19 лютага 2020, Серада, 12:46
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

«Пратэст» стала словам года ў Расеі

«Пратэст» стала словам года ў Расеі
ФОТА: ЯЎГЕН ФЕЛЬДМАН /«МЕДУЗА»

Таксама была адзначана папулярнасць лозунгу «Дапускай!».

Экспэртная рада конкурсу «Слова года» падвяла вынікі 2019 года, паведамілі арганізатары «Новой газете». Галоўным словам года чальцы рады выбралі «пратэст», яны таксама адзначылі «Дапускай!» - адзін з лозунгаў летніх маскоўскіх акцый - і «катаванні» ў дачыненні да зняволеных.

«Выразам году» прызналі «маскоўская справа» - крымінальны пераслед удзельнікаў пратэстаў, дзесяць з якіх ужо атрымалі рэальныя тэрміны. У топ-3 таксама ўвайшлі «Я/Мы» - выраз з перадавіц бізнэс газет на знак салідарнасці з журналістам Іванам Галуновым - і фраза «клаачны язык» з рэзананснага допісу філолага Гасана Гусейнава.

У антырэйтынг конкурсу, куды ўваходзяць моўныя штампы і прыклады мовы прапаганды, у гэтым годзе патрапілі «замежны агент» - прыпісаны Мінюстам статус для НКА, - «пячорныя русафобы» з прамовы прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і «глыбінны народ» з артыкулу яго памочніка Уладзіслава Суркова.

Выбары «Слова года» ў Расеі праводзяцца ўжо трынаццатым разам, пачынаючы з 2007 года. Падобная акцыя праводзіцца ў Нямеччыне, ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Японіі, Аўстраліі і іншых краінах. «Слова года» дазваляе падвесці самы кароткі вынік мінуламу года і захаваць яго ў памяці нашчадкаў. У мінулым годзе «словам года» выбралі баявое атрутнае рэчыва «Навічок», а ў 2017-м - маскоўскую праграму для руйнавання жылля «рэнавацыя».