29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэсць парадаў, дзе ў Беларусі сустрэць Новы год

5
Шэсць парадаў, дзе ў Беларусі сустрэць Новы год

Гатовыя інструкцыі для святкавання Новага года і Калядаў ад беларускіх журналістаў з розных выданняў.

У пушчы

Дзмітрый Новікаў, галоўны рэдактар часопіса «Большой»:

– Я раіў бы сустрэць Новы год у Налібоцкай пушчы. Можна пайсці ў сядзібу «Налібоцкія васількі» або да Вадзіма Сідаровіча. Ён ведае ў пушчы ўсе сцежкі і водзіць людзей шукаць ваўкоў, усё пакажа і раскажа, прыемны дзядзька. На ваўкоў, праўда, часу ў мяне не было: можна суткамі хадзіць, каб іх сустрэць.

Прафесар, доктар біялагічных навук Вадзім Сідаровіч ужо блізу 30 гадоў даследуе ваўкоў у сваёй сядзібе ў Налібоцкай пушчы.

Пакуль няма снегу, можна паехаць на роварах шукаць зуброў, яны там цягаюцца па пушчы і іх шмат, я асабіста бачыў. Можна на байдарках плаваць, можна ў лазню хадзіць. Самае галоўнае – у пушчу залез і сядзі: няма людзей і класна.

Таксама адтуль можна выскачыць у Любчанскі замак, ці паехаць у Мір або Навагрудак. Ідэальнае месца. І ад Менска недалёка, – апавёў журналіст «Белсату».

У Крэве

Сяргей Гапон, фатограф «Agence France-Presse»:

– На каталіцкае Раство можна схадзіць у Крэва і далучыцца ўвечары да кампаніі калядоўнікаў. Гэта якасная рэканструкцыя: тут не будзе Дзеда Мароза ці Бабы Ягі, як гэта часам у нас здараецца ў іншых кутках. Будзе, вядома, Каза, Мядзведзь са Смаргонскай акадэміі, які ўмее танцаваць, спяваць і паказваць акрабатычныя прыёмы, а таксама крэўскі Габрэй. І калі Каза будзе браць і чапляць сабе на рогі ўсё без разбору – і апельсіны, і мандарыны, – то Габрэй будзе пераборлівым, ды яшчэ паглядзіць, наколькі добры будзе кавалачак сала.

Усё іншае будзе залежаць ужо ад тых людзей, якія прыйдуць у Крэва. Мястэчка канечне падорыць шыкоўную атмасферу.

Пры жаданні можна павадзіць карагоды вакол крэўскай ялінкі. Летась Новы год вакол яе сустракаў дзясятак «дызайнерскіх» снегавікоў, зробленых мясцовымі жыхарамі. Калі гэты год будзе са снегам, то, магчыма, іх можна будзе ўбачыць зноў.

У Крэве складана з начаваннем. Найбліжэйшае месца можна паспрабаваць знайсці ў Гальшанах або ў Смаргоні. Там даволі прымальныя кошты – блізу 30 рублёў за ноч.

У Крэве ёсць кавярня «Уют» (вуліца Смаргонская, 4. Прымеркаваная на 30 чалавек. – заўвага «Белсат»), дзе можна загадзя замовіць святочную вячэру: ягоная гаспадыня, Ірына, працуе паводле папярэдніх замоваў.

У этнічным стылі

Лілія Кобзік, галоўная рэдактарка газеты «Турызм і адпачынак»:

– Сярод нетрывіяльных месцаў для сустрэчы Новага года ў нас застаюцца аграсядзібы: яны ўвесь час прыдумляюць новыя цікавыя праграмы – на кожны год, для кожнага чалавека.

Некалькі гадоў таму на іх былі «наезды», што прапануюць мала этнічнага – адны банкеты, карпаратывы і вяселлі. І яны цяпер выпраўляюць сітуацыю. Калі раней гэта была проста сялянская абстаноўка, то цяпер яны вяртаюцца да вытокаў класічнага агратурызму, прапануюць нешта этнічнае і лакальнае. На Лепельшчыне будзе свой каларыт, на Браслаўшчыне – свой.

Пасядзець за сталом з аліўе і шампанскім – гэтага ўжо занадта мала. Трэба каб забаўлялі, каб быў нейкі сцэнар, і аграсядзібы імкнуцца ў навагоднюю ноч зрабіць цікавы стол і нейкую анімацыю – з мясцовым Дзедам Марозам у выглядзе Зюзі, з Дзедам і Бабай і іншымі нашымі персанажамі.

Уласнікі аграсядзібаў робяць разлік не толькі на беларусаў, але і на замежнікаў – расейцаў, палякаў, ізраільцянаў, амерыканцаў, канадцаў, якія прыязджаюць да нас на Новы год. Іх трэба ўразіць. Цяпер пануе інтэрнэт: водгукі – гэта ўсё. Людзі адпачываюць, а потым ставяць плюсы і мінусы. Таму сядзібы зацікаўленыя ў тым, каб дадаваць больш этнікі – таксама і ў навагоднюю ноч.

Далей ад гарадоў

Антон Трафімовіч, журналіст радыё «Свабода»:

– Пасля ўсіх падарожжаў за мяжой і ў Беларусі я зразумеў, што самае крутое ў нашай краіне – прырода.

У ідэальным варыянце – паездка чым далей ад вялікіх гарадоў. Два месцы, якія адразу прыходзяць у галаву – Блакітныя азёры ў Мядзельскім раёне і Белая Царква каля Навалукомля.

Белая Царква – гэта такое месца сілы. Ужо проста знаходзячыся там, адчуваеш нейкае свята. Мне здаецца, у навагоднюю ноч ці на Каляды гэта было б сапраўды прыкольна.

Лепш загадзя забраняваць нейкае жыллё дзесьці ў ваколіцах, каб можна было пераначаваць. Ну, і машына абавязкова патрэбная, таму што туды цяжка дабрацца грамадскім транспартам. Але яно абсалютна таго каштуе.

Заставацца ў навагоднюю ноч на вуліцы – можа здацца экстрэмальным, але гэта вельмі добра, асабліва калі захапіць з сабой блютуз-калонку з любімымі трэкамі і трошкі сагравальных рэчываў.

Варыянт выбрацца кудысьці недалёка ад Менска – Менскае мора. Я неяк сустракаў там Новы год з сябрамі. Яно было такое здаравеннае, што было адчуванне, быццам бы знаходзішся на сапраўдным моры. Гэта было адно з самых крутых святкаванняў: недалёка ад горада, лес і змёрзлая вада.

У іншых гарадах гэта можа быць любы вадаём паблізу.

У Гародні ці Пінску

Антон Кашлікаў, галоўны рэдактар «34travel»:

– Мне здаецца, лепш за ўсё адзначаць Новы год у Гародні: гэта жывы, вясёлы горад, дзе будзе прыемна прайсціся па шматлікіх кавярнях раніцай першага студзеня.

Я за тое, каб мы развівалі ўнутраны турызм і ездзілі ў невідавочныя месцы: напрыклад, у Пінск – выдатны, са сваёй культурай, рухам. Там таксама будзе класна правесці першыя дні новага года.

У цягніку

Жэня Манцэвіч і Верасень, стваральнікі сайта «Downshifter.by»:

– Выкупляеш на навагоднюю ноч купэ цягніка «Брэст – Віцебск» і едзеш. Каштуе капейкі – дом зняць даражэй. З'явіліся «Штадлеры», і ў Беларусі паціху знікаюць плацкартавыя і купэйныя вагоны, таму гэта, можна сказаць, апошні шанец выпіць з правадніцай: у навагоднюю ноч міліцыянты наўрад ці прыйдуць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках