19 студзеня 2020, Нядзеля, 2:34
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Аляксандр Кабанаў дамогся перамогі над пракуратурай

1
Аляксандр Кабанаў дамогся перамогі над пракуратурай
АЛЯКСАНДР КАБАНАЎ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Крымінальную справу супраць блогера і актывіста з Бярозы закрылі.

Як паведаміў Аляксандр Кабанаў карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ», даведаўся ён пра гэты факт выпадкова. Справа спыненая з фармулёўкай «за адсутнасцю складу злачынства».

Блогер звяртае ўвагу, што крымінальная справа была адноўленая на падставе пастановы пракуратуры Берасцейскай вобласці ў самым пачатку кампаніі «выбараў» «дэпутатаў палаты прадстаўнікоў». Пры гэтым Аляксандр Кабанаў планаваў удзельнічаць у «выбарах» у якасці кандыдата на адной з выбарчых акругаў у Берасці, але яго не зарэгістравалі нібыта праз памылкі падчас складання анкеты.

Што тычыцца аднаўлення крымінальнай справы, то, паводле словаў блогера, яго толькі аднойчы выклікалі ў міліцыю, але ён адмовіўся ад візіту ў РАУС.

«Пасля гэтага мяне ўвогуле не чапалі, а пасля "выбараў" раптам даведаўся, што справа закрытая ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Ён так і не зразумеў, што было прычынай для аднаўлення гэтай крымінальнай справы, бо ранейшыя абвінавачванні не пацвердзіліся. Адзіная версія – справу аднавілі, каб перашкаджаць актыўнаму ўдзелу Аляксандра Кабанава ў «выбарчай» кампаніі.

«Не выключана, што ўлады захочуць аднавіць гэтую справу і ў 2020 годзе, калі ў Беларусі пачнуцца прэзідэнцкія "выбары"», – жартуе блогер.

Аляксандр Кабанаў – вядомы блогер, які актыўна асвятляе пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода каля Берасця.