25 красавiка 2024, Чацвер, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У гісторыі з скасаваннем канцэрта Іглесіяса ў Менску з'явілася прадаўжэнне

4
У гісторыі з скасаваннем канцэрта Іглесіяса ў Менску з'явілася прадаўжэнне
ФОТА: FACEBOOK.COM/ENRIQUE

Канцэрт можа адбыцца?

Магчыма, у Менску ўсё ж такі адбудзецца канцэрт Энрыке Іглесіяса, хай і не ў найбліжэйшы час. У гэты момант мэнэджмэнт артыста вядзе перамовы з шэрагам беларускіх прамоўтараў наконт гэтага выступу. Ці будуць дзейнічаць набытыя раней квіткі, пакуль пытанне, але хутчэй за ўсё – так, піша afisha.tut.by.

Арганізатар канцэрта Іглесіяса – балгарская кампанія ArtBG – знікла, таму грошы за скасаванае мерапрыемства менчукам да гэтага часу не вярнулі. Квіткі на івэнт каштавалі ад 93 да 354 рублёў. Тым не менш высветлілася, што прадстаўнікі артыста і беларускія прамоўтары ўсё яшчэ зацікаўленыя ў правядзенні менскага канцэрта і спрабуюць знайсці аптымальны варыянт.

Хто будзе гэтым займацца?

Журналісты пагутарылі з адным з менскіх прамоўтараў, які патэнцыйна можа выступіць арганізатарам будучага канцэрту. Літаральна некалькі дзён таму на яго выходзілі агенты артыста і пыталіся пра гатоўнасць уключыцца ў працэс: усё ж такі пацярпелых вельмі шмат (блізу чатырох тысячаў чалавек), ды і скасаванне некалькіх канцэртаў у Еўропе – пэўная страта іміджу Энрыке. Больш за тое, акрамя канкрэтна гэтага беларускага прамоўтара ў дыялогу з мэнэджмэнтам артыста знаходзяцца яшчэ некалькі ўдзельнікаў рынку, якія гатовыя падхапіць арганізацыю менскага канцэрта Іглесіяса. Цяпер ідуць перамовы, але пакуль ніхто не рабіў афіцыйных заяваў, хто будзе гэтым займацца і ці будзе.

Мяне пусцяць на канцэрт Іглесіяса са старым квітком, калі ён усё ж такі адбудзецца?

Сітуацыя і праўда не з простых. Арганізатарам трэба будзе запускаць новы продаж квіткоў – што будзе са старымі квіткамі, спрагназаваць складана. Але, хутчэй за ўсё, калі вы набывалі квіткі на мінулы канцэрт, то зможаце патрапіць і на гэты – бо, як падкрэсліваюць удзельнікі рынку, калі мерапрыемства і будзе праводзіцца, то дакладна не з жадання зарабіць на ім. Гэта хутчэй патрэба згладзіць сітуацыю, у якой пацярпелі некалькі тысячаў чалавек. У пэўным сэнсе гэта вымушаны крок, каб праз праблемы з вяртаннем сродкаў на адзін канцэрт не пахіснуўся давер да ўсёй і без таго невялікі беларускай event-індустрыі. Але варта падкрэсліць, што людзі, якія цяпер вядуць перамовы з артыстам, у сутнасці, не маюць абавязальніцтваў перад тымі гледачамі, якія ўжо набылі квіткі.

Аднак канцэрт немагчыма будзе правесці, калі артыст не пойдзе на пэўныя саступкі. Заплаціць ганарар паўмільёна даляраў і пры гэтым бясплатна прапусціць на выступ некалькі тысячаў чалавек – расклад фантастычны. Добраахвотна падпісвацца пад мерапрыемствам, якое прынясе некалькі сотняў тысячаў даляраў стратаў, наўрад ці захоча хоць адзін з прамоўтараў. Ці пойдзе на кампраміс артыст і ці пагодзіцца панізіць свой ганарар, афіцыйна пакуль не вядома. Калі не, з вялікай верагоднасцю ў 2020 годзе менскі канцэрт усё ж не адбудзецца.

Куды падзеліся грошы за скасаваны канцэрт?

Дырэктар кампаніі Kvitki.by Аляксандр Касінскі паведаміў, што ў канцы кастрычніка іх кампанія перавяла балгарскаму арганізатару ArtBG 100 тысячаў даляраў, якія паводле кантракту павінны былі быць пералічаныя артысту. Усяго беларусы перадалі балгарам парадку 180 тысячаў даляраў. Пакуль што прадстаўнікі Іглесіяса не адказалі, ці атрымліваў спявак гэты аванс, але ў выпадку чаго гэтыя сродкі маглі б стаць перадаплатай за будучы канцэрт у Менску, каб хоць неяк паменшыць затратную частка.

Тыя 114 тысячаў рублёў з продажу квіткоў, якія аператар Kvitki.by не паспеў перавесці старому арганізатару, юрыдычна ўсё яшчэ належаць ArtBG, так што яны не могуць быць перададзеныя новаму прамоўтару. Менчукі змогуць вярнуць іх толькі праз суд, чакаем падрабязнасцяў.

Прадстаўнікі Kvitki.by выказаліся, што ў выпадку правядзення канцэрта ў Менску яны гатовыя не браць з пакупнікоў камісію і працаваць бясплатна. Нагадаем, што аператар квіткоў у гэтай сітуацыі – толькі пасярэднік, сэрвіс, які дазваляе пакупніку перавесці грошы прадаўцу, ён не мае дачынення да арганізацыі канцэрта.

А што з кампаніяй, якая знікла з грашыма?

Балгарская кампанія ArtBG, якая займалася турам Іглесіяса і ў тым ліку арганізацыяй менскага выступу 3 снежня, у лісце беларускім партнёрам абвесціла сябе банкрутам. Праз банкруцтва арганізатара канцэрт у сталіцы і скасавалі. Паводле паведамленняў крыніцаў, да гэтага Іглесіяс і ArtBG ужо некалькі гадоў працавалі разам, у дырэктара кампаніі і артыста былі блізкія стасункі.

У ГУУС паведамілі, што паводле гэтай справы ўсё яшчэ праводзіцца праверка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках