29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бос «Менска» не разумее логіку кіраўніцтва АБФФ

4
Бос «Менска» не разумее логіку кіраўніцтва АБФФ

Функцыянер упэўнены, што ў «вышцы» павінны быць абедзве каманды.

Менскае «Дынама» па-ранейшаму шукае інвестара, але пакуль належыць Менгарвыканкаму. Дакладна так, як і футбольны клуб «Менск». Аднак рэгламент АБФФ забараняе выступ у найвышэйшай лізе дзвюх камандаў, якія належаць аднаму ўладальніку. Як быць у такой сітуацыі? Пра спосаб развязання пытання выказаўся кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў: «гараджанаў» проста апусціць у першую лігу, бо яны закончылі сезон-2019 ніжэй у табліцы, чым «Дынама»: на дзявятым радку супраць чацвёртага ў «бела-блакітных».

Натуральна, такая заява Базанава не пакінула абыякавым старшыню ўправы «Менска» Ігара Шлойда. І функцыянер выказаў «Трыбуне» свой пункт гледзішча наконт далейшага лёсу клуба.

– Зыходзячы з назвы нашага клуба вынікае, што мы – дзяржаўная ўстанова, мы падпарадкоўваемся Менгарвыканкаму. І ён мае права вызначаць лёс сваіх клубаў. Калі сёння гарвыканкаму належыць «Менск» і «Дынама», там вызначаць, каму быць, каму не быць у найвышэйшай лізе. Там, мяркую, сядзяць адказныя людзі, дасведчаныя, і яны вызначаць, дзе і каму гуляць. І мы скорымся пастанове ўладаў. Мы гатовыя да любога зыходу.

Натуральна, у нас ёсць сваё меркаванне. «Менск» заняў дзявятае месца ў сумленнай барацьбе, нічога не парушаючы. Наш клуб – адзін з нешматлікіх у Беларусі, які за апошнія гады вельмі многае даў нашаму футболу, пастаўляе гульцоў у асноўныя каманды краіны. І ў БАТЭ ёсць нашы выхаванцы, і ў берасцейскім «Дынама», і ў менскім. У апошні час гуляюць футбалісты «Менска» за нацыянальную зборную Беларусі. Сёлета выступілі Бахар і Шаўчэнка. Упэўнены, і федэрацыя не хоча страціць клуб, які апошні час рэгулярна пастаўляе таленавітых футбалістаў.

У любым выпадку, датычна заявы кіраўніка АБФФ, лёс і «Менска», і «Дынама» будзе і павінна вызначаць кіраўніцтва горада. І гэта правільна, мяркую. Не федэрацыя павінна вызначаць, як нам жыць і дзе гуляць. У АБФФ ёсць рэгламент, хай ідуць згодна з ім. А астатняе вызначае ўладальнік клуба – Менгарвыканкам.

– Згодна з рэгламентам, у дадзенай сітуацыі «Менск» не ў пераможным становішчы.

– Так, зыходзячы з рэгламенту. Але ва ўсіх пытаннях жыццядзейнасці мы падпарадкоўваемся Менскаму гарадскому выканаўчаму камітэту. Ён наш гаспадар, ён нас утрымлівае. Як прымуць там пастанову, так «Менск» і зробіць. У першую – у першую. Не гуляць увогуле – не будзем гуляць. Застанемся ў найвышэйшай лізе – будзем выступаць у найвышэйшай.

– Калі вас абавязваюць перайсці ў першую лігу, не будзеце адстойваць сваю пазіцыю?

– Ёсць гаспадар клуба, які і прыме пастанову, каму – «Менску» або «Дынама» – гуляць у найвышэйшай лізе.

– «Гараджане» падпарадкуюцца любой пастанове сталічных уладаў?

– А як я магу не паслухацца? Абавязкова. Я ж не нейкая прыватная кантора. Мы – дзяржаўная арганізацыя. Упэўнены, у Менгарвыканкаме спытаюць наша меркаванне, бачанне сітуацыі. Там працуюць пісьменныя адказныя людзі, якія прымуць узважаную пастанову.

– У такой сітуацыі пэўныя козыры ёсць і ў «Дынама», і ў «Менска». «Дынама» – гэта флагман, змагаецца за медалі, выступае ў еўракубках. Але «Менск» выхоўвае маладых перспектыўных гульцоў. Што важнейшае?

– Напэўна, і тое, і іншае. Важна абараняць гонар краіны на дастаткова высокім узроўні, але рабіць гэта цяжка, не маючы падпіткі ў асобе таленавітых маладых футбалістаў. Так што і вектар, абраны «Менскам», таксама вельмі важны. Я за тое, каб «Дынама» жыло, квітнела і цешыла сваіх заўзятараў. Паводле беларускіх мерак, у іх вялікая армія прыхільнікаў. Гэты клуб патрэбны. Але патрэбен сёння і «Менск». Наш клуб за час, што гуляе ў найвышэйшай лізе, зрабіў вельмі шмат. Мы гуляем сумленна, сваімі выхаванцамі. Займаем у беларускім футболе пэўную нішу і свае задачы выконваем. Упэўнены, абодва клубы павінны гуляць у найвышэйшай лізе.

– Але рэгламент гэтага не дазваляе...

– Значыць, напэўна, трэба мяняць рэгламент, знаходзіць іншыя выхады з сітуацыі. Але зачыніць клуб або адправіць яго ў іншую лігу – гэта самы просты варыянт.

– «Дынама» цяпер шукае інвестара. Вы спадзеяцеся, што клуб знойдзе яго і пытанне пераводу «Менска» ў першую лігу адпадзе?

– Няхай, вядома, знойдзе клуб сабе добрага магутнага спонсара, які падыме «Дынама» на новыя вышыні. Я не супраць. У чэмпіянаце мы канкурэнты, але ўсё роўна ставім перад сабой розныя задачы. Мы не змагаемся за медалі, не імкнёмся скінуць чэмпіёна. Можа, калі-небудзь і задумаемся пра гэта. Але не цяпер. А менскае «Дынама» заўсёды ставіць такія задачы – стаць чэмпіёнам. Мы не супраць гэтага. Ды і нельга пазбаўляць заўзятараў задавальнення сачыць за «Дынама», за «Менскам». Гэта самае галоўнае.

– Уявім такую сітуацыю. «Дынама» не знаходзіць інвестара і застаецца пад крылом Менгарвыканкама. «Менск» апускаецца ў першую лігу. І ў такім разе не мае права вяртацца ў найвышэйшую?

– Бачыце, адно пытанне чапляе іншае. Мы будзем гуляць у першай лізе, і я буду наўмысна хлапцоў арыентаваць на месца, якое не дазваляе выйсці ў эліту. А раптам у нас будзе каманда, якая здольная будзе змагацца за першае месца? Але каб не было неспадзяванак, мне што, трэба казаць гульцам, каб яны не перамагалі ў тым ці іншым матчы? Мы наўмысна саступім – чэмпіёнам стане іншы калектыў. Незаслужана. Ці мы павінны гуляць па-за залікам? Як да нас будуць ставіцца? Так мы па-за залікам можам і патрэніравацца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках