17 красавiка 2024, Серада, 0:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Бабруйскам аграгаспадарка «пахавала» ў полі 32 тоны бульбы

22
Пад Бабруйскам аграгаспадарка «пахавала» ў полі 32 тоны бульбы

Падобная сітуацыя – ва ўсіх калгасах.

На YouTube з'явілася відэа, у якім невядомы блогер абвінавачвае ААТ «Неўскі-Агра» ў халатнасці. 4 снежня гаспадарка вывезла на поле каля вёскі Кавалі Бабруйскага раёна гнілую бульбу. Праз некалькі дзён, як сцвярджае аўтар роліка, супрацоўнікі сельгаспрадпрыемства зааралі надзел разам з клубнямі – і такім чынам нібыта замаскавалі сляды безгаспадарчасці замест таго, каб скарміць бульбу каровам. Гаворка, як сцвярджае аўтар відэа, ідзе пра тоны згноенай гародніны.

Пакладаў гнілой бульбы на полі каля малочна-таварнага комплексу ўжо няма. Кіроўца грузавіка, прыпаркаванага побач з фермай, пацвердзіў: цяпер ужо і не знойдзеце. Але нічога тлумачыць не захацеў. А вось галоўны аграном ААТ «Неўскі-Агра» Аляксандр Мельнік у размове з tut.by прызнае: гнілыя клубні сапраўды вывезлі ў поле і зааралі разам з гноем.

– У агульнай колькасці – прыкладна 32 тоны, – дадаў ён, адзначыўшы, што гаворка ідзе пра бульбу, якую «нават на корм выкарыстоўваць ужо нельга было».

Шкоды глебе ад гэтага, падкрэсліў аграном, ніякай. Зрэшты, карысці таксама асаблівай няма: разглядаць гнілую бульбу як угнаенне, паводле ягоных словаў, не варта. Заворванне – проста найбольш эканомны спосаб яе ўтылізацыі.

Фермер Уладзімір Бегуноў, чыя гаспадарка «Міхалёва» размешчаная непадалёк, кажа: бульбу ён сам вырошчвае даўно, але ўпершыню сутыкаецца з тым, каб клубні ўтылізавалі на полі.

– Ды ніколі такога не было! Гэта, я вам скажу, бульбачкай проста ніхто не хоча займацца – прасцей вывезці і закапаць. У «Неўскім-Агра» дык увогуле не павінна быць праблемаў – у іх на ферме ёсць бычкі, якім гэтую бульбу можна скарміць.

Бульба, паводле ягоных словаў, гніе ва ўсіх гаспадарках, і гэта – натуральны працэс. Але калі своечасова яе перабіраць, то падгнілыя клубні можна выкарыстоўваць у якасці корму, што асабіста ён і практыкуе.

– Каровам не падыдзе, а вось бычкам даваць можна.

У Бабруйскім райвыканкаме пра сітуацыю з гнілой бульбай у ААТ «Неўскі-Агра» ведаюць. Кіраўнік управы сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Бязручкін кажа, што проста ў гэтым годзе сельгаспрадпрыемства на спробу вырасціла гатунак, які, як высветлілася, вельмі дрэнна захоўваецца.

– Перад закладкай бульба гатункуецца, перабіраецца. Калі ёсць гнілата, то, натуральна, яна выкідваецца. Ці мы вывезем такую бульбу ў ямы з гноем, дзе яна праляжыць некалькі месяцаў, а потым адправіцца на поле, ці адразу заарэм і скароцім выдаткі.

У выпадку з ААТ «Неўскі-Агра», кажа ён, падгніло 32 тоны гародніны. Лік здаецца велізарным – а на самай справе гэта ўсяго 1% ад ураджаю бульбы ў гаспадарцы, дзе сёлета было сабрана 3 тысячы тонаў гэтай сельгаскультуры.

– У гаспадарцы штодня перабіраюць бульбу і адпраўляюць на продаж. Думаю, за два-тры тыдні яны ўсё астатняе прададуць.

Што тычыцца выкарыстання падгнілай бульбы для корму каровам і бычкам, то Дзмітрый Бязручкін перакананы: рабіць гэта ні ў якім разе нельга.

– Ім жа і звычайную бульбу можна толькі часам дадаваць у корм, а пра гнілую і гаворкі быць не можа.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках