25 красавiка 2024, Чацвер, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як сэканд-хэнд прынёс мільярд даляраў літоўскай кампаніі

8
Як сэканд-хэнд прынёс мільярд даляраў літоўскай кампаніі
ФОТА: DPA

У чым таямніца такога поспеху?

Як і многія іншыя паспяховыя бізнэс-праекты, літоўскі стартап Vinted з’явіўся дзякуючы выпадковаму збегу абставінаў. Сузаснавальніца кампаніі Мільда Міткутэ пераязджала на новую кватэру і зразумела, што ў яе занадта шмат адзення, каб узяць з сабой. Яе сябар Юстас Янаўскас стварыў інтэрнэт-сайт, каб дапамагчы ёй пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў. Гэта і паклала пачатак Vinted, піша dw.com.

Сёння, праз 11 гадоў, кампанія з'яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце онлайн-маркетаў ужыванага адзення: на створанай літоўцамі платформе ў агульнай колькасці зарэгістравана 25 млн карыстальнікаў з 11 еўрапейскіх краінаў. Большасць з іх жывуць у Францыі, Бельгіі, Гішпаніі ці Нямеччыне. У ФРГ гандлёвая пляцоўка вядомая пад назвай Kleiderkreisel: сэрвіс дае магчымасць прадаваць і набываць ужыванае адзенне і аксэсуары, не выходзячы з дому.

Самы дарагі стартап у Літве

Між тым яшчэ ў 2016 годзе літоўскі стартап знаходзіўся на мяжы банкруцтва: на яго рахунку заставалася ўсяго 12 млн еўраў. Менавіта тады адзін з інвестараў звярнуўся па дапамогу да Томаса Плантэнге, які ў свой час працаваў над стварэннем нідэрландскай платформы онлайн-аб'яваў OLX. Перайшоўшы ў Vinted, Плантэнга радыкальна змяніў бізнэс-мадэль стартапа, у тым ліку адмовіўся ад абавязковых сэрвіс-збораў і скараціў працоўныя месцы.

Стратэгія апынулася эфектыўнай. Продажы Vinted пачалі імкліва расці, а інвестары – актыўна ўкладваць сродкі ў развіццё кампаніі. Восенню 2019 года, падчас чарговага раўнда прываблівання інвестыцый, онлайн-рытэйлер атрымаў 128 млн еўраў: асноўным інвестарам стаў амерыканскі фонд венчурнага капіталу Lightspeed Venture Partners з Крамянёвай даліны. Дзякуючы гэтаму агульны кошт Vinted перавысіў 1 млрд даляраў: гэта рэкордны паказнік сярод літоўскіх тэхналагічных кампаній.

Сэканд-хэнд абгоніць мас-маркет?

Варта адзначыць, што Vinted – далёка не адзіная онлайн-крама, якая спецыялізуецца на продажы ўжыванага адзення. Пакупнікоў такіх рэчаў з кожным годам становіцца ўсё больш: збольшага гэта звязана са зменай ладу мыслення людзей, якія сталі аддаваць больш увагі экалогіі.

Паводле ацэнак кампаніі Thredup, якая займаецца онлайн-продажамі патрыманых тавараў вядомых брэндаў, і аналітычнай кампаніі Global Data, ужо ў найбліжэйшай будучыні сэканд-хэнд апярэдзіць у папулярнасці мас-маркет. Так, аб'ём рынку ўжыванага адзення ў 2018 годзе склаў 24 млрд, а да 2028 года павінен вырасці да 64 млрд даляраў. Што тычыцца рынку мас-маркет, то гэтыя паказнікі складаюць адпаведна 35 і 44 млрд даляраў.

У баку ад агульнай тэндэнцыі не застаўся нават другі ў велічыні глабальны рытэйлер адзення H&M: у гэты момант кампанія тэстуе сэрвіс пракату адзення. Амерыканскія канкурэнты H&M – Banana Republic і Urban Outfitters – ужо прапануюць сваім кліентам падобныя паслугі. H&M таксама валодае кантрольным пакетам акцый швэдскай інтэрнэт-платформы Sellpy, на якой можна набыць ужываныя тавары.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках