19 красавiка 2024, Пятніца, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея слабее

15
Расея слабее
ФОТА: МІХАІЛ МЕТЦЭЛЬ, ТАСС

Апошнія падзеі прадэманстравалі сапраўдную сілу Украіны ў стасунках з суседам.

Першыя за тры гады мірныя перамовы паказалі, што Расея слабее, а прагрэс Украіны дае ёй дадатковыя сілы для супрацьстаяння ўплыву Масквы, піша выданне The Christian Science Monitor у сваім рэдакцыйным артыкуле (пераклад – inosmi.ru).

Нягледзячы на той страх, які сёння выклікае Расея, няхай гэта будзе ўмяшальніцтва ў выбары ці стварэнне новых узбраенняў, яе прэзідэнт Уладзімір Пуцін здаўся не такім ужо і грозным на сваіх першых перамовах з новым прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Больш за тое, у аўторак нечакана ўзнікла такое ўражанне, што расстаноўка сілаў цяпер на карысць Украіны. Пуцін пайшоў на саступкі, якія аслабяць канфлікт на ўсходзе Украіны. А яшчэ ён паабяцаў праз чатыры месяцы правесці новыя перамовы.

Адна з прычынаў такой згаворлівасці можа хавацца ва ўсведамленні Пуціным таго, што сіла не толькі ў ракетах, кібервайне і заказных забойствах. Яна яшчэ і ў тым, каб зрабіць Расею прывабным месцам для моладзі, дзе гэтая моладзь магла б працаваць і ствараць сем'і. А ў гэтым плане Пуцін як кіраўнік зазнае няўдачы. І ён напэўна ведае пра гэта.

Паводле звестак апытанняў, амаль палова расейцаў маладзейшых за 24 гады хацела б пераехаць за мяжу. Гэта вельмі рэзкі рост у параўнанні з сітуацыяй пяцігадовай даўнасці. Акрамя таго, рэальныя прыбыткі ў Расеі скарачаюцца ўжо шэсць гадоў, а хваля пратэстаў нарастае. У краіне таксама скарачаецца насельніцтва.

І наадварот, ва Украіне растуць заробкі, а з адраджэннем дэмакратыі пры Зяленскім там можа пайсці на змяншэнне міграцыя насельніцтва за мяжу. Міжнародны валютны фонд толькі што паставіў сваю пячатку ўхвалення на рэформах, што праводзяцца ў краіне, вылучыўшы Украіне 5,5 мільярда даляраў пазыковых сродкаў. Нягледзячы на прадаўджэнне бітвы з буйным бізнэсам і глыбока ўкаранёнай карупцыяй, моладзь адчувае нейкую надзею. «Мы змагаліся з Расеяй, не маючы нічога [ў 2014 годзе]. Мы стварылі армію з нуля, – кажа міністр эканомікі Цімафей Мілаванаў. – Адзінае, што засталося зрабіць, гэта пачаць верыць у сябе».

Такія супрацьлеглыя тэндэнцыі тлумачаць, чаму Украіна ідзе правільным шляхам да паўнапраўнага сяброўства ў ЕЗ (а можа быць, і ў NATO), а Пуцін усімі сіламі спрабуе перашкодзіць дрэйфу суседняй дзяржавы ў бок Захаду і прыняцця ёй дэмакратычных каштоўнасцяў. Чым больш ён выходзіць за межы дазволенага, тым больш страчвае моладзі ў сябе ў краіне.

Пра гэта ў сваёй новай кнізе «Вяртанне расейскага Левіяфана» піша прафесар факультэта сацыяльных навук Вышэйшай школы эканомікі Сяргей Мядзведзеў. Вайна ва Украіне і захоп Крыма ў 2014 годзе, заяўляе ён, з'яўляюцца добрым прыкладам таго, што Расея дзейнічае праз страх і на падставе міфа, што яе атачаюць ворагі. І гэты страх стаў самаспраўджаным прароцтвам.

«Сёння Расеі патрэбныя не геапалітычныя міфы, якія вядуць нас да вайны і мабілізацыі, а праграма нацыянальнай дэмабілізацыі і зніжэнне градуса нянавісці і канфрантацыі з Захадам, – піша Мядзведзеў. – Халодная вайна скончылася. Час будаваць дом і гадаваць дзяцей, а не пасылаць іх на забой».

Украіна пакуль яшчэ не выйшла з-пад расейскага ўплыву. Але паколькі яе народ прыняў дэмакратычныя ідэалы ЕЗ і хоча роўных магчымасцяў, ён у стане атрымаць перамогу ў расейскамоўных усходніх рэгіёнах. Прывабнасць мацнейшая, чым зброя.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках