28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць фактаў пра бізнэсмэна, абвінавачанага ў хабары на $ 1 мільён паводле «справы Уцюрына»

4
Пяць фактаў пра бізнэсмэна, абвінавачанага ў хабары на $ 1 мільён паводле «справы Уцюрына»

Ягоная кампанія працавала з буйнымі дзяржустановамі.

У пачатку снежня КДБ паведаміў пра заканчэнне папярэдняга расследавання крымінальнай справы паводле фактаў карупцыі пры пастаўках у краіну тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп'ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння.

Самым вядомым фігурантам, якога абвінавачваюць у атрыманні хабару, з'яўляецца Андрэй Уцюрын, нядаўна намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі. Паведамляецца, што ён мог атрымаць не менш за 190 000 даляраў.

А вось сярод тых прадстаўнікоў бізнэсу, якіх абвінавачваюць у даванні хабару, вылучаецца Уладзімір Жылін, якога КДБ назваў фактычным кіраўніком ТАА «Мабільны сэрвіс». Паводле звестак следства ён перадаў карупцыянерам не менш як 900 тысячаў даляраў!

UDF.BY апавядае, што вядома пра гэтага бізнэсмэна.

Афіцыйна працаваў дырэктарам «Мабільнага сэрвісу»

Акрамя паведамлення КДБ на сёння няпроста знайсці пацверджання таго, што Уладзімір Жылін стаіць за кампаніяй ТАА «Мабільны сэрвіс». Але на стыку 2000-х і 2010-х ён афіцыйна працаваў дырэктарам кампаніі.

Калі нечакана быў прыняты ўказ прэзідэнта №60, які запатрабаваў ад беларускіх інтэрнэт-правайдараў захоўваць усю інфармацыю пра дзеянні карыстальнікаў у сетцы, Уладзімір Жылін апавядаў, як пастаўшчыкам інтэрнэт-паслуг можна выйсці з гэтай цяжкай сітуацыі.

Ягоная кампанія працавала з буйнымі дзяржустановамі

ТАА «Мабільны сэрвіс» было зарэгістраванае ў Менску ў 2001 годзе і займалася тэхналагічным удасканаленнем сэрвісу інтэрнэт-правайдараў.

Пазней кампанія пачала ўсталёўваць абсталяванне для базавых станцый аператараў Velcom і МТС.

У 2010-я «Мабільны сэрвіс» стаў пастаўляць інжынерныя ідэі для шэрагу дзяржаўных аб'ектаў рэспубліканскага маштабу: Міністэрства эканомікі, Вярхоўнага суда, Мытнага камітэта, аб'ектаў чэмпіянату свету ў хакеі 2014 года.

ААЦ пазбавіў ягоную кампанію ліцэнзіі

Але не варта думаць, што ў «Мабільнага сэрвісу» стасункі з уладамі заўсёды былі гладкімі. У 2015 годзе Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнту пазбавіў кампанію ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці ў тэхнічнай і (або) крыптаграфічнай абароне інфармацыі.

Падставай для гэтага сталі вынікі праверкі, падчас якой высветлілася, што на дату выканання ў дзяржарганізацыях працаў, у ТАА неаднаразова адсутнічала ўзгадненне з боку ААЦ. Што з'яўляецца грубым парушэннем заканадаўства.

Прадстаўнік ягонай кампаніі пісаў яўку з павіннай у КДБ

Некалькі месяцаў таму ў Менску пачаўся суд, дзе фігураваў іншы прадстаўнік «Мабільнага сэрвісу». Крымінальная справа пачалася з таго, што супрацоўнік кампаніі Дзмітрый Кім напісаў заяву на імя старшыні КДБ, у якой апавёў пра даванне хабару былому супрацоўніку Галоўнай гаспадарчай управы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Яўгену Несцяровічу, а таксама супрацоўнікам мытні і Беларускай валютна-фондавай біржы.

Нельга выключаць, што з гэтай заявы пачалася і справа, у якой цяпер фігуруе Уладзімір Жылін.

Ягоная дачка некалькі разоў удзельнічала ў нацыянальным адборы на дзіцячую «Еўравізію»

Праўда, ні разу ў беларускім конкурсе так і не перамагла, хоць з'яўляецца салісткай Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Мулявіна, дзе займаецца пад кіраўніцтвам Святланы Стацэнкі, выхаванцы якой дамагаліся вялікіх поспехаў на дзіцячай «Еўравізіі».

Уладзімір Жылін актыўна хварэў за дачку і дэталёва разбіраўся ў працэсе адбору на еўрапейскі конкурс.

Нагадаем, што пасля затрымання Уцюрына шэраг Telegram-каналаў і СМІ заявілі, што намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі быў затрыманы паводле падазрэння ў падрыхтоўцы замаху на Лукашэнку і ягоную сям'ю.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках