29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь падпісала з Расеяй пагадненне па пастаўках нафты

5
Беларусь падпісала з Расеяй пагадненне па пастаўках нафты

Чаму гэта пакуль мала што значыць?

Менск узгадніў з Масквой індыкатыўны баланс паставак расейскай нафты ў 2020 годзе ў аб'ёме 24 млн тон. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце канцэрна «Белнафтахім». Аднак напраўду гэта не значыць, што Беларусь і Расея знялі ўсе нафтавыя пытанні.

На гэты год баланс падпісаны таксама на 24 млн тон. Гэта максімальна магчымы аб'ём, які два нафтаперапрацоўчыя заводы - у Мазыры і Наваполацку - могуць перапрацаваць. Але ў апошнія гады НПЗ перапрацоўвалі 16-21 млн тон нафты ў год, піша tut.by.

Напрыклад, сёлета Беларусь атрымлівае з Расеі для перапрацоўкі 18 млн тон нафты. Яшчэ 6 млн тон «праходзіць мытнае афармленне», а мыты з гэтага аб'ёму ідуць у беларускі бюджэт. Такая схема была ўзгодненая бакамі ў красавіку 2017 года, каб кампенсаваць высокія кошты газу для Беларусі. Дамоўленасць заканчваецца сёлета.

У беларускім бюджэце на наступны год закладзены страты ў 951 млн рублёў (423,6 млн даляраў) ад «спынення тэрміну дзеяння дамоўленасцей з Расейскай Федэрацыяй у нафтагазавай сферы». У лістападзе першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў паведаміў, што дамоўленасць з Расеяй пра падаўжэнне «мытнага афармлення» пакуль не дасягнутая.

У адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Расеі ў баланс могуць уносіцца змены да 15 лістапада таго года, на які ўзгоднены баланс, гаворыцца ў паведамленні «Белнафтахіму». Іншых падрабязнасцяў не прыводзіцца.

Сёння, 12 снежня, старшыня канцэрну Андрэй Рыбакоў патлумачыў журналістам, што фактычны аб'ём перапрацоўкі ў 2020 годзе будзе складацца, зыходзячы з штомесячных і квартальных графікаў. Гэта значыць рэгулятар і заводы будуць глядзець на эканамічную эфектыўнасць перапрацоўкі.

Цяпер Менск хоча атрымаць ад Расеі кампенсацыю за падатковы манеўр, які прывядзе ў 2024 году да сусветнага кошту нафты для Беларусі. Цяпер сыравіна абыходзіцца для Беларусі на 20% ніжэй за сусветны кошт. Страты для Беларусі за 5 гадоў ацэньваюцца ў 9-10 млрд даляраў пры кошце 60-70 даляраў за барэль.

Паводле вынікаў перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 7 снежня ў Сочы пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка паведаміў, што пытанне з кампенсацыяй можа быць цалкам вырашана пасля ўніфікацыі падатковых заканадаўстваў дзвюх краін. Аднак каб сітуацыя найбліжэйшыя два гады істотна не пагоршылася для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, улады Беларусі і Расеі знайшлі варыянты, якія дазволяць часткова кампенсаваць страты беларускага боку ад падатковага манеўру. Між іншым, са слоў дыпламата, гаворка ідзе пра перагляд цэнаўтварэння нафты для беларускіх НПЗ і выплату прэмій расейскім нафтавым кампаніям. Пакуль бакі не падпісалі пагадненне на гэты конт. А ад цаны залежыць і аб'ём перапрацоўкі нафты.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках