24 красавiка 2024, Серада, 22:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Стэфан Баторый адрадзіў веліч нашай дзяржавы

1
Як Стэфан Баторый адрадзіў веліч нашай дзяржавы

Сёння – дзень памяці пра легендарнага караля і вялікага князя.

1 траўня 1576 года каралём Рэчы Паспалітай быў абраны Стэфан Баторый. Легендарны кароль і вялікі князь кіраваў да сваёй смерці, якая наступіла 12 снежня 1586 года.

Перад выбраннем ён урачыста паабяцаў вярнуць ВКЛ усе захопленыя Іванам Жахлівым падчас Лівонскай вайны землі.

Першы вызваленчы паход пастанавілі павесці на Полацак. Частка магнацтва схілялася да таго, каб засяродзіцца на вайне ў Лівоніі. Але менавіта гэтага і чакаў Іван Жахлівы, сканцэнтраваўшы большасць войскаў у Пскове. Да таго ж Лівонія была ўжо настолькі спустошаная, што не магла пракарміць вялікае войска. Кароль настояў на полацкім напрамку, бо гэта было б нечаканасцю для цара. Акрамя таго, Полацак быў ключом да ўсяго Падзвіння, і яго вызваленне вельмі аслабіла б пазіцыі маскоўцаў у Латвіі і Эстоніі.

Улетку 1579 года саракатысячная армія сабралася ў Свіры на Мядзельшчыне. Гэта была найлепшая пяхота і конніца нашай краіны, а таксама Польшчы. Былі там і дасведчаныя воіны-найміты з Вугоршчыны і Нямеччыны, некалькі тысячаў украінскіх казакаў. Большасць войска Стэфана Баторыя складалі беларусы, бо менавіта наша Радзіма была ў той час у небяспецы.

У Свіры быў зроблены агляд аб'яднанага войска. Тут вялікі князь заклікаў сваіх салдатаў ахвяраваць сабой дзеля вызвалення Айчыны. Звярнуўся ён і да насельніцтва земляў, куды накіроўваў сваё войска. Тлумачыў, што падымае меч на цара маскоўскага, а не на мірных людзей. Хоча перамогі, а не разбурэння і бескарыснага праліцця крыві. І сваё слова стрымаў. Нават расейскія гісторыкі прызнавалі пазней, што не было ніколі вайны «такой літасцівай да земляробаў і гараджанаў, як вёў Баторый».

З Свіры доўгія калоны пяхотнікаў, харугвы кавалерыі, артылерыя, абозы рушылі на ўсход. Ішлі старадаўнім полацкім шляхам, па якім хадзіў калісьці на Маскву вялікі князь Альгерд. Адначасова, апярэджваючы армію, панёсся ганец з лістом да Івана Жахлівага. У гэтым лісце Стэфан Баторый па-рыцарску папярэджваў непрыяцеля пра пачатак ваенных дзеянняў.

Паход выдаўся цяжкім. Ішлі безупынна дажджы, і гліністыя дарогі Полаччыны раскіслі. Толькі 4 жніўня перадавыя загоны падышлі да даўняй сталіцы. Потым падцягнуліся асноўныя сілы, і пачалася аблога.

Задача здабыць Полацк была нялёгкай. Перад нашым войскам знаходзіўся горад, спрадвеку вядомы сваімі ўмацаваннямі. Аснову абароны складалі замкі на стромкіх берагах, абкружаныя Дзвіной і Палатой. Яны былі ўмацаваныя высокімі валамі, драўлянымі сценамі і шматлікімі вежамі. Драўляныя ўмацаванні па нізе былі абкладзеныя дзірваном, каб засцерагчы ад падпалу. Там, дзе не было ракі, замкі атачалі глыбокія равы з вадой. Ды і гарнізон быў немалы: налічваў 6 тысячаў маскавітаў. Да таго ж і ў іншых месцах Полаччыны знаходзілася некалькі моцных маскоўскіх крэпасцяў з вялікімі гарнізонамі. У адным толькі Сокале, што ляжаў на паўночны захад ад Полацка, было блізу 6 тысячаў стральцоў.

Як толькі замкнуўся фронт аблогі горада, наша артылерыя пачала абстрэл горада. Маскоўцы не вытрымалі, падпалілі шчыльную драўляную забудову і адступілі ў замкі, прысягаючы сабе трымацца да канца. А каб адрэзаць шляхі да перамоваў, ваяводы загадалі забіць некалькі палонных беларусаў. Трупы іх прывязалі да бярвёнаў і кінулі ў Дзвіну на вачах нашага войска.

Здавалася, што маскоўцам дапамагала само неба. Бо з дня ў дзень ліў дождж. Абарончыя равы напоўніліся вадой. А драўляныя сцены і вежы так намоклі, што іх нельга было падпаліць нават нагрэтымі да чырвані ядрамі. Такое доўжылася блізу трох тыдняў.

Маскоўскі цар, баючыся за сваё жыццё, большасць войскаў трымаў пры сабе ў Пскове. Але некалькі тысячаў усё ж паслаў на дапамогу. Аднак тыя не змаглі прабіцца да Полацка, бо шлях ім заступіў Мікалай Радзівіл Руды. Ды і доўжыць аблогу было небяспечна – вораг мог апамятацца.

Прайшлі дажджы і неба пасвятлела. Пад гарачым летнім сонцам хутка сохлі сцяны. І вось 27 жніўня пачаўся штурм горада. Смельчакі пад градам куляў кідаліся на ўмацаванні, каб падпаліць іх, і гінулі. Нарэшце ў аднаго, мешчаніна з Львова, атрымалася прарвацца да вежы, адкінуць дзёран і ўсунуць паміж бярвёнамі жар. І дрэва запалала! Сам жа герой, лёгка паранены ў руку, вярнуўся да сваіх. Ён адразу атрымаў ад Стэфана Баторыя шляхецкую годнасць і адпаведнае прозвішча – Палацінскі (з назвы рэчкі Палаты). Атрымаў таксама герб, на якім была намаляваная рука з паходняй, прабітая стралой.

Занялося полымя і ў іншых месцах. І на сцены, заахвочваная самім каралём, кінулася венгерская пяхота. Пайшлі ў наступ іншыя харугвы. Аднак у першы дзень штурму вызваліць горад не дазволіў пажар на ўмацаваннях і супраціў гарнізона.

За ноч маскоўцы здолелі патушыць агонь. Але назаўтра распаленымі ядрамі зноў атрымалася запаліць сцены ў многіх месцах. Пачаўся вялізны пажар, бачны на дзясяткі кіламетраў вакол. Да таго ж артылерыя літаральна засыпала стральцоў ядрамі. На сцены зноў і зноў па штурмавых лесвіцах падымаліся нашы ваяры. І маскоўскі гарнізон завагаўся. Стральцы запатрабавалі ад сваіх ваяводаў спыніць супраціў. Тыя спачатку не згаджаліся, кажучы: «Баімся не злосці Сцяпанавай, а гневу царскага». Але не яны ўжо былі гаспадарамі сітуацыі. І 30 жніўня вымушаныя былі скласці зброю.

Так літаральна за трое сутак актыўных і бесперапынных штурмаў было скончана з маскоўскім супрацівам.

Акрамя ваенных поспехаў, Стэфан Баторый запомніўся як дзяржаўны дзеяч, які імкнуўся да росквіту ВКЛ.

Граматай ад 29 ліпеня 1579 абвясціў, што Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае з'яўляюцца раўнапраўнымі дзяржавамі ў складзе федэратыўнай дзяржавы, таксама абавязаўся захоўваць самастойнасць ВКЛ, пашыраць яго межы, не прызначаць літоўскімі вайскаводамі палякаў, агульныя соймы склікаць паводле чаргі, то ў Вялікім Княстве, то ў Кароне

Прывілеем ад 1 красавіка 1579 ператварыў Віленскі езуіцкі калегіум у акадэмію. Таксама выдаў дазвол на заснаванне езуіцкага калегіума ў Полацку (1581), Рызе (1580) і Дорпаце (1584). Яму належыць ініцыятыва адкрыцця езуіцкага калегіума ў Гародні.

Сваю рэзідэнцыю Стэфан Баторый трымаў у Гародні, у Старым замку. Тут ён прымаў пасольства маскоўскае (1581), ангельскае (1584), правёў раду сенатараў для разгляду дамаганняў Швэцыі (1582). Гараджанам надаў пэўныя льготы, выдаў прывілей для саборнай Прачысценскай царквы. Пры ім у Гародні праходзіў кожны трэці сейм.

Як кароль Польшчы пайшоў на значныя саступкі шляхце, падтрымліваў езуітаў. Замест каралеўскага суда як найвышэйшай судовай інстанцыі зацвердзіў шляхецкія выбарныя трыбуналы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках