызацыі краіны, эканамічных рэформаў і выкананне грамадзянскіх правоў.

Сфальсіфікаваны рэферэндум у лістападзе 1996 году, які дазволіў яму падоўжыць свае паўнамоцтвы на паўтары года, прадэманстраваў, што Лукашэнка з гэтага нічога не зразумеў. Або не хацеў зразумець. І падазрэнні, што ён клапаціўся і да гэтага часу клапоціцца толькі пра захаванне ўлады, цягам наступных гадоў змяніліся ў абсалютную перакананасць.

Антоні Стырчуля, журналіст, у мінулым звязаны з Радыё «Салідарнасць», «Радыё Свабодная Еўропа», «Польскае радыё», «Радыё для Цябе». Стваральнік «Agencji Radiowej Polskiego Radia». У 1996–1998 гадах прэс-сакратар прэзідэнта Аляксандра Квасьнеўскага. Спецыяліст у PR і акадэмічны выкладчык.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках